Кожны хто не мае дзяцей, можа ўявіць сябе на месцы Антаніны Сопат.

Кожны хто не мае дзяцей, можа ўявіць сябе на месцы Антаніны Сопат.

У свае 27 Вадзім не паспеў пакінуць маці ўнукаў.

У свае 27 Вадзім не паспеў пакінуць маці ўнукаў.

«Гэта апошняе фота — сын на вяселлі ў сябра», — паказвае здымак высачэзнага юнака жыхарка Мазыра Антаніна Сопат. Яе сына Вадзіма не стала ў кастрычніку 2009. Яна б так хацела новае дзіця. Але ў якія сцены яна ні білася — без выніку. І пытанне — у адной норме закона.

Смерць у бальніцы

Вадзіму ўвечары раптоўна стала дрэнна. Папрасіў сяброўку выклікаць «хуткую дапамогу». Дзяўчына тройчы выбягала на вуліцу, каб сустрэць медыкаў, а іх усё не было. Калі ж яны нарэшце прыехалі, Вадзіма давялося выносіць на руках — рухацца сам ён ужо не мог. А на раніцу Антаніне Аляксандраўне патэлефанавалі са страшным паведамленнем: сын нежывы.

У бальніцы жанчыне не паказвалі адразу цела.
Праз нейкую ці то расхлябанасць, ці то разладжанасць сістэмы яе «ганялі» ад рэанімацыі да морга. З аднаго аддзялення накіроўвалі ў другое, і так па коле. Маўляў, у іх яго няма. Дактары не маглі сказаць, і ад чаго памёр 27-гадовы малады чалавек. Маўляў, прычына не ўстаноўлена. «Але ж гэта, як у Афганістане: знік без вестак», — адзначае жанчына.
У выніку толькі праз 20 дзён яна атрымала даведку з прычынай смерці сына: сардэчна-­лёгачная недастатковасць.
Антаніне Аляк­сандраўне выдалі эпікрыз, у якім пазначана, што сыну рабілі пункцыю (пракол грудной клеткі) з левага боку. Вадзім да гэтага перанёс дзве аперацыі з пнеўматораксам (скапленне паветра альбо газу ў плеўральнай поласці). Але праблем з сэрцам у яго не было. І жанчына не выключае, што маглі і зачапіць выпадкова.
Сына жанчына пахавала. Даказаць віну медыкаў яна не змагла, у пракуратуры слухаць яе не хацелі.

Праз некаторы час, калі ўбачыла закон аб транспланталогіі, падумала пра іншае. Згодна з законам, чалавек пасля смерці з’яўляецца патэнцыйным донарам органаў і тканак, калі пры жыцці ён не падпісаў адмову (альбо адразу пасля смерці пра гэта не заявілі жонка ці бацькі). Падштурхнулі да такой думкі і словы доктара, які праз нейкі час пасля смерці спытаўся, пахавала яна сына ці крэміравала. Жанчына не выключае, што сына выкарысталі ў якасці донара. Аднак крымінальнай справы няма. Таму і эксгумацыю ёй правесці не дазволілі.

Такое перажыла гэтая дужая, з высакароднымі рысамі аблічча жанчына. Нават ворагу не пазычыш.

Усынаўленню — не, ЭКА — не

Сына вярнуць немагчыма. Са смерцю Вадзіма Антаніна страціла і сэнс жыцця. З блізкіх у яе засталася толькі 75-гадовая мама. «Як жа жанчыне без дзяцей?» — сама сабе думала Антаніна Аляксандраўна. Таму рашылася на ўсынаўленне. Не дазволілі.

Па заканадаўстве існуе ўз­роставы цэнз: розніца ў гадах паміж дзіцем і новымі бацькамі не можа быць большай за 45 гадоў. Жанчыне ўжо 57. А 12-гадовых дзяцей для ўсынаўлення практычна няма. Дый гэта ўжо падлетак, які не прывяжацца да цябе. Праўда, Антаніна Сопат атрымлівае невялікую пенсію. Але яна запэўнівае, што дзіця жыло б не горш, чым у дзетдоме. «Мне ж да пенсіі будуць даплачваць як маці-адзіночцы».

Жанчына вучыла сына на платным аддзяленні ва ўніверсітэце, пабудавала для яго кватэру. Кажа, што жытло засталося б і новаму дзіцяці (свая кватэра ёсць і ў мамы Антаніны). З гэтай нагоды звярталіся да яе і з цынічнымі прапановамі. Прасілі прапісацца на тую жылплошчу, а ў знак удзячнасці абяцалі даглядаць жанчыну да смерці.

Раз нельга ўсынавіць, Антаніна Аляксандраўна рашылася на штучнае апладненне. У маі 2011 звярнулася з такой просьбай у Міністэрства аховы здароўя.
«Мяне паклалі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Маці і дзіця». Абследавалі бясплатна і сказалі, што гарантуюць на 80 працэнтаў, што змагу вынасіць дзіця». А далей жанчыне за ўсё прапанавалі плаціць. Грошай у яе не было. Час ішоў, а вырашэння сітуацыі не знаходзілася. Тым часам у ліпені 2012 ўступіў у сілу закон «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях». Згодна з ім, забараняецца выкарыстоўваць штучнае апладненне ў адносінах да жанчын, старэйшых за 50 гадоў. Гэта стала сапраўдным шокам. У другі раз жанчына трапіла пад узроставае абмежаванне.

Дэпутаты не падтрымалі

Антаніна Сопат вырашыла прайсці праз усё. У такую гісторыю можа яшчэ нехта патрапіць, думала яна, і трэба прайсці гэты шлях не толькі для сябе — для грамадства, у якім людзі не павінны заставацца самотнымі.

Яна звярнулася да дэпутатаў у палату прадстаўнікоў, у Адміністрацыю прэзідэнта. Прасіла ўнесці змены ў закон «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях» для такіх, як яна: дазволіць штучнае апладненне ў любым узросце, калі маці страціла адзінае дзіця. Адказы былі адмоўныя, часам — адпісачныя. Нехта з парламентарыяў не бачыць мэтазгоднасці ініцыяваць такую папраўку, бо сам галасаваў за закон. Іншыя тлумачаць тым, што «абмежаванне не скіравана на пазбаўленне права жанчыны стаць мамай, а накіравана на забеспячэнне аховы жыцця і здароўя маці і дзіцяці». А

адзіным выхадам з сітуацыі бачаць сурагатнае мацярынства.

Калі жанчына зразумела, што іншага выйсця ёй не пакінулі, пагадзілася на апошні варыянт. Але ж гэта надта дорага: у Беларусі прыкладна 15—20 тысяч даляраў.

«Самой нарадзіць мне не дазволілі, а сабраць такую суму нерэальна. Тры гады я жыву як у кашмары».
Грошай у Сопат няма. Думала, каб прадаць кватэру і патраціць грошы на штучнае апладненне. І сёння пакідае такі варыянт, але як самы апошні. Бо ўспрымае кватэру як сваю эканамічную свабоду.
«Я немаладая. А раптам у мяне пахіснецца здароўе, тады што застанецца дзіцяці?»
Жанчына звярталася да дырэктараў прадпрыемстваў у Мазыры, каб дапамаглі матэрыяльна. Усё дарэмна.
Пісала да кіраўніцы Нацыянальнага банка Надзеі Ермаковай. Але Нацбанк «як дзяржаўны орган не мае магчымасці аказаць Вам бескаштоўную дапамогу і садзейніцтва ў пошуку іншых спонсараў». І параіла адчыніць дабрачынны рахунак. Як пад капірку прыйшоў адказ і з Міністэрства фінансаў.

Рахунак завяла. Банк надру­каваў адмысловыя аб’яўкі. «Думаеце, прыемна расклейваць іх на слупах?» — плача жанчына.

Першы плацеж у 20 тысяч рублёў быў працяглы час і адзіным. Пазней на рахунак прыйшлі яшчэ 130 тысяч. І ўсё.

«Я працавала ў сацыяльнай службе: дзесяць гадоў даглядала адзінокіх пенсіянерак. Сядзім, здаралася, размаўляем. А яны расказваюць, як шкадуюць, што не нарадзілі ў свой час дзяцей. Гэта цяпер маці-адзіночка — звыкла. А тады, пасля вайны, колькі сораму тое выклікала. Але да тых, хто не пабаяўся асуджэння і нарадзіў, сёння ўнукі бегаюць. А я сядзела тады і думала: «Як добра, што ў мяне ёсць сын…»

Сына няма. І боль надзеі: «Каб мне пагадзіліся адразу дапамагчы, майму дзіцяці было б ужо два гады».

* * *

Сурагатнае мацярынства

гэта дапаможная рэпрадуктыўная тэхналогія, калі жанчына добраахвотна пагаджаецца зацяжарыць і нарадзіць біялагічна чужое ёй дзіця. Спосаб заключаецца ў злучэнні сперматазоіда і яйцаклеткі генетычнай маці (альбо донарскай) па-за арганізмам жанчыны. Эмбрыён потым пераносяць у арганізм сурагатнай маці.

Цана на такую паслугу ў Беларусі — 15—20 тысяч даляраў. У гэтую суму ўваходзіць падбор сурагатнай маці, працэдуры экстракарпаральнага апладнення, назіранне ў спецыялістаў падчас цяжарнасці, роды ў сэрвіснай палаце, штомесячнае грашовае ўтрыманне. А таксама ганарар, які сурагатная маці атрымлівае пасля родаў.

Сурагатнае мацярынства забаронена ў Аўстрыі, Германіі, Нарвегіі, Швецыі, Францыі і некаторых штатах ЗША. Часам забаронена любое сурагатнае мацярынства, часам толькі платнае, а альтруістычнае дазволена. Аргументы супраць яго і за яго ёсць розныя.

Царква пра ЭКА і сурагатнае мацярынства

Каталіцкая царква — адназначны праціўнік такіх тэхналогій, лічыць іх «амаральнымі». Некаторыя пратэстанцкія цэрквы дапускаюць яго. Праваслаўная царква ацэньвае яго крытычна, але не забараняе.

Што рабіць?

З аднаго боку, дзяржава, у адрозненне ад царквы, не выступае супраць ЭКА. Чаму тады і сапраўды не ўнесці папраўкі ў закон? Забараняць штучнае апладненне праз патэнцыйна магчымыя пагрозы для маці і дзіцяці — прынамсі, спрэчна. Аборт жа ў краіне дазволены. У адным выпадку жанчыне дазваляюць вырашаць лёс дзіцяці, у другім — не. На карысць дазволу гаворыць і тое, што працягласць жыцця паволі расце. Гэта значыць, што жанчыны даўжэй застаюцца здольнымі нарадзіць і могуць выхаваць нават позняе дзіця.

З другога боку, ніхто не забараняе зацяжараць традыцыйна. Але, пагадзіцеся, пасля 50-ці не так і проста самотнай жанчыне знайсці для гэтага мужчыну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?