Аб гэтым БелаПАН паведаміў начальнік аддзела радыёэлектронных вымярэнняў Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі Аляксандр Галыга, каментуючы ўчарашняе ўнясенне ў Дзярждуму Расіі законапраекта аб пераходзе на пастаянны зімовы час.

Паводле слоў Галыгі, у выпадку зацвярджэння законапраекта ў Расіі зменіцца часавы пояс, ён будзе такім жа, як у Беларусі. Пакуль афіцыйнага паведамлення з Расіі пра неабходнасць узгаднення часу ў Беларусь не паступала.

«Калі ніякіх паведамленняў не будзе, то ўсё застанецца па-старому, — сказаў Галыга. — У нас пакуль нічога не прадугледжвалася».

Ён дадаў, што ў адпаведнасці з законам аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў падрыхтоўка падобных рашэнняў знаходзіцца ў кампетэнцыі Міжгаліновай камісіі па часе, частаце і вызначэнні параметраў вярчэння Зямлі. «Але інфармацыі ў мяне ніякай няма, каб нейкія праходзілі змяненні», — заключыў спецыяліст.

Нагадаем, Беларусь следам за Расіяй прыняла рашэнне не пераходзіць больш на зімовы час пачынаючы з восені 2011 года, пакінуўшы на сваёй тэрыторыі летні час назаўсёды.
Такім чынам, час у Беларусі, якая знаходзіцца ў адным часавым поясе з Украінай, Літвой і некаторымі іншымі краінамі, з лістапада па сакавік адрозніваецца ад часу ў гэтых краінах на адну гадзіну.

Пры гэтым некаторыя спецыялісты сцвярджалі, што Расія і Беларусь адмянілі не той час. Трэба было адмяніць якраз летні час, які для чалавека не з’яўляецца фізіялагічным і быў уведзены штучна для эканоміі энергарэсурсаў. Зімовы ж час у многіх краінах супадае са стандартным астранамічным. Краіны, якія не пераводзяць стрэлкі гадзіннікаў або адмовіліся ад пераходу, не выкарыстоўваюць якраз летні час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?