Нагадаем, 6 жніўня некаторыя інтэрнэт-рэсурсы паведамілі, што Піліпец, які на той момант працаваў старшынёй гарвыканкама, арыштаваны.
Але 7 жніўня гораданачальнік з’явіўся на працы, а гарвыканкам выступіў з афіцыйным абвяржэннем інфармацыі аб затрыманні кіраўніка.

27 жніўня Віктар Піліпец быў вызвалены ад пасады старшыні Гомельскага гарвыканкама ў сувязі з пераходам на іншую працу. Адпаведнае распараджэнне падпісаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік. Экс-старшыня гарвыканкама ўладкаваўся на пасаду намеснік дырэктара прадпрыемства «Гомельаграпрампраект».

21 верасня ў прыёмнай «Гомельаграпрампраекта» БелаПАН паведамілі, што Піліпца на працы няма, ён на бальнічным.
Ва ўпраўленні Следчага камітэта заяўляюць, што ў іх у вытворчасці няма крымінальнай справы або праверкі ў дачыненні да былога старшыні гарвыканкама. Ва ўпраўленні КДБ таксама не каментуюць інфармацыю аб магчымым затрыманні экс-старшыні гарвыканкама.

Выказваюцца меркаванні, што затрыманне можа быць звязана з нядаўнім арыштам Камітэтам дзяржбяспекі службовых асоб упраўлення капітальнага будаўніцтва (УКБ) Гомельскага гарвыканкама. Чыноўнікі падазраюцца ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў — у тым, што размяркоўвалі кватэры па заніжаных цэнах сваім сваякам і калегам. Паводле звестак КДБ, у 2011 годзе службовымі асобам УКБ з парушэннем дзейнага заканадаўства былі размеркаваны 25 кватэр у чатырох жылых дамах, першапачаткова прызначаных для грамадзян, домавалоданні якіх падлягалі зносу ў сувязі з канфіскацыяй зямельных участкаў для дзяржаўных патрэб. Названыя кватэры былі размеркаваны сярод работнікаў УКБ, іх сваякоў і знаёмых па цэнах у некалькі разоў ніжэйшых за рынкавы кошт жылля.

Як паведамлялася раней, 6 верасня быў адхілены ад пасады памочнік прэзідэнта — галоўны інспектар па Гомельскай вобласці Ігар Пракапенка.
Ён з’яўляўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе, аднак 17 верасня зняў сваю кандыдатуру «згодна з асабістай заявай».

Ёсць версіі, што «кадравыя чысткі» ключавых фігур вертыкалі ўлады ў Гомелі звязаны не толькі са «справай УКБ», але і са зваротам забудоўшчыкаў да Аляксандра Лукашэнкі. У інтэрнэце прыкладна ў канцы жніўня — пачатку верасня з’явіўся відэазварот забудоўшчыкаў аднаго з мікрараёнаў Гомеля, якія прасілі кіраўніка дзяржавы «разабрацца з бязмежжам у гомельскай уладзе». Забудоўшчыкі заяўлялі, што ім неабгрунтавана павысілі плату за квадратныя метры, што будуюцца, а скаргі кіраўніцтву горада, вобласці, у КДК і гэтак далей не далі выніку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0