На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка сказаў, што не ўяўляе, як можна кіраваць велізарнай Расеяй. Сапраўды, кампактная Беларусь непараўнальна зручнейшая, каб усё трымаць пад каўпаком.

Але ў невялікай і ня надта багатай рэсурсамі краіне цяжка выбудаваць ідэальную дыктатуру. Як ні выкарчоўвай альтэрнатыву. Бо ў каардынатах сусьветнага рынку Беларусь — гэта малая адкрытая эканоміка. І сёньня яе жорстка выпрабоўваюць вонкавыя чыньнікі. Адзін толькі "магутны ўдар з усходу" чаго варты! І ад правілаў Усясьветнай гандлёвай арганізацыі не адкруцішся.

Таму і прагучала: нашу палітычную стабільнасьць "ужо ніхто не зломіць", а вось эканоміка, маўляў, раз-пораз падкідвае падставы для трывогі.

Выглядае на тое, што першы шок ад несяброўскіх коштаў на газ і нафту сапраўды прайшоў (толькі крыўда не згасае). Але ж эканоміка — рэч дастаткова інэрцыйная, нэгатыўныя трэнды вылузваюцца не адразу. Так што болей сур'ёзныя наступствы "ўдару з усходу" могуць вылезьці бокам празь нейкі час. Градыент падвышэньня коштаў на энэрганосьбіты не абяцае спакойнага жыцьця.

Пакуль што ў рэзэрве — кропкавы продаж "фамільнага срэбра". Улада не плянуе сыстэмных рынкавых рэформаў. Лукашэнка прызнаўся: атачэньне раіла яму пайсьці на такія крокі пад маркай падаражэньня энэрганосьбітаў. Але засьцярога абрынуць сыстэму, гэтая пэрманэнтная боязь эфэкту даміно, аказалася мацнейшай, чым спакуса запусьціць мэханізмы рынкавай трансфармацыі.

Мне падалося паказальным прызнаньне, што ў крытычныя моманты эканоміку даводзілася адпускаць ў вольны дрэйф, каб не нашкодзіць. То бок ёсьць адчуваньне, што дырыжызм ня лепшы мэтад, але ж, пакуль варункі дазваляюць, лепей трымаць усё ў кулаку.

Што ж да шырока рэклямаваных здабыткаў у пытаньні дывэрсыфікацыі энэргапаставак — то гэта вынік выключна рэактыўных дзеяньняў. Спахапіліся, калі прыпякло. І сёньня спадзевы ня столькі на тую дывэрсыфікацыю, колькі на ўлагоджваньне стасункаў з Масквою. Напрыклад, пад маркай абароны ад амэрыканскіх супрацьракетаў (дарма што рэальнай пагрозы яны не ўяўляюць).

Раман з Захадам ня вытанчыўся. "Мы гатовыя да дыялёгу, але без усялякіх ультыматымаў. Калі не — то не. У нас ёсьць іншыя партнэры". Пад ультыматумамі маецца на ўвазе ўсё тое, што тычыцца дэмакратызацыі. Іншыя партнэры — Вэнэсуэла, Іран, Эміраты, карацей "вялікая дуга" тых дзяржаў, лідэры якіх не "зацыкленыя" на правах чалавека. Што ж да Захаду, дык тут разьлік на ягоны прагматызм. Напрыклад, замова на праект АЭС — гэта мільярды эўра. Выбірайце: або эфэмэрныя прынцыпы, або жывыя грошы!

Карацей, лібэралы могуць расслабіцца. Сьвята на іхняй вуліцы ў агляднай пэрспэктыве не прадбачыцца. Выказваньні афіцыйнага кіраўніка ў пытаньнях дачыненьняў з апазыцыяй і незалежнай прэсай спадзеваў на адлігу не даюць.

Апазыцыі апрыёры адмаўляецца ў канструктыўнасьці. І рэч тут нават ня ў тым, што яна ўяўляецца найміткай Захаду. Рэч у мэнтальных чыньніках, у перакананьні, што ўлада заўжды мае рацыю, сама лепей ведае, што рабіць. Таму любыя заклікі тытульнай апазыцыі да супрацы выглядаюць марным лямантам у пустэльні. А любыя мадыфікацыі ейнай стратэгіі (ад рэвалюцыі — да эвалюцыі і г.д.) будуць заставацца экзэрсісамі для ўнутранага трэнінгу, пакуль яна, апазыцыя, ня стане ўяўляць сабой грознай сілы, зь якой мусіш лічыцца воленс-ноленс.

Да прэсы непрыхаванае патрабаваньне — ляяльнасьць. Зноў жа тут бачацца праблемы мэнтальнага, каштоўнаснага ўзроўню. Лёгіка цяперашняй улады жорстка вызначаецца яе звышзадачай — самазахаваньне любым коштам. Беларускае кіраўніцтва выказвае шчырае неўразуменьне што да дзівацкіх ўмоваў Эўразьвязу: ну як можна, напрыклад, прыграваць на грудзях зьмяю ў выглядзе непадкантрольнай прэсы?

Зь іншага боку, сам факт запрашэньня на прэсавую канфэрэнцыю некалькіх прадстаўнікоў недзяржаўных мэдыяў і адносна лагодны дыялёг зь імі ёсьць сымптомамі таго, што пэўны дэкор улада пакуль што, бадай, захавае. Вось вам, панове заходнікі, экзэмпляры рэдкіх відаў: жменька "нячэсных" пэрыёдыкаў і 400 (напералік, як зубры!) апазыцыйных "баявікоў":) Плюралізм грамадзкага жыцьця мае месца. Усё як у людзей!

Але падмурак сыстэмы, якім бы трывалым ён ні здаваўся, — гэта толькі выспа ў віраваньні сусьветнага рынку, глябальнае палітыкі ды інфармацыйных плыняў. Паступовая эрозія пад уплывам вонкавых чыньнікаў падаецца на сёньня самым імаверным сюжэтам. На нейкім этапе гэта можа сапраўды прывесьці да эфэкту даміно.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?