Наста Палажанка, намесьніца старшыні зарэгістраванага ў Чэхіі Маладога Фронту, распавяла, што на працягу дня з рознымі маладафронтаўцамі адбываюцца «дзіўныя рэчы».
На тэлефон Мікалая Дземідзенкі сталі паступаць паведамленьні з нумара іншага маладафронтаўца, Зьмітра Крамянецкага, у якіх прапаноўвалася сустрэцца ў мэтро. Пазьней высьветлілася, што Крамянецкі такіх паведамленьняў не адсылаў. Яго затрымала міліцыя, і з 15 гадзіны ён знаходзіцца ў Цэнтральным РУУС. Мікалай Дземідзенка свой тэлефон дзеля бясьпекі адключыў.
Таксама сёньня не адказвае тэлефон іншага маладафронтаўца Ўладзімера Яроменка. Да маладафронтаўца Рамана Васільева сёньня нехта спрабаваў трапіць у кватэру, аднак ён дзьвярэй не адамкнуў.
Прэвэнтыўныя затрыманьні маладафронтаўцаў напярэдадні важных грамадзка-палітычных падзеяў сталі звычайным мэтадам працы беларускіх праваахоўных органаў. На працягу апошняга году гэтых маладых людзей ня раз затрымлівалі і асуджалі на суткі. Кожны зь іх у 2012 годзе правёў на Акрэсьціна каля 100 сутак.