Ледзь цi не адзiным на Вiцебшчыне сапраўды беларускiм прадпрыемствам грамадскага харчавання, а разам з тым — асяродкам нацыянальнага побыту i традыцыйнай кухнi стала нядаўна адкрытае ў пасёлку Коханава Талачынскага раёна кафэ «На млыне».

Наведвальнiкаў тут заўжды шмат. Людзей вабяць сюды не толькi памяркоўныя цэны i ўтульны iнтэр'ер у стылi беларускай сядзiбы, але i чыста нацыянальнае меню i народная вопратка афiцыянтак. Адпавядае традыцыйнаму этнаграфiчнаму стылю i аздабленне кафэ: палатняныя фiранкi з чырвона-белым народным арнаментам, на палiцах — глякi, крынкi, самавары, хатнiя кансервы-закаткi з рознакаляровай гароднiнай, а таксама побытавыя прылады — калаўроты, старадаўнiя вугальныя прасы, гармонiкi ды iншыя знойдзеныя ў акрузе звыклыя для колiшняга вясковага жыцця рэчы.

I загадчыца кафэ Людмiла Жардзецкая, i афiцыянткi Вольга Баркоўская i Кацярына Ляшнеўская добра размаўляюць па-беларуску, што вельмi падабаецца наведвальнiкам, як гэта i прадугледжвалi фундатары кафэ з мясцовага прадпрыемства «Белтрубпласт».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?