Сёлетнія выбары ў парламент можна назваць аднымі з самых невыразных і нецікавых. Ці не таму аднымі з самых запамінальных момантаў кампаніі сталі скандалы. Прапанаваныя рэдакцыяй падзеі пададзеныя ў каляндарнай паслядоўнасці.

1. Выспятак ад Фядуты


Аляксандр Фядута і Віталь Рымашэўскі.

Для апазіцыі кампанія пачалася са скандалу. 31 студзеня прадстаўнікі дэмсілаў сабраліся для падпісання дэкларацыі «Аб грамадскай дыскусіі пра мэты і формы ўдзелу беларускай апазіцыі ў выбарах 2012 года». Прапаноўваўся прымальны для ўсіх варыянт-мінімум: калі ўлады не вызваляюць палітвязняў, кандыдаты ад апазіцыі знімаюцца з выбараў. Аднак падпісанне дамовы сарваў Віталь Рымашэўскі з Хрысціянскай дэмакратыі. Гэта так раззлавала Аляксандра Фядуту з «Гавары праўду», што ён даў Рымашэўскаму выспятка.

У апошнія дні выбараў, калі стала ясна, што працэс ідзе па адпрацаваным гадамі сцэнары (адфільтроўванне патэнцыйна небяспечных кандыдатаў, датэрміновае галасаванне), журналісты пачалі жартаваць што выспятак Фядуты можа стаць самым запамінальным момантам кампаніі.

2. Пікеты на Камароўцы і боршч


Боршч як сімвал бездапаможнасці і бессэнсоўнасці.

Трэба прызнаць, што і ўлады, і апазіцыя ўсё ж прыклалі намаганні, каб выйсці ў народ і нагадаць пра кампанію з дапамогай пікетаў. Часам яны нават сустракаліся ў адным месцы. Кропкай такога незвычайнага судакранання стала мінская Камароўка, дзе можна было ці не адначасова сустрэць агітатараў за байкот ад апазіцыі і прадстаўнікоў праўладных БРСМ і «Белай Русі».

Адным з сімвалаў кампаніі стаў боршч. Сімвалам бездапаможнасці і бессэнсоўнасці. Журналісты выведвалі яго рэцэпт у бяззменнай старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, кандыдаты ў дэпутаты раілі варыць боршч сваім канкурэнтам, актывісты дэманстравалі яго на пікетах. Нягледзячы на лютыя пакаранні за гэта.

3. Прызнанні Абрамавай


Вольга Абрамава (справа) сцвярджае, што Наталля Пяткевіч (злева) ў 2008-м прапаноўвала ёй пасаду за зняццё з выбараў.

Былая дэпутатка парламента Вольга Абрамава вырашыла загаварыць. Яна расказала журналістам пра фальсіфікацыю вынікаў выбараў па яе мінскай акрузе № 108 на выбарах 2008 года. Па яе словах, у тую кампанію ёй адкрытым тэкстам прапанавалі адмовіцца ад удзелу ў абмен на пасаду. Нібыта такую прапанову агучыла тагачасная кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Пяткевіч. Абрамава адмовілася. І тады, па яе словах, на яе пачалі ціснуць. А па выніках выбараў перамог малавядомы кандыдат.

4. «Праверка дакументаў»


Аднаго з найлепшых фотакарэспандэнтаў Беларусі Сяргея Грыца збіў міліцыянт у першы дзень датэрміновага галасавання.

18 верасня ў першы дзень датэрміновага галасавання сябры моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду!» — «Zmena» вырашылі раздаць боршч каля ўніверсама «Фрунзенскі». На той момант актывісты апазіцыі паспелі скарыстацца з права на правядзенне пікетаў, каб зладзіць колькі флэшмобаў. Што, напэўна, пачало кагосьці моцна раздражняць. Кулінарна-палітычны пікет разагналі брутальна: міліцыянты ў цывільным з прымяненнем грубай сілы пахапалі і актывістаў, і журналістаў, у тым ліку замежных. У часе затрымання фотакарэспандэнту Associated Press Сяргею Грыцу разбілі кулаком твар. Потым міліцыя заявіць, што нікога не збівалі, а журналістаў затрымалі для праверкі дакументаў.

5. Крыжаноўскі і каўбаса

З тэледэбатаў запомнілася некалькі кандыдатаў. Расейскамоўны кандыдат ад Партыі БНФ Аляксандр Гарасюк, які працуе рабочым на мясакамбінаце, прынёс у тэлестудыю каўбасу. «Я просты рабочы. Я вару каўбасу і я прынёс гэту каўбасу», — гэтыя словы аднаго з кандыдатаў Лунінецкай акругі №3 на кароткі час сталі хітом у байнэце.

Некаторыя з кандыдатаў ператварылі свае выступы ў фарс, як кандыдат ад ЛДП гумарыст Яўген Крыжаноўскі. «У парламенце распуста, п’янства, лайдакі! Я хачу браць у гэтым удзел!» — грымеў ён на сустрэчы з выбаршчыкамі. Штопраўда, гэта быў анекдот пра парламент у выкананні гумарыста-кандыдата. Анекдот пра Лукашэнку ён расказаць пабаяўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?