У Пружанах веласіпедыст загінуў пад коламі грузавіка.

Як паведаміла начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук, гэта адбылося каля трох гадзін дня 20 верасня на вуліцы Макаранкі.

Жыхар Слоніма 1952 года нараджэння, кіруючы гружаным «МАЗам» з прычэпам, учыніў наезд на свайго аднагодка, які выехаў на праезную частку на веласіпедзе. Ад атрыманых траўмаў той памёр на месцы. Загінулы жыў у Пружанах.

«Паводле папярэдніх звестак, веласіпедыст пераязджаў праезную частку. Грузавік зачапіў веласіпед за багажнік. Мужчына, які ехаў на ім, упаў і ўдарыўся галавой аб асфальт», —
дапоўніла Сахарчук.

Распачата справа на падставе ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, у выніку чаго мела месца па неасцярожнасці смерць чалавека).

З пачатку года на дарогах Брэсцкай вобласці з удзелам веласіпедыстаў адбылося 46 ДТЗ, у якіх 15 чалавек загінулі і 31 атрымаў траўмы рознай ступені цяжару. У параўнанні з аналагічным перыядам 2011 года гэта на 28 ДТЗ, на аднаго загінулага і на 30 параненых менш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?