Звыш 7 700 тон збожжа намалаціў сёлета камбайнер агракамбіната «Ждановічы» Міхаіл Саладуха. Перадавік пабіў усе рэкорды не толькі на Міншчыне, але і ў рэспубліцы. У шосты раз ён будзе ўдзельнічаць ў рэспубліканскім свяце працаўнікоў вёскі «Дажынкі», што адбудзецца ў Горках.

З Міхаілам Уладзіміравічам мы сустрэліся ў механічных майстэрнях у пасёлку Кунцаўшчына. Ён аказаўся гаваркім і жартаўлівым чалавекам. «Ваш кармілец? — кіўнуў ён, заўважыўшы ў мяне ў руках дыктафон, і засмяяўся. — А вось гэтым агрэгатам я сабе на хлеб зарабляю».

Мой суразмоўца завіхаўся каля цукраўборачнага камбайна RОРА R20.45K нямецкай вытворчасці.
«Камбайн, зрэшты, гатовы да работы, але яшчэ раз падстрахавацца не будзе лішнім. Чалавечы арганізм дае збоі, а гэта ж тэхніка…», — адчуваецца, што машыну ён успрымае, як жывую істоту.

На ўборцы караняплодаў будзе задзейнічаны таксама старэнькі камбайн «Кляйн». Але асноўная нагрузка, бясспрэчна, кладзецца на больш новы. На ім будуць працаваць кругласутачна, пазменна — па 12 гадзін — Міхаіл Саладуха і яго напарнік Віктар Стэльмах, пераможца спаборніцтва сярод моладзевых экіпажаў камбайнаў на жніве і ўдзельнік рэспубліканскіх «Дажынак».

— Сёлета ў агракамбінаце пасаджана 700 гектараў цукровых буракоў. За дзень мы можам выкапаць 22 гектары караняплодаў. Так што, крыху больш чым за месяц управімся з уборкай, —

дзеліцца з карэспандэнтам Міхаіл Уладзіміравіч. І жартаўліва дадае: — Толькі б журналісты не перашкаджалі.
Калі б не вашы калегі, то я б намалаціў і больш васьмі тысяч тон. А так — не паспееш сесці за штурвал, як чарговая брыгада карэспандэнтаў едзе: маўляў, віншуем з рэкордам!
Толькі ад прэсы і даведваўся, хто з маіх калег наперадзе, а хто адстае. Але ж у кожнага свая работа.

— Жніво — гэта добрая магчымасць папоўніць свой сямейны бюджэт. Калі не сакрэт, колькі ўдалося «накасіць» за сёлетнюю ўборку? — падыгрываю дасціпнаму камбайнеру.

— Ніякага сакрэту няма — 34 мільёны рублёў. А разам з прэміямі і яшчэ больш. Ды ўжо палову патраціў, — адказвае ён. — Перш за ўсё ўклаў у дом. Як ні круці, а засяліліся сюды амаль 12 гадоў таму.

У 2000 годзе ў агракамбінаце «Ждановічы» сям’і механізатара выдзелілі катэдж з цэнтральным водаправодам, каналізацыяй, прыродным газам. Як заўважыў гаспадар, не горшы, чым гарадская кватэра.

Толькі што знаходзіцца за межамі Мінскай кальцавой дарогі, у вёсцы Тарасава. Але дабіраецца да месца работы наш герой без праблем — на асабістым аўтамабілі, ключы ад якога ўручылі на «Дажынках» у 2007 годзе. А ўсяго Міхаіл Уладзіміравіч пяць разоў удзельнічаў у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы, займаў 1-е, 2-е, 3-е месцы. Складана быць героем, аднак бытавой тэхнікі, халадзільнікаў, тэлевізараў столькі надарылі, што хопіць і дзецям, і ўнукам.

— Як атрымліваецца ў вас так спрытна пераганяць калег? — цікаўлюся ў камбайнера.

Па-першае, мне даверылі сёлета новы высокапрадукцыйны камбайн «Лексіён-770», і пакуль што такі ў рэспубліцы адзін.

Вопыт, відаць, таксама дапамагае. На жніве я не навічок, упершыню сеў за штурвал камбайна 15 гадоў таму. Спачатку быў памочнікам камбайнера, потым стаў і самастойным, 9 сезонаў, у прыватнасці, на «Лексіёне-480» адпрацаваў. Па-трэцяе, у гаспадарцы сёлета добрая ўраджайнасць збожжавых — 70,1 цэнтнера з гектара.

— А можа, якія асаблівыя сакрэты падслухалі падчас мінулых «Дажынак» у камбайнераў-перадавікоў з іншых рэгіёнаў краіны? — цікаўлюся ў суразмоўцы.

— Мы шмат пра што гаварылі з імі на свяце, зразумела, крыху дзяліліся вопытам. Толькі сакрэт поспехаў ніхто не спяшаўся адкрыць. У кожнага свае прафесійныя таямніцы, — смяецца ён у адказ.

— Не зайздросцяць вашай славе і дастатку суседзі, калегі, знаёмыя? — дапытваюся ў Міхаіла.

Адказвае жартам: маўляў, асабіста я зайздросціў бы сабе…

А калі сур’ёзна, то яго заўсёды шчыра віншуюць з дасягненнямі. Радуецца яго поспехам і сям’я. Яна — надзейны тыл для Міхаіла Саладухі, тут яго разумеюць, падтрымліваюць. У яго цудоўныя дзеці, якія закончылі прафесійна-тэхнічныя каледжы: дачка — лёгкай прамысловасці, сын — машынабудаўнічы, працуюць адпаведна на «Галантэі» і «Амкадоры». Жонка — хатняя гаспадыня. Гэта ў большай ступені яна — як маці і гаспадыня — выхоўвала дзяцей, бо бацька шмат часу аддаваў працы. Дзеці выраслі добрымі і спагадлівымі людзьмі, памочнікамі па хатняй гаспадарцы. А галоўнае, паважаюць бацькоў. Міхаіл Уладзіміравіч для іх — прыклад для пераймання. «Мне ў свой час таксама было прыемна, калі тату і маму віншавалі, уручалі граматы», — заўважыў Міхаіл Саладуха. — Яны, дарэчы, не мелі да сельскай гаспадаркі ніякіх адносін, працавалі на цеплаэлектрастанцыі. А вось мы з братамі — тыповыя аграрыі».

— Мабыць, і свойскую жывёлу трымаеце?

— Пры доме ў нас ёсць падсобныя пабудовы, але апошнім часам, акрамя курэй, не трымаем ніякай жыўнасці. Няма часу і вострай патрэбы ў гэтым, усё можам купіць у магазіне, ды і жонку не хочацца загружаць дадатковымі клопатамі. У нас дом плошчай 118 квадратных метраў, магчыма, і не такі вялікі, але ўсё роўна спраў хапае.

І прыбраць, і кашулі памыць, есці прыгатаваць — усё на плячах гаспадыні. А я дастаткова зарабляю, каб сям' я не адчувала ні ў чым патрэбы.

Вось так бы ўсе мужчыны шанавалі сваіх каханых ды забяспечвалі іх матэрыяльна!

Дарэчы, па сакрэце мне сказалі, што Алена Іванаўна жартам называе свайго мужа: «Мая зорка». Яны знаёмыя са школьных гадоў, а пажаніліся ў 1991-м.

— А наконт адпачынку яшчэ не думалі?

— Пакуль рана. Пасля ўборкі караняплодаў трэба камбайны праверыць, калі спатрэбіцца, нешта падрамантаваць, замяніць запчасткі і паставіць на «зімоўку» ў бокс, каб на наступны год паказаць яшчэ лепшыя вынікі… А ўжо затым і пра водпуск можна падумаць, — пачула ў адказ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?