23.09.2012 / 09:50

«Выбары» ў палату прадстаўнікоў — анлайн пастаянна абнаўляецца 6

Усе намаганні лукашэнкаўцаў 23 верасня былі скіраваны на нейтралізацыю сапраўдных назіральнікаў.

19.50

Новая тэхналогія: да актыўных назіральнікаў падсаджвалі сексотаў

Паведамляе Юрый Салодкі. Інфармацыя са 104-й акругі (Мінск), участак № 449 (вуліца Сердзіча, 26.): Назіраюць двое хлопцаў (Антон Жылко і Станіслаў Рамановіч), паказваюць камісіі на недахопы ў працы (спроба выдачы бюлетэняў без дакументаў, няправільная арганізацыя галасавання па месцы жыхарства выбаршчыкаў і т.п.). У выніку, на ўчастак прыехалі двое маладых людзей (30–35 гадоў), паказалі нейкія пасведчанні камісіі і селі побач з назіральнікамі.

Правакуюць канфлікт, пастаянна затыкаюць рот назіральнікам, не даюць ўстаць з месца, пагражаюць, што разбяруцца пасля выбараў!

Новыя «назіральнікі» вельмі падобныя да шырока вядомых людзей у цывільным.

І па апошняй інфармацыі (18.35), адзін з «байцоў» піша заяву, што Антон Жылко (незалежны назіральнік) перашкаджае назіраць за выбарамі і просіць выдаліць яго з участку! Антон, дарэчы, налічыў ўсяго толькі 37% яўкі!

* * *

У выніку непасрэдна перад падлікам галасоў усіх пяць незалежных назіральнікаў выдалілі з участка.

19.24

Паведамляе Сяржук Бахун: Мяне, назіральніка на выбарчым участку № 373 г. Менску, выдалілі з ўчастка. Прычына: маўляў, нехта зрабіў здымак і размясьціў у інтэрнэце. Але ж што такога ў тым, што ёсць фота? І тым больш я ня маю ніякага дачыненьня да гэтага фота! Старшыня камісіі Скроцкая Сьвятлана Міхайлаўна па заяве «назіральніка"ад «Белай Русі» выдаліла мяне і яшчэ аднаго назіральніка з участка. Мне здаецца, што гэта зроблена з-за таго, што па дадзеных на 18.00 на маім участку прагаласавала 35%. Цяпер камісія можа напісаць любыя лічбы!

19:12

Парламенцкія выбары адбыліся ва ўсіх 110 выбарчых акругах Беларусі. Пра гэта паведаміў сёння журналістам сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

Паводле звестак на 18.00 у выбарах прынялі ўдзел 65,9% выбаршчыкаў. Такія дадзеныя размешчаны на афіцыйным сайце Цэнтрвыбаркама.

У Брэсцкай вобласці ўжо прагаласавалі 64,2% выбаршчыкаў, Віцебскай - 73,1%, Гомельскай - 68,9%, Гродзенскай - 67,1%, Мінскай - 67,2%, Магілёўскай - 72,5%, у Мінску - 53,6%, за мяжой - 61,6%.

У датэрміновым галасаванні, якое праходзіла з 18 па 22 верасня, прынялі ўдзел 25,9% выбаршчыкаў.

***

«Мы зрабілі ўсё, каб выбары дэпутатаў палаты прадстаўнікоў былі ацэнены станоўча з боку міжнародных назіральнікаў», — заявіла кіраўнік ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына 23 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Пры гэтым яна падкрэсліла, што «мы не прэтэндуем толькі на выдатную адзнаку, нас задаволіць і здавальняючая».

Ярмошына адзначыла, што ацэнкі, якія асабліва патрабуюць дакладнасці, «заўсёды суб’ектыўныя». «Суб’ектыўнасць вызначаецца, у тым ліку, і задачамі, якія стаяць перад камісіяй, журы», — сказала яна.

«Мы працавалі добра. Спадзяюся, што нашы выбарчыя камісіі не падвядуць нас на апошнім этапе кампаніі», — падкрэсліла Ярмошына.

***

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама Беларусі, на 16.00 яўка выбаршчыкаў на выбарах дэпутатаў палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу склала 58,6%.

У Брэсцкай вобласці ўжо прагаласавала 56% выбаршчыкаў (на 14.00 - 45,7%), у Віцебскай - 65,6% (57,5%), Гомельскай - 62,8% (56,5%), Гродзенскай - 58% (47,9%), Мінскай - 59,6% (51,4%, Магілёўскай - 64,2% (54,8%) і Мінску - 48% (39,7%).

У датэрміновым галасаванні, якое праходзіла з 18 па 22 верасня, прыняло ўдзел 25,9% выбаршчыкаў.

***

15:00

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, на 14.00 яўка выбаршчыкаў на выбарах дэпутатаў палаты прадстаўнікоў склала роўна 50%.

У Брэсцкай вобласці ўжо прагаласавала 45,7% выбаршчыкаў (на 12.00 - 34,7%), у Віцебскай - 57,5​​% (45,9,3%), Гомельскай - 56,5% (46,8%), Гродзенскай - 47,9% (36,8%), Мінскай - 51,4% (38%), Магілёўскай - 54,8% (41,8%) і Мінску - 39,7% (32,3%).

У датэрміновым галасаванні, якое праходзіла з 18 па 22 верасня, прыняло ўдзел 25,9% выбаршчыкаў. Па афіцыйных дадзеных, на 10.00 у выбарах узялі ўдзел 27,6% выбаршчыкаў, на 12.00 - 39,2%.

14:55

Урад зацікаўлены ў высокапрафесійным, адказным парламенце, заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч 23 верасня ў Мінску, пасля галасавання на ўчастку № 514 па вуліцы Піянерскай, 37а.

Паводле слоў Мясніковіча, урад «дастаткова актыўна» супрацоўнічае з парламентам, таму што асноўныя ўмовы працы ўрада фарміруюцца заканадаўствам, якое якраз парламент і вызначае.

«Мы зацікаўленыя ў тым, каб парламент быў высокапрафесійны, адказны, для таго каб нам у пары працаваць над удасканаленнем эканамічных адносінаў, каб ініцыятывы, якія выносіць урад, падтрымліваліся, каб была адпаведная дыскусія, таму што дэпутаты прадстаўляюць усе слаі нашага грамадства. Думаю, у нас атрымаецца працаваць з новым складам парламента», — заявіў Мясніковіч.

14:34

Апазіцыя не будзе прызнаваць вынікі выбараў: пра гэта заявілі прадстаўнікі пяці партый.

Сумесную заяву падпісалі прадстаўнікі Партыі БНФ, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), руху «За Свабоду» і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».

На іх думку, парламенцкія выбары ў Беларусі нельга назваць празрыстымі і дэмакратычнымі, бо ўлады ўмешваліся ў выбарчы працэс, а таксама ціснулі на кандыдатаў ад апазіцыі і іх прыхільнікаў.

Прадстаўнікі апазіцыі таксама заяўляюць, што падчас датэрміновага галасавання былі выяўлены факты масавага ўціску на асобаў, залежных ад улады праз навучанне ў дзяржаўных адукацыйных установах або працу на дзяржаўных прадпрыемствах. Акрамя таго, апазіцыя звяртае ўвагу на ўжыванне цэнзуры, у тым ліку зняццё з эфіру ўжо запісаных выступаў зарэгістраваных кандыдатаў. Згадваецца і тое, што адбываліся арышты ўдзельнікаў пікетаў у дазволеных законам месцах.

14:10

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына не выключае, што пасля выбараў у суд будуць пададзены іскі да палітычных партый, чые кандыдаты ў дэпутаты зняліся з выбараў, але выдаткавалі бюджэтныя сродкі на агітацыйную прадукцыю.

«Калі партыя адклікала кандыдатаў без паважлівых прычын, яна абавязана кампенсаваць бюджэтныя сродкі», — заявіла Ярмошына 23 верасня на брыфінгу ў Мінску.

Паводле яе слоў, у бюлетэнях для галасавання насупраць кандыдатаў, якія зняліся з выбараў, напісана «выбыў». «Такіх асоб было 66. Тэхнічна гэты працэс не з’яўляецца працаёмістым», — дадала кіраўнік ЦВК.

Нагадаем, сваіх кандыдатаў у дэпутаты з выбараў знялі Аб’яднаная грамадзянская партыя і Партыя БНФ.
Падставай для рашэнняў аб выхадзе з выбарчай кампаніі стала наяўнасць у краіне палітзняволеных і неўключэнне прадстаўнікоў партый у склады выбарчых камісій.

***

Па стане на 12:00, паводле ЦВК, яўка выбарцаў з улікам датэрміновага галасавання склала 39,2%.

У Брэсцкай вобласці прагаласавала 34,7% выбаршчыкаў, у Віцебскай — 45,9,3%, Гомельскай — 46,8%, Гродзенскай — 36,8%, Мінскай — 38%, Магілёўскай — 41,8% і Мінску — 32,3%.

Нагадаем, у датэрміновым галасаванні, якое праходзіла з 18 па 22 верасня, прыняло ўдзел 25,9% выбаршчыкаў.
За пяць дзён датэрмінова выбарчыя ўчасткі ў Брэсцкай вобласці наведала 25,8% выбаршчыкаў, у Віцебскай — 28,3%, Гомельскай — 26,6%, Гродзенскай — 25,9%, Мінскай — 24,6%, Магілёўскай — 27,5% і Мінску — 24,1%.

13:20

У 12.20 былі адключаны сайт руху «За Свабоду» і сайт кантролю яўкі на байкотнай Фрунзенскай акрузе Мінска.

Гэта адбылося пасля прэс-канферэнцыі, на якой намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч паведаміў пра дадзеныя назірання за яўкай падчас пяці дзён датэрміновага галасавання. Розніца дадзеных па прагаласавалых датэрмінова ад назіральнікаў і участковых камісій склада амаль 3000 выбаршчыкаў, паведамляе сайт руху «За свабоду»

12:41

Адказваючы на пытанне фінскай журналісткі аб тым, якім ён бачыць будучыню свайго малодшага сына Мікалая, Лукашэнка падчас наведвання выбарчага ўчастка №476 105-й выбарчай акругі сказаў, што хацеў бы, каб у яго дзяцей, як і ва ўсіх дзяцей на Зямлі, была добрая будучыня.

«Я таксама хацеў бы, каб у майго сына Мікалая , ва ўсіх маіх сыноў, былі добрыя перспектывы. Яны будуць залежаць ад таго, як будзе развівацца наша краіна».

12:22

Пасля 12 гадзіны дня пачынаецца найбольш гарачы перыяд на выбарчых участках. Пра гэта заявіла на прэс-канферэнцыі старшыня Цэнтвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Кіраўнік ЦВК адзначыла, што «галасаванне ідзе ў некаторых месцах нават вяла (магчыма, надвор’е не спрыяе)».

«Тым не менш, самы гарачы перыяд у выбарчых камісій наступае з 12 гадзіны. І мы спадзяемся, што калі сітуацыя дзесьці з’яўлялася не вельмі спрыяльнай, то яна паправіцца», — сказала Лідзія Ярмошына.

11:50

Афіцыйны кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка прыбыў на выбарчы ўчастак разам з малодшым сынам Мікалаем. Гэта ўчастак № 476 Старавіленскай выбарчай акругі № 105, размешчаны ў Акадэміі фізкультуры.

Тут балатуецца дзейны дэпутат Мікалай Самасейка.

Лідар лібералаў Анатоль Лябедзька і сябар Партыі БНФ Яўген Рыбакоў знялі свае кандыдатуры.

Лукашэнка заявіў, што Беларусь праводзіць выбары для сябе, а не для Захаду, а таксама, што рашэнне шэрагу палітыкаў зняцца з выбараў сведчыць пра іх неадпаведнасць як палітыкаў, паведамляе БелТА.

Ён ужо не раз у раздражнёным тоне згадваў пра байкот выбараў, якія праводзіць незалежнае грамадства.

«Галоўны аўтар выбараў — беларускі народ: што начыркае ў кабінах для галасавання, так таму і быць. Таму мы разлічваем на лепшае, а што будзе — пабачым», — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што «асноўнае шоу заўсёды пачынаецца пасля выбараў, заўсёды ўсякія глупствы ў нас пачыналіся пасля абвяшчэння вынікаў», калі «знаходзіліся тыя, хто пачынаў абурацца».

Гаворачы аб цяперашняй кампаніі, Лукашэнка падкрэсліў: «Калі ўжо на гэты раз хтосьці ўсумніцца ў выбары беларускага народа, то я нават ужо і не ведаю, як тады выбары праводзіць. Па сутнасці, прычапіцца тут не да чаго».

На пытанне польскага тэлебачання, чаму «выбары праходзяць сумна», Лукашэнка адказаў: «Тое, што вы кажаце, што выбары ў нас праходзяць сумна і спакойна, так хай нам зайздросцяць. У цывілізаванай дзяржаве, дзе жыве цывілізаваны народ, яны і павінны праходзіць такім чынам. Рэвалюцыі нам не патрэбныя«.

На словы яшчэ аднаго польскага журналіста аб тым, многія замежныя назіральнікі ўжо цяпер кажуць пра несумленнасці выбараў, Лукашэнка заўважыў: «Перадайце сваім польскім назіральнікам і тым, хто ў вас выбары праводзіць, хай поучатся у Беларусі выбары праводзіць.

Са сваім статутам хай не лезуць, мы і без польскіх палітыкаў разбярэмся, як будаваць жыццё ў Беларусі».

Фінская журналістка пацікавілася, ці ня лічыць Аляксандр Лукашэнка, што, калі людзі мала галасуюць, гэта азначае недавер уладзе. На што той адказаў: у Беларусі галасуюць у два разы больш, чым у Фінляндыі. «Але калі народ мала галасуе, гэта азначае, што ён не верыць у сваю дзяржаву, не верыць ўладзе», — пагадзіўся Лукашэнка.

11:44

Аналізуючы спіс кандыдатаў у дэпутаты і іх пасады (спіс змешчаны на сайце Цэнтрвыбаркама Ярмошынай), лёгка прадказаць спіс будучых дэпутатаў. Важная не папулярнасць ці якасць кампаніі — важная пасада.
Ад 1996 года дэпутатамі нацыянальнага сходу ў Беларусі станавіліся толькі асобы, ухваленыя Адміністрацыяй прэзідэнта. Сістэма працуе без збояў.

Цяпер ёсць толькі тры акругі, дзе немагчыма з дакладнасцю сказаць, на каго зрабіла стаўку прэзідэнтура. Гэта дзве акругі ў Мінску і адна — у Маладзечне, дзе балатуюцца адначасова, напрыклад, дзейная дэпутатка і дырэктар паліклінікі. Аднак і там нашы здагадкі, найхутчэй што, спраўдзяцца.

Вось наш спіс, а заўтра супаставіце.
Брэсцкая вобласць

Валюшыцкі Віктар Іванавіч, дырэктар ААТ «Брэсцкі цэнтральны ўнівермаг».

Мілашэўскі Валянцін Станіслававіч, галоўны доктар УАЗ «Брэсцкая гарадская бальніца ХМП».

Багдановіч Ларыса Мікалаеўна, дэпутатка палаты прадстаўнікоў.

Базанаў Уладзімір Аляксандравіч, ваенны камісар Брэсцкага аблваенкамата.

Палітыка Вольга Сяргееўна, начальнік філіі ЗАТ «Атлант».

Сцяцко Аляксандр Мікалаевіч, галоўны доктар УАЗ «Баранавіцкая цэнтральная паліклініка».

Язубец Мікалай Мяфодзьевіч, старшыня Баранавіцкага райвыканкама.

Пузырэўскі Уладзімір Іванавіч, памочнік прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці.

Юркевіч Аляксандр Іванавіч, старшыня Пружанскага райвыканкама.

Дарагакупец Юрый Іванавіч, дырэктар установы «Іванаўская ЖКГ».

Кавалевіч Леанід Мікалаевіч, дэпутат палаты прадстаўнікоў.

Зазуля Аляксандр Іванавіч, дэпутат палаты прадстаўнікоў.

Верас Валянціна Ігнацьеўна, начальніца аддзела адукацыі Лунінецкага райвыканкама.

Мандроўская Зінаіда Міхайлаўна, дэпутатка палаты прадстаўнікоў.

Паляйчук Аляксандр Іванавіч, старшыня СВК «Лапаціна».

Ярашэвіч Аляксандр Мікалаевіч, начальнік Столінскай ДБПМК.

Віцебская вобласць

Грыцкевіч Генадзь Паўлавіч, дэпутат палаты прадстаўнікоў.

Воўкаў Міхаіл Мікалаевіч, настаўнік матэматыкі УА «Дзяржаўная гімназія № 8 г. Віцебска».

Бохан Сяргей Мікалаевіч, намеснік начальніка УП «Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі».

Цацоха Аляксандр Уладзіміравіч, дырэктар Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа.

Шыцько Уладзімір Уладзіміравіч, дырэктар ДУА «Віцебскае кадэцкае вучылішча».

Андрэйчанка Уладзімір Паўлавіч, старшыня палаты прадстаўнікоў.

Шыкшнян Пётр Генрыхавіч, старшыня Лепельскага райвыканкама.

Папко Васіль Парфяновіч, намеснік начальніка ўпраўлення КДБ па Віцебскай вобласці.

Дзевятоўскі Вадзім Анатольевіч, інструктар па спорце першай катэгорыі в/ч 58–48.

Дабрыніна Людміла Анатольеўна, старшыня Аршанскага гарадскога Савета дэпутатаў.

Дзедушкін Уладзімір Міхайлавіч, старшыня Аршанскага райвыканкама.

Гуйвік Наталля Васільеўна, старшыня Полацкага гарадскога Савета дэпутатаў.

Морхат Мечыслаў Віктаравіч, старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама.

Папкоў Аляксандр Андрэевіч, дэпутат палаты прадстаўнікоў.

Гомельская вобласць

Фясак Віктар Дзмітрыевіч, дырэктар ДУА «Сярэдняя школа № 5 г. Гомеля».

Жмайлік Валерый Аляксеевіч, генеральны дырэктар вытворчага аб’яднання «Гомсельмаш».

Леўшуноў Алег Фёдаравіч, начальнік аддзела адукацыі адміністрацыі Цэнтральнага раёна горада Гомель.

Пачынок Міхаіл Іосіфавіч, дырэктар філіі «Гомельскія цеплавыя сеткі» рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства электраэнергетыкі «Гомельэнерга».

Лапаціна Ганна Люцыянаўна, галоўная доктарка ўстановы «Гомельскі абласны клінічны кардыялагічны дыспансер».

Навумчык Ала Аляксандраўна, рэктар УА «Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі».

Шостак Пётр Мікалаевіч, старшыня Рэчыцкага раённага выканаўчага камітэта.

Міхалькова Людміла Сцяпанаўна, старшыня Гомельскага абласнога суда.

Апанасюк Леанід Мікалаевіч, старшыня Жлобінскага раённага выканаўчага камітэта.

Удодаў Аляксандр Пятровіч, начальнік транспартнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі».

Расоха Мікалай Фёдаравіч, дырэктар камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Мазырская агароднінная фабрыка».

Канопліч Сяргей Міхайлавіч, старшыня пастаяннай камісіі палаты прадстаўнікоў.

Вашкоў Адам Сямёнавіч, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Рэчыцкі метызны завод».

Шчэпаў Уладзіслаў Аляксандравіч, дэкан эканамічнага факультэта УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны».

Філіповіч Галіна Васільеўна, старшыня Светлагорскага раённага Савета дэпутатаў.

Чэкан Святлана Уладзіславаўна, начальніца Брагінскага райспажыўтаварыства.

Тут, у Гомельскай вобласці, ва ўладаў здарыўся вялікі пракол.
У Гомельскай-Навабеліцкай акрузе ад уладаў быў вылучаны Пракапенка Ігар Мікалаевіч, памочнік прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Гомельскай вобласці Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Аднак у часе кампаніі ён зляцеў з пасады, адмяніў сустрэчы з выбарцамі і зняўся. Ходзяць чуткі пра распачатае супраць яго расследаванне. У выніку на акрузе застаўся адзін толькі сябар Ліберальна-дэмакратычнай партыі, энэргетык. Уся краіна замерла ў інтрызе: большасць выбарцаў «прагаласуе» супраць яго? Ці ў палаце з’явіцца «незалежны» кандыдат?
Гродзенская вобласць

Сягоднік Аляксандр Іванавіч, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.

Бераснева Алена Пятроўна, галоўны рэдактар абласнога ўнітарнага інфармацыйна-рэкламнага прадпрыемства «рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда».

Міхно Васіль Кандрацьевіч, дырэктар установы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж бытавога абслугоўвання насельніцтва».

Лісковіч Віктар Андрэевіч, галоўны доктар установы аховы здароўя «Гродзенскі абласны клінічны перынатальны цэнтр».

Мяжуеў Аляксандр Веніямінавіч, начальнік Галоўнай вайсковай інспекцыі Узброеных Сіл.

Кучынская Наталля Генадзьеўна, начальнік аддзела адукацыі Ашмянскага райвыканкама.

Гушча Валер Іванавіч, загадчык хірургічнага аддзялення ўстановы аховы здароўя «Лідская цэнтральная раённая бальніца»;.

Ермантовіч Леанід Аляксеевіч, начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы Гродзенскага аблвыканкама.

Коханаў Анатоль Паўлавіч, старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Малабераставіцкі элітгас» Бераставіцкага раёна.

Навумовіч Андрэй Мікалаевіч, старшыня Гродзенскага абласнога савета дэпутатаў.

Сопікава Ала Мікалаеўна, дырэктар сярэдняй школы № 9 Слоніма.

Кокаш Валерый Уладзіміравіч, генеральны дырэктар камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства «Гроднааблбуд».

Ушкевіч Сяргей Іосіфавіч, старшыня Шчучынскага райвыканкама.

Цікава, што ў Гродзенскай вобласці аж 6 (!) безальтэрнатыўных акруг — паказчык зладжанасці дзеянняў гродзенскай апазіцыі.
Магілёўская вобласць

Плаксіцкі Мікалай Рыгоравіч, намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы і кадрах ААТ «Славянка».

Мішур Жанна Мікалаеўна, дырэктарка сярэдняй школы № 30 г. Бабруйска, Партыя працы і справядлівасці.

Шамаль Алена Уладзіміраўна, дэпутатка палаты прадстаўнікоў.

Кананчук Таццяна Пятроўна, старшыня Слаўгарадскага раённага Савета дэпутатаў.

Воўкаў Міхаіл Міхайлавіч, дэкан агранамічнага факультэта УА «Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія».

Краўцоў Уладзімір Васільевіч, першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама.

Васіленка Уладзімір Мікалаевіч, дэпутат палаты прадстаўнікоў.

Сянкевіч Эдуард Аляксандравіч, пракурор Магілёўскай вобласці.

Старасцін Людміла Віктараўна, дырэктарка УА «Сярэдняя школа № 13 г. Магілёва».

Станкевіч Ігар Станіслававіч, старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ «Хімвалакно».

Разганаў Аляксандр Іванавіч, намеснік старшыні камісіі па аграрных пытаннях палаты прадстаўнікоў.

Коўтун Мікалай Анісімавіч, дырэктар сумеснага беларуска-брытанскага прадпрыемства «Дах».

Агееў Аляксандр Віктаравіч, намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Мінская вобласць

Шчэцька Віктар Уладзіміравіч, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама.

Красоўская Тамара Пятроўна, кіраўніца справамі Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта.

Гумінскі Віктар Аляксандравіч, намеснік старшыні палаты прадстаўнікоў.

Харытончык Дзмітрый Іванавіч, намеснік генеральнага дырэктара па якасці ААТ «БелАЗ».

Гайдукевіч Валерый Уладзіміравіч, намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі.

Бойка Анатоль Сцяпанавіч, старшыня Клецкага райвыканкама.

Кляшчук Інэса Анатольеўна, дэпутатка палаты прадстаўнікоў.

Абаленскі Яўген Вячаслававіч, дэпутат палаты прадстаўнікоў.

Данілевіч Таіса Іванаўна, начальніца ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама.

Іванчанка Мікалай Міхайлавіч, памочнік прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Мінскай вобласці.

Цыдзік Уладзіслаў Станіслававіч, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці.

Лазоўская Галіна Баляславаўна, рэдактар аддзела «Радыё Маладзечна».

(Лазоўская будзе ці не адзіным беларускамоўным дэпутатам у палаце.)

Шамодзі Таццяна Пятроўна, намеснік галоўнага доктара УАЗ «Маладзечанская цэнтральная раённая бальніца» або Кулеш Станіслаў Францавіч, дырэктар ААТ «Бярэзінскае» — абое маюць адпаведныя пасады і абое беспартыйныя. Думаем, дэпутаткай стане Шамодзі.

Русак Віктар Уладзіміравіч, начальнік Галоўнага ўпраўлення эканамічнай бяспекі КДБ.

Мурашка Ілля Аляксандравіч, начальнік брыкетнага цэха ААТ «Торфабрыкетны завод «Усяж».

Лявіцкая Ганна Віктараўна, дэпутатка палаты прадстаўнікоў.

Мякіннік Аляксандр Пятровіч, старшыня Пятрышкаўскага сельвыканкама.

горад Мінск

Няхайчык Аксана Уладзіміраўна, старшыня Заводскай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь».

Дудкін Сяргей Веніямінавіч, старшыня прафсаюзнага камітэта ліцейнага завода «МАЗ» ВА «БелаўтаМАЗ».

Барадзеня Валер Анатолевіч, дэкан факультэта маркетынгу БДЭУ.

Мажэйка Леанід Паўлавіч, дырэктар філіі «Аўтобусны парк № 2 Мінсктрансу» або Дражына Аксана Георгіеўна, загадчыца кафедры акушэрства ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Напэўна, дырэктар аўтапарку.

Касцюкоў Вадзім Анатольевіч, галоўны доктар УАЗ «18-я гарадская паліклініка» або дэпутатка палаты прадстаўнікоў Лявоненка Валянціна Сцяпанаўна (Кампартыя Беларусі). Праўда, Лявоненка ўжо пенсійнага веку. Можа, жанчына самастойна вылучылася? Думаем, дэпутатам стане Касцюкоў.

Клімовіч Наталля Анатольеўна, галоўная доктарка УАЗ «3-я гарадская дзіцячая паліклініка».

Чаравач Уладзімір Алегавіч, старшыня суда Кастрычніцкага раёна Мінска.

Аляксеенка Васіль Анатольевіч, камандзір корпуса ўнутраных войскаў МУС РБ в/ч 3403.

Шылава Святлана Дзмітрыеўна, намесніца старшыні пастаяннай камісіі палаты прадстаўнікоў.

Пальчык Генадзь Уладзіміравіч, дырэктар Навукова-метадычнага установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі РБ.

Кузьміч Аляксей Фёдаравіч, дэпутат палаты прадстаўнікоў.

Кубракова Людміла Пятроўна, спецыяліст Дэпартамента адміністрацыі ААТ «БПС-Ашчадбанк».

Жураўская Валянціна Іосіфаўна, дэпутатка палаты прадстаўнікоў.

Савановіч Міхаіл Фёдаравіч, старшыня Мінгарсавета.

Самасейка Мікалай Леанідавіч, старшыня пастаяннай камісіі палаты прадстаўнікоў.

Шаўцоў Дзмітрый Яўгенавіч, галоўны доктар УАЗ «34-я цэнтральная клінічная паліклініка».

Бусько Віталь Леанідавіч, старшыня пастаяннай камісіі палаты прадстаўнікоў.

Жылінскі Марат Генадзьевіч, намеснік дырэктара па навуковай працы ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі».

Валевач Зыгмунд Антонавіч, начальнік навукова-даследчай лабараторыі навукова-даследчай часткі УА «Вайсковая акадэмія РБ».

Валчанкоў Аляксандр Анатолевіч, дырэктар УА «Мінскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж».

11:28

Яўка выбаршчыкаў падчас датэрміновага галасавання склала каля 18%, паведамілі журналістам 23 верасня актывісты кампаніі партыйнага назірання «За справядлівыя выбары».

Паводле звестак аднаго з каардынатараў кампаніі Сяргея Калякіна, усе пяць дзён датэрміновага галасавання іх назіральнікі сачылі за выбарчым працэсам на 657 выбарчых учатках ў 36 выбарчых акругах па ўсёй краіне.

«На раніцу 23 верасня мы палічылі колькасць людзей, якое прагаласавала на кантраляваных намі участках. Па нашых дадзеных, яўка склала 19,4%», — сказаў Калякін.

У сваю чаргу адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Дзяніс Садоўскі паведаміў, што, па іх дадзеных, датэрмінова прагаласавала 17,1%. «Такім чынам, можна канстатаваць, што рэальная яўка на датэрміновае галасаванне на гэтых выбарах складае каля 18%», — сказаў ён.

Яшчэ адзін каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары», Віктар Карняенка, адзначыў, што найбольшая яўка выбаршчыкаў на датэрміновае галасаванне фіксавалася на тых участках, дзе знаходзяцца інтэрнаты.

«Па асобных участках, напрыклад, у БНТУ, яўка на датэрміновае галасаванне склала да 90%. Вялікая яўка на ўчастку Брэсцкага педінстытута — да 60%. Назіральнікі кажуць пра тое, што практычна паўсюдна студэнты, вайскоўцы, тыя, хто жыве ў інтэрнатах, падвяргаліся ціску з боку адміністрацый сваіх устаноў з мэтай прагаласаваць датэрмінова «, — заявіў Карняенка.

Кампанію «За свабодныя выбары» праводзяць 14 палітычных партый і грамадскіх арганізацый.

Па дадзеных ЦВК, у ходзе датэрміновага галасавання ў выбарах прынялі ўдзел 25,9% грамадзян, паведамляе БелаПАН

11:30

Беларуская апазіцыя не дала ніводнага факту, які б сведчыў аб парушэннях падчас датэрміновага галасавання, заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына 23 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Яна назвала «здагадкамі» усю інфармацыю аб парушэннях, якая агучваецца прадстаўнікамі апазіцыі.

Ярмошына лічыць, што высокі працэнт тых, хто прагаласаваў датэрмінова, адпавядае «ментальнасці грамадзян, і ўвайшло ў звычку».

У ЦВК паступіла ўсяго два звароты грамадзян, якіх занадта актыўна заклікалі галасаваць датэрмінова, паведаміла Ярмошына. У адным выпадку, па яе словах, гаворка ідзе «хутчэй, не пра прымусе, а пра просьбе», у другім — інфармацыя накіравана на праверку ў пракуратуру.

БелаПАН

***

На Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101 у Мінску шэраг дэмакратычных арганізацый ладзяць кампанію «Байкот-101».
Актывісты руху «За Свабоду», Партыі БНФ, грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», яе моладзевай структуры «Zмена», а таксама Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» заклікалі жыхароў акругі не ісці на выбары, а самі пачалі актыўнае назіранне за ўчасткамі.
На акрузе балатуюцца тры кандыдаты, прычым усе яны партыйцы. Цяперашні дэпутат камуніст Аляксей Кузьміч лічыцца кандыдатам з уладнага спісу. Ягоныя канкурэнты — ЛДП-шнік Вадзім Пярвушын, які працуе ў кампаніі «АДК Электра», а таксама работнік «Мінскай ТЭЦ-4» Ігар Жур. Ён вылучаны Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыяй.
А вось сябра Партыі БНФ Арцём Лява з выбараў зняўся. Такім чынам, на акрузе не засталося ніводнага дэмакратычнага кандыдата.

Увага назіральнікаў сканцэнтраваная на тым, каб прадухіліць магчымыя ўкіды бюлетэняў з боку сябраў выбарчай камісіі, а таксама зафіксаваць іншыя факты парушэнняў. На працягу некалькіх дзён на участках фіксаваліся «каруселі» — група з некалькіх дзясяткаў чалавек пераязджала з ўчастка на ўчастак і галасавала на кожным з ім.

На жаль, у першыя дні датэрміновага галасавання назіраннем былі ахопленыя не ўсе ўчасткі.
У выніку, напрыклад, на ўчастках з назіральнікамі ў канцы першага дня былі зафіксаваныя наступныя лічбы колькасці выбарцаў — 10, 49, 6, 39, 89, 81, 16, 11, 15 і гэтак далей. А на ўчастках, дзе назіральнікаў не было — 109, 112, 103, 107, 51, 90, 30, 73, 91 і гэтак далей…

Такім чынам,

паводле падлікаў назіральнікаў, у датэрміновым галасаванні на акрузе № 101 прынялі ўдзел 15,2% выбарцаў. Прычым гэтыя лічбы завышаныя, бо ўлічваюць у сябе галасы зафіксаваных «карусельшчыкаў», а таксама падлікі, прадастаўленыя сябрамі выбарчай камісіі ў дні, калі на ўчастку адсутнічалі назіральнікі. Афіцыйныя лічбы яўкі на датэрміновым галасаванні — 19,8%. Розніца ў выбарцах амаль дасягнула 3000 чалавек!
Аднак пры гэтым на акрузе № 101 яўка ўсё адно істотна ніжэйшая, чым сярэдняя лічба па Мінску. Па дадзеных ЦВК, у сталіцы датэрмінова прагаласавалі 24,1%.

ЯМ

***

10:49

Беларуская апазіцыя не дала ніводнага факту, які б сведчыў аб парушэннях падчас датэрміновага галасавання, заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына 23 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Яна назвала «здагадкамі» усю інфармацыю аб парушэннях, якая агучваецца прадстаўнікамі апазіцыі.

Ярмошына лічыць, што высокі працэнт тых, хто прагаласаваў датэрмінова адпавядае «ментальнасці грамадзян, і ўвайшоў у звычку».

У ЦВК паступіла ўсяго два звароты грамадзян, якіх занадта актыўна заклікалі галасаваць датэрмінова, паведаміла Ярмошына. У адным выпадку, па яе словах, гаворка ідзе «хутчэй, не пра прымусе, а пра просьбе», у другім — інфармацыя накіравана на праверку ў пракуратуру.

10:18

Паводле звестак на 10.00 у выбарах дэпутатаў палаты прадстаўнікоў прынялі ўдзел 27,6% выбаршчыкаў. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына, перадае БелТА.

З улікам таго, што ў датэрмінова «пралагасавалі» 25,9%, можна зрабіць выснову за дзве гадзіны, з 8.00 да 10:00 прагаласавалі 1,7%.

10:10

БТ пачало навіны з інфармацыі са 101-й акругі і крытыкі працэсу выбараў у ЗША

Цікава, што ў выпуску навін на Першым нацыянальным канале, а 10-й гадзіне адной з першых навін далі ўключэнне са 101-й выбарчай акругі Мінска — той самай, дзе апазіцыя правяла кампанію байкоту.

Пасля гэтага далі інфармацыю пра недэмакратычнасць выбарчага працэсу ў ЗША. Там траціна выбарцаў, маўляў, зусім не мае права галасаваць, а аддаць голас можна па квітанцыі за аплату камунальных плацяжоў.

Таксама паказалі, як галасуюць простыя людзі, вядомыя кампазітар Міхаіл Фінберг і алімпійскі чэмпіён Сяргей Мартынаў.

***

Барыс Хамайда: Байкот — гэта бітва супраць цемры — відэа

На 110 дэпутацкіх месцаў «прэтэндуюць» 293 кандыдаты. З перадвыбарчай гонкі за тыдзень да галасавання зняліся кандыдаты ад Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Большасць апазіцыйных сілаў выбары проста ігнаравалі, засяродзіўшыся на назіранні за яўкай.
У бюлетэнях засталіся ўсяго 49 прадстаўнікоў прадэмакратычных сілаў: кандыдаты з «Гавары праўду!», партыі «Справядлівы свет», групы сацыял-дэмакратаў.

Вялікую колькасць спарынг-партнёраў для кампаніі выставіла Ліберал-дэмакратычная партыя.

У 17 акругах выбары будуць безальтэрнатыўныя — рэч немагчымая ў іншых еўрапейскіх краінах.

Галасаванне пачынаецца а 8-й раніцы і скончыцца ў 20:00. Падчас датэрміновага галасавання прагаласавалі… 25,9%.

У суботу кіраўнічка Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына «спрагназавала», што ў першым туры будуць абраны амаль усе дэпутаты.

Уладная вертыкаль папрацавала над яўкай: з розных рэгіёнаў краіны надыходзілі звесткі пра стопрацэнтавае датэрміновае галасаванне жыхароў інтэрнатаў, міліцыянтаў, вайскоўцаў, выхавацелек. Агулам, паводле афіцыйных звестак, датэрмінова прагаласавалі амаль 26% выбарцаў.
Для параўнання: у суседняй Расіі датэрмінова галасуюць каля 2% выбарцаў, а ва Украіне датэрміновае галасаванне ўвогуле адменена, бо дае вялікія магчымасці для фальсіфікацый.
«Наша Ніва» будзе сёння весці анлайн з выбарчых участкаў, асвятляць падзеі на вуліцах Мінска, «афіцыйную дыскатэку» на Кастрычніцкай плошчы — калі яна будзе, бо прайшла інфармацыя пра яе адмену. Чакаюцца навіны з рэгіёнаў, фота- і відэарэпартажы.

У пятніцу, 21 верасня, шэсць беларускіх апазіцыйных структур выступілі з заклікам да грамадзян не хадзіць на выбарчыя ўчасткі.

Байкатаваць парламенцкія выбары заклікалі Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), «Малады фронт», аргкамітэты па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) і «Беларускі рух», Беларускі незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці і Рада беларускай інтэлігенцыі.

Як патлумачыў на прэс-канферэнцыі ў Мінску лідар АГП Анатоль Лябедзька, заклік адрасаваны тым, хто яшчэ не вызначыўся з нагоды галасавання. «Мы заклікаем іх 23 верасня не ўдзельнічаць у фарсе. У іх ёсць альтэрнатыва — з’ездзіць да сваіх бацькоў у вёску, схадзіць у лес у грыбы, падыхаць паветрам, схадзіць на рыбалку. Гэта супольнае наша пасланне, пасланне тых суб’ектаў, якія так ці інакш разам працавалі падчас выбарчай кампаніі «, — адзначыў палітык.

Першы склад палаты прадстаўнікоў быў прызначаны ў канцы 1996 г. з ліку дэпутатаў-лукашэнкаўцаў з Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Выбары дэпутатаў 2-га склікання прайшлі 15 кастрычніка 2000 г., 3-га склікання — 17 кастрычніка 2004 г. (тады выбары супалі з рэфэрэндумам аб зняцці колькасці тэрмінаў для прэзідэнта), выбары ў палату прадстаўнікоў 4-га склікання прайшлі 28 верасня 2008 г.

Увесь гэты час у парламент траплялі толькі кандыдаты, ухваленыя Адміністрацыяй прэзідэнта.

nn.by

0
Дзівак / Адказаць
23.09.2012 / 10:39
Гэта не выбары, а паяцтва ў "цэнтры" Еўропы. Як можна за тыдзень да галасаваньня, і "падліку" галасоў казаць колькі і каго "абяруць"???? Улада заранёў прызначыла працэнт яўкі і колькасьць, па імённа, "абраных". Ды і як можна ўдзельнічаць у гэтым цырку, пасьля столькіх зьдзекаў над сабой ( то кінуць па "канстытуцыі" у ніз заробкі ў трыз разы, а табе скажуць сам вінаваты, то ўлезуць у нейкія АЭПЫ, пасьля чаго Беларус канчаткова застаўся бяз таннай іншамаркі і таннай скваркі, а табе скажуць сам "захацеў", а мы выканалі тваё "жаданьне") ??? Цырк, ён і ў афрыцы - ЦЫРК! Ды і не дарэмна да спонсара ў Сочы гойсаў, бо грошы канчаюцца, бо крый Божа Беларус, пасьля цырка (прабачце -"выбараў") зноў запляцкае ў далоні і пачне сігналіць у цэнтры Мінска, едучы 10 км у гадзіну!!!
0
Прохар / Адказаць
23.09.2012 / 11:09
Дарэчы, яўку і парушэньні па знакамітай 101 акрузе можна адсочваць анлайн на http://watch.ryx.by . Было б файна, каб гэты праект аказаўся пілотным для будучага шырокага назіраньня па ўсёй краіне. Га, Рух?
0
зямляк / Адказаць
23.09.2012 / 11:44
мы усёй сямьёй не пайдзем на выбары-на 4 чалавеки!!!!!!!!!!!!!и таких шмат!!!!!!!!!!
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру