21.09.2012 / 10:31

Адкрыты ліст дацэнта Чарнякевіча прарэктару Агіявец 41

«Акрамя самога А. А. Васіленкі, у кабінеце прысутнічаў прадстаўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі, які прадставіўся як «Сан Саныч».

Першаму прарэктару

Гродзенскага дзяржаўнага

ўніверсітэта імя Янкі Купалы

Агіявец С. У.

Адкрыты ліст

Паважаная Святлана Уладзіміраўна!

У панядзелак, 10 верасня, я быў тэрмінова выкліканы па тэлефоне начальнікам Цэнтра кадравай і прававой работы ГрДУ А. А. Васіленкам на размову. Прычыны для такой сустрэчы мне пры гэтым не патлумачылі. Акрамя самога А. А. Васіленкі, у кабінеце прысутнічалі кіраўнік аддзела бяспекі ўніверсітэта С. А. Рыбчанка і прадстаўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі, які прадставіўся як «Сан Саныч». Зусім нечакана асноўнай тэмай сустрэчы стаў мой удзел у працы аўтарскага калектыва па выданні падручніка «Гродназнаўства». Сама гутарка па форме хутчэй нагадвала допыт і не мела, на мой погляд, прамога дачынення да маіх прафесійных абавязкаў. На маё пытанне адносна прычыны такой павышанай цікавасці да кнігі, якая перад гэтым ужо двойчы выходзіла нават у выдавецтве самога ўніверсітэта, адказу атрымана не было. Такім самым чынам былі праігнараваныя і мае шматразовыя нагадванні адносна неабходнасці правядзення мною лекцыі, у выніку чаго я не здолеў своечасова патрапіць на заняткі ў корпус факультэта псіхалогіі.

Якое ж было маё здзіўленне, калі літаральна праз два дні пасля згаданай размовы ў тым жа самым кабінеце, у прысутнасці А. А. Васіленкі і С. А. Рыбчанкі мне прадставілі для азнаямлення ДВА (!) акты аб маёй адсутнасці на працоўным месцы падчас заняткаў. У першым выпадку я затрымаўся хвілін на пяць у дэканаце факультэта матэматыкі і інфарматыкі, удакладняючы расклад заняткаў, а ў другім затрымка складала яшчэ меншы час, прытым я сам папрасіў студэнтаў крыху пачакаць, маючы неабходнасць прыняць лекі (у актах тэрміны дадзеных спазненняў выраслі адпаведна да дзесяці і пяці хвілін). Такім чынам, дзвюх паперак, падпісаных асобамі, якія напярэдадні фактычна сарвалі мне занятак, хапіла для таго, каб я атрымаў заўвагу (першую за адзінаццаць гадоў працы) і быў звольнены.

З Гродзенскім універсітэтам мяне звязваюць амаль дваццаць гадоў вучобы і працы. Тут таксама вучыўся і працаваў мой бацька. Лічу, што я ніколі не даваў нагоды для таго, каб узнікалі сумневы ў маім прафесіяналізме. Хвіліна затрымкі на лекцыю напярэдадні ПЯЦІ параў запар тымі людзьмі, якія самі калісьці выкладалі, наўрад ці будзе разглядацца ў якасці нейкага злачынства.

Атрымліваецца, што адзінай прычынай таго, што здарылася, з’яўляецца выхад кнігі па гісторыі Гродна. Магу яшчэ раз падкрэсліць, што мне не сорамна за сваю працу. Ведаю, што Вы з самага пачатку былі ў курсе ўсёй справы і лічу сваё звальненне праявай абсурду, які вынікае з фармалізму і службовага імпэту асобных службовых асоб, вартага іншага ўжывання.

Шчыра разлічваю на перагляд рашэння і адмену зробленай мне заўвагі.

З павагай,

Дацэнт кафедры эканамічнай тэорыі ГрДУ, кандыдат гістарычных навук

Чарнякевіч Андрэй Мікалаевіч

21.09.2012

0
Вольга Стужынская / Адказаць
21.09.2012 / 10:43
Андрэй, трымайся! З вялікай павагай да тваёй працы, Вольга
0
к / Адказаць
21.09.2012 / 10:46
Прагнуліся начальнічкі пад чэкісцікаў, а пацярпеў ні ў чым не вінаваты чалавек.
0
Зэльвенец / Адказаць
21.09.2012 / 10:46
Гэта подлая "жыдамасонская змова". Вельмі шкада што так атрымалася, але пісаць ліст Гэтай па меншай справе бессэнсоўна, так як гэта узаемазвязаны ланцужок. Патрэбна падключаць грамадскасць, неабыякавых выкладчыкаў, студэнтаў, калі ўвогуле такія засталіся.
Паказаць усе каментары/ 41 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру