Унікальную акцыю да юбілею клясыкаў зладзіла гарадзкая філія ТБМ сумесна з каналам «Магілёў‑2».

У студзені гэтага году магілёўская гарадзкая філія ТБМ прапанавала тэлеканалу «Магілёў‑2» рэалізаваць сумесны праект да 125‑годзьдзя Янкі Купалы й Якуба Коласа. Журналісты адгукнуліся, а нядаўна ў эфіры зьявіліся першыя ролікі.

Да 7 ліпеня — дня народзінаў Янкі Купалы — будуць гучаць ягоныя творы, пасьля — вершы Якуба Коласа, які нарадзіўся 3 лістапада. Праект мае быць да канца году.

— Калі мы выбіралі фармат праекта, дык згадалі, як нашыя расейскія калегі ўшаноўвалі памяць Пушкіна: там ягоныя творы чыталі вядомыя людзі, — кажа галоўная рэдактарка каналу «Магілёў‑2» Алена Барысава. — Але мы параіліся й вырашылі, што магчымасьць прачытаць вершы нашых песьняроў мусіць мець кожны.

Для праекту выбіраюцца людзі рознага ўзросту ды сацыяльнага становішча. Яднае іх хіба што любоў да роднага слова.

Першымі адгукнуліся выкладчыкі й студэнты ўнівэрсытэту імя Аркадзя Куляшова, акторы магілёўскіх тэатраў. Цікава, што творы Купалы гучаць у эфіры ня толькі на мове арыгіналу: суполка ўкраінцаў узялася рыхтаваць чытаньні на мове Тараса Шаўчэнкі. А ўчора, калі ў Магілёве была гуманітарная місія зь Ірляндыі, яе прадстаўнікі чыталі Купалу па‑ангельску.

Штодня ў эфіры зьяўляецца каля сямі 30‑сэкундавых ролікаў, дзе зачытваецца адзін‑два слупкі зь вершаў ды паэмаў клясыка.

Арганізатары праекту кажуць, што ёсьць задума, каб па тэлевізіі прагучалі 125 слупкоў — па колькасьці юбілейных гадоў. Але, кажуць яны, калі атрымаецца болей, ніхто ня будзе абмяжоўвацца фармальнымі лічбамі.

Арцём Багданаў, Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0