Беларускія ўлады разглядаюць непадсправаздачны грамадству дзяржаўны апарат як безумоўную перавагу ў кіраванні эканамічнымі зменамі.
Па меры ўзрастання ціску з боку Расіі і Еўрасаюза што да правядзення паўнамаштабных эканамічных рэформаў, робіцца відавочна, што працэс рэфармавання не будзе адкрытым і падсправаздачным грамадству. Інклюзіўная палітызацыя рэформаў і ўключэнне розных груп інтарэсаў у працэс выпрацоўкі новых правілаў гульні ў эканоміцы відавочна ідуць насуперак рацыянальным карпаратыўным інтарэсам палітычных і эканамічных элітаў як Беларусі, так і Расіі.
З гэтага выцякаюць дзве ўзаемазвязаныя сістэматычныя рызыкі.
Па-першае, дэпалітызаваныя і непразрыстыя эканамічныя рэформы, якія праводзяцца ва ўмовах палітычнага рэжыму з нізкай падсправаздачнасцю, імаверна, прывядуць да таго, што Беларусь трапіць у сур’ёзную пастку развіцця з пэўнымі варыяцыямі на тэму «захопу дзяржавы» ўплывовымі карпаратыўнымі коламі. Па-другое, непразрыстыя рэформы створаць «залежнасць ад каляіны». У беларускім выпадку гэта доўгачасовыя і цяжкавыпраўляльныя дыспрапорцыі і асіметрыі, якія ўзнікнуць, напрыклад, у выніку перадачы актываў у рукі ўласніка, абранага з меркаванняў максімальнай палітычнай выгады, а не доўгатэрміновай эканамічнай мэтазгоднасці.
Ці ёсць спосабы пазбегнуць гэтай пасткі?

«Шчаслівая сям’я» краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пасля атрымання незалежнасці перажыла суэвалюцыю палітычных і эканамічных інстытутаў. Тут пераход да дэмакратыі і кансалідацыя дэмакратычных рэжымаў ішлі разам з фармаваннем рынка: рэфарматары паспяхова выкарыстоўвалі «мядовы месяц» пасля краху камуністычнага праўлення, капіталізуючыся на сацыяльным запыце на еўрапеізацыю (назад у Еўропу = назад да нармальнага жыцця). Запасу сацыяльнага цярпення хапіла на тое, каб пераадолець «даліну слёз». Палітычныя ж канфлікты і кампрамісы, і, як вынік, вымушаныя сацыяльныя кампрамісы толькі ўмацавалі дзяржаўныя інстытуты, неабходныя для эфектыўнага функцыянавання рынку.

Суэвалюцыя дэмакратыі і капіталізму ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы тлумачыцца агульнай умовай — наяўнасцю палітычных рэжымаў з пашыранай падсправаздачнасцю. Рэфарматары тут вымушаныя сумяшчаць разнастайныя і часам супярэчлівыя інтарэсы розных груп, ад якіх залежыць палітычная выжывальнасць рэфарматараў.

Па сутнасці, менавіта пашыраная падсправаздачнасць прымушае рэфарматараў шукаць кампрамісы і эксперыментаваць з новымі правіламі гульні ў эканоміцы, а таксама абараняе працэс стварэння новых правілаў ад канцэнтраванага ўплыву вузкіх груп інтарэсаў.

І наадварот, у тых краінах, дзе эканамічныя рэформы праводзіліся ва ўмовах рэжымаў з нізкай падсправаздачнасцю, стварэнне доўгачасовых правілаў гульні (эканамічных інстытутаў) і працэс размеркавання правоў уласнасці трапілі пад кантроль вузкай групы асоб, зацікаўленых у выманні сістэмных рэнтаў шляхам стварэння эканомік «пад сябе».

У палітэканамічнай літаратуры дадзены феномен часцяком называецца «захопам дзяржавы». Так, у перыяд выпрацоўкі новых фундаментальных правілаў гульні (як у сітуацыі пераходу ад сацыялізму да капіталізму) некаторыя групы-канкурэнты могуць быць дастаткова магутнымі, каб убудаваць партыкулярныя, выгадныя для іх асіметрыі ў новы парадак, ажыццяўляючы такім чынам прыватызацыю/выкраданне ці захоп самой дзяржавы як інстытута, які стварае агульныя правілы.

У выніку для рынкавых гульцоў інвестыцыі ў палітыку аказваюцца значна выгаднейшымі за іншыя аперацыі. У сваю чаргу, адказныя за прыняцце рашэнняў асобы ў сітуацыі адсутнасці грамадскага кантролю і сістэмы балансаў і процівагаў «прадаюць» асіметрычны доступ да правоў уласнасці або за нелегальныя грашовыя трансферты (адкаты, мінарытарныя пакеты ў новых карпарацыях), альбо з меркаванняў палітычнага выжывання.
Так, у Расіі правядзенне закладных аўкцыёнаў, якія перадалі кантроль над ключавымі актывамі некалькім абраным фінансавым групам, стала стратэгіяй прэзідэнта Ельцына па стварэнні антыкамуністычнай кааліцыі і атрыманні рэсурсаў для правядзення выбарчай кампаніі.

Постсавецкая гісторыя мае шмат падобных прыкладаў: немагчымасць правесці макраэканамічную стабілізацыю ў Расіі ў сярэдзіне 1990-х праз палітычны ўплыў прыватных банкіраў, якія атрымлівалі звышпрыбыткі ад доступу да дзяржаўнага крэдытавання і блакавалі стабілізацыйныя меры ў расійскай Думе; стварэнне сістэмы прыватных газавых трэйдараў ва Украіне і многае іншае.

Такім чынам, «захоп дзяржавы» робіцца «пасткай развіцця» і галоўнай перашкодай для наступнага рэфармавання, па-першае, таму, што новыя «пераможцы» зацікаўленыя ў захаванні часткова рэфармаванага статус-кво (лібералізацыя без рэгулявання).
Па-другое, выманне рэнты (капіталізацыя на «дрэнных» правілах гульні) выгаднейшае, чым цывілізаваны і транспарэнтны бізнэс, што часта прыводзіць да эканамічных крызісаў (уцечка капіталу, нізкая інвестыцыйная прывабнасць краіны, адсутнасць нармальнага эканамічнага правапрымянення і г.д.).

«Пасткі развіцця» захоўваюцца досыць доўгі час, бо працэсы, якія адбываюцца ў перыяд захопу дзяржавы, прыводзяць да залежнасці ад каляіны. Так, перагляд вынікаў прыватызацыі (нацыяналізацыя і рэпрыватызацыя нелегальна набытых актываў) можа быць нашмат даражэйшым, чым захаванне статус-кво.

Пры гэтым захоп дзяржавы не ёсць пагрозай ва ўмовах рэжымаў з высокай палітычнай падсправаздачнасцю (дзе прафсаюзы, няўрадавыя арганізацыі, бізнэс-асацыяцыі і г.д. маюць магчымасць кантраляваць працэс правядзення рэформаў) і нецэнтралізаванага спосабу прыняцця эканамічных рашэнняў.
Зрэшты, у кожнага правіла ёсць свае выключэнні. Удалы прыклад аўтарытарнай мадэрнізацыі — Паўднёвая Карэя.
Генерал Пак Джон Хі, які стаў прэзідэнтам краіны ў 1961 годзе пасля масавых паўстанняў, атрымаў у спадчыну разбураную структуру эканомікі. Адным з яго першых крокаў стала пазбаўленне волі самых багатых бізнэсоўцаў краіны, якіх пазней вызвалялі ў абмен на частку капіталу або акцый сваіх кампаній, аддадзеных дзяржаве.

Пасля нацыяналізацыі 100% банкаў Пак атрымаў значныя рычагі ўздзеяння на бізнэсоўцаў, якія, у сваю чаргу, аб’ядналіся ў Федэрацыю карэйскай прамысловасці. Гэта прывяло да стварэння сістэмы «чаболяў» — адначасова прыватных і дзяржаўных кангламератаў, якія працуюць, як правіла, на алігархічныя сям’і і развіваюцца на аснове стратэгіі дыверсіфікацыі актываў. Чаболі мелі моцныя палітычныя сувязі, выконвалі дырэктывы дзяржавы і выступалі пасярэднікамі паміж нацыянальным і замежным капіталам.

Карэйскія чаболі (напрыклад, Samsung, LG, Daewoo і інш) зрабілі значны ўплыў на мадэрнізацыю краіны і імпарт заходніх тэхналогій. У цэлым, поспех паўднёвакарэйскай мадэлі стаўся вынікам усталявання правільнай сістэмы стрымлівання і процівагі паміж палітычнай і эканамічнай элітамі.

Па-першае, палітычныя эліты разглядалі чаболі як партнёраў па развіцці краіны, якія ў выпадку неабходнасці маглі даць грашовыя сродкі на патрэбы ўрада. У сваю чаргу, чаболі маглі разлічваць на стабільныя і абгрунтаваныя гарантыі не трапіць пад палітычна матываваную экспрапрыяцыю прыватнай уласнасці, што істотна пашкодзіла б развіццю ўсіх сектараў эканомікі.

Па-другое, карэйскае палітычнае кіраўніцтва здольнае ставіць прыярытэты развіцця краіны вышэй за карпаратыўныя інтарэсы, і генерал Пак паспяхова стрымліваў апетыты сваіх бізнэс-стаўленікаў, прадухіляючы такім чынам адпампоўку рэсурсаў з эканомікі.

Па-трэцяе, карэйскае кіраўніцтва валодала рэсурсамі, неабходнымі для буйных інвестыцыйных праектаў, і паспяхова выкарыстала вонкавую дапамогу для развіцця.

Чаму Беларусь не здольная на «аўтарытарную мадэрнізацыю»

Паспрабуем абагульніць сказанае вышэй, адаптуючы да канкрэтнай сітуацыі ў Беларусі.

Няма сумневаў, што кіраўніцтва Беларусі будзе імкнуцца захаваць статус-кво як мага даўжэй, то бок удзельнічаць у еўразійскім інтэграцыйным праекце ў надзеі атрымаць фінансавую выгаду ад пэўны яго пераваг і адначасова атрымліваць рэнту, карыстаючыся промахамі і недасканаласцю інтэграцыйных інстытутаў.

Статус-кво будзе захоўвацца да таго часу, пакуль Уладзімір Пуцін лічыць, што перавагі ад еўразійскай інтэграцыі перавешваюць страты бюджэту Расіі ад падтрымання Беларусі на плыву. Тым не менш, цалкам верагодна, што Расія будзе больш патрабавальнай у дачыненні да Беларусі, павялічыўшы ціск на Лукашэнку, каб ён выконваў свае фармальныя і нефармальныя абавязанні (выкананне правіл еўразійскай інтэграцыі, увядзенне рынкавых механізмаў і прыватызацыя).

У абодвух выпадках — і калі рэнтавыя даходы (ад Расіі) стануць палітычна занадта дарагімі для Лукашэнкі (г.зн. страта большага суверэнітэту ў абмен на субсідыі), і пры наяўнасці якіх-небудзь іншых формаў унутранага ці вонкавага шоку/ціску — Беларусь вымушаная будзе перайсці ад змяшанай сацыялістычнай эканомікі да пэўнай формы капіталізму.

Улічваючы той факт, што беларускія эліты і грамадства больш зацікаўленыя ў паспяховым эканамічным развіцці краіны, чым у яе дэмакратызацыі, не даводзіцца сумнявацца, што эканамічныя рэформы будуць праводзіцца без значных палітычных рэформаў.

У цэлым, усведамляючы, што ў сярэднетэрміновай перспектыве непазбежнасць рэфармавання эканомікі не падлягае сумневу, кіраўніцтва Беларусі мае на выбар шэраг рэалістычных сцэнараў.

1. Аўтакратычная мадэрнізацыя Беларусі

Першы сцэнар — паспрабаваць правесці істотную аўтакратычную мадэрнізацыю краіны.
Ёсць некалькі важных перадумоваў і параўнальных пераваг такога выбару.
Па-першае, незалежна ад папулярных сярод апазіцыі міфаў, Беларусь застаецца краінай з нізкім узроўнем захопу дзяржавы.
Рэжым Лукашэнкі грунтуецца на перанакіраванні вонкавых рэнтавых патокаў з мэтай атрымання шырокай грамадскай падтрымкі (гэта частка «сацыяльнага кантракту»), таму прэзідэнт рацыянальна зацікаўлены ў стрымліванні апетытаў сваіх стаўленікаў і папярэджанні з’яўлення сапраўдных алігархаў, усведамляючы, што групы, якія шукаюць рэнтавага даходу, могуць адпампоўваць рэсурсы, прызначаныя для куплі сацыяльнай лаяльнасці і грамадскай згоды.
Па-другое, ёсць і аўтакратычная перавага: вертыкальна падначалены і добра кантраляваны дзяржаўны апарат з вялікім маштабам кантролю над эканомікай; палітычная апазіцыя, якая знаходзіцца на мяжы выжывання; рэпрэсіўныя органы, здольныя ў кароткатэрміновай перспектыве ўтаймаваць шырокі пратэст; пераважна лаяльны вялікі бізнэс; парламент, роля якога зводзіцца да фармальнага штампавання прынятых наверсе рашэнняў.

Што сапраўды неабходна для аўтарытарнай мадэрнізацыі (дапускаючы, што Лукашэнка сур’ёзна вырашыць пайсці гэтым шляхам), дык гэта рэкансалідацыя сістэмы іерархічнага капіталізму, у якой працуе механізм добра кіраваных бізнэс-стаўленікаў.

На практыцы гэта азначае дапусканне далейшай канцэнтрацыі капіталу ў руках лаяльнага прыватнага бізнэсу праз прыватызацыю і прывілеяваны доступ да ўласнасці ў абмен на выкананне дзвюх задач.
Першая — падтрымліваць наяўную сацыяльную мадэль, дзелячыся часткай рэнтавых даходаў з грамадствам і беручы пад апеку неплацежаздольнасці прадпрыемстваў з высокай канцэнтрацыяй працоўнай сілы. Другая — садзейнічаць уладам у супрацьстаянні ціску з боку расійскага капіталу і спрыяць развіццю краіны.
Тым не менш, ёсць некалькі сур’ёзных перашкод на шляху аўтакратычнай мадэрнізацыі Беларусі, якія не дазволяць Беларусі структурна капіяваць паўднёвакарэйскі шлях.

• Існуе відавочны дэфіцыт даступнай ліквіднасці, неабходнай для вялікіх інвестыцыйных праграм (асабліва ў выпадку, калі больш танныя еўрапейскія і амерыканскія крэдыты часова недаступныя). Значыць, Аляксандр Лукашэнка, калі ён хоча паўтарыць «скачок тыграў», вымушаны будзе адбіраць рэсурсы з патэрналісцкіх дзяржаўных праграм, што, у сваю чаргу, яшчэ больш паўплывае на «сацыяльны кантракт» і істотна скароціць узровень падтрымкі Лукашэнкі.

• Нягледзячы на значнае паляпшэнне сітуацыі з венчурным капіталам, высокатэхналагічнай прадукцыяй і інавацыйнымі прадпрыемствамі, Расія па-ранейшаму адстае ад заходніх краін, якія змаглі б стаць для Беларусі надзейнымі партнёрамі ў мадэрнізацыі. Тут

Беларусь знаходзіцца ў заганным коле: прыцягненне заходняга капіталу/тэхналогій наўрад ці магчымае без палітычнай лібералізацыі і некаторых формаў вестэрнізацыі, якія, у сваю чаргу, падарвуць перспектывы аўтакратычнай мадэрнізацыі.

• Відавочны дэфіцыт сучаснага чалавечага капіталу для прыняцця рашэнняў і ведаў у тым, што датычыць прыцягнення замежных пазыкаў/інвестыцый і іх накіравання ў патэнцыйна прыбытковыя стратэгічныя галіны. Ні адна са шматлікіх дзяржаўных праграм па павелічэнні прытоку наўпростых замежных інвестыцый не выконваецца, затое назіраецца адток інвестараў з Беларусі.

Іншымі словамі, урад спрабуе вырашыць праблему нізкага ўзроўню наўпростых замежных інвестыцый шляхам давання патэнцыйным інвестарам перабольшаных, амаль афшорных льготных умоваў, страчваючы пры гэтым магчымасць абараняць нацыянальныя эканамічныя інтарэсы і ствараць рэальную каштоўнасць для эканомікі.

• Павялічваючы інтэграцыйны ціск, расійскія палітычныя і эканамічныя эліты пераследуюць свае ўласныя вузкія інтарэсы, якія могуць супярэчыць планам і стратэгіям развіцця Беларусі. Дакладней, расійскія прадпрыемствы зацікаўленыя ў сапраўднай прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, а не ў зліцці і паглынанні пасля таго, як гэтыя прадпрыемствы будуць прададзеныя мясцовым бізнэс-групам.

• Вялікае пытанне, ці будзе Лукашэнка ў стане стрымліваць апетыты груп, якія шукаюць рэнтавы даход і якія зацікаўленыя ў асіметрычных правах уласнасці. Больш за тое, мясцовыя групы могуць стварыць кааліцыі з расійскімі фінансава-прамысловымі групамі, зацікаўленымі ў прыватызацыі Беларусі, і выступіць супраць свайго заступніка. Гэты фактар стварае вялікую рызыку не толькі для ўтрымання ўлады сённяшнімі кіраўнікамі, але і для развіцця ўсяго беларускага грамадства.

• Нарэшце, пытанне не ў тым, настолькі аўтакратычная мадэрнізацыя будзе паспяховай, а ў тым, калі гэты працэс будзе згорнуты пасля свайго запуску.

Спробы ператварыць Беларусь у аўтакратычнага мадэрнізатара а-ля Паўднёвая Карэя хутчэй за ўсё прывядуць да жорсткага захопу дзяржавы, калі захопнікамі выступяць не толькі нацыянальныя бізнэс-гульцы, але і расійскія бізнэс-адміністрацыйныя групы.

2. Нармальны шлях для Беларусі (а-ля Бірма?)

Другі шлях (на дадзены момант ён здаецца непраўдападобным) пазначае звычайны сцэнар рэформаў і, магчыма, часткова нагадвае бірманскі. У Бірме дэмакратычныя рэформы папярэднічалі эканамічным, бо кіраўніцтва краіны ўсвядоміла, што рызыка залежнасці ад рэгіянальнага гегемона — Кітая — занадта вялікая, як і кітайскія памкненні прыбраць да рук прыродныя рэсурсы ў Паўночнай Бірме.

Ідэальным паваротным момантам для ажыццяўлення гэтага сцэнару ў Беларусі магло б быць 19 снежня 2010, калі Лукашэнка яшчэ быў у стане забяспечыць сабе вонкавую легітымнасць, прасоўванне ў заходнім кірунку і выбар на карысць частковай палітычнай рэформы ў мэтах павелічэння прытоку рэсурсаў з Захаду.

Цяпер ужо можа быць занадта позна для такіх дзеянняў: відавочная стомленасць Еўрасаюза што да рашэння беларускага пытання.

Таксама можна канстатаваць дамінаванне прарасійскіх настрояў у кіроўных элітах і ў беларускім грамадстве ў цэлым; наяўнасць вялікага спісу абавязанняў, якія Беларусь павінная выконваць у рамках пачатых інтэграцыйных праектаў.

Тым не менш, мінімізацыя шкоды ўсё яшчэ магчымая.

Такім чынам (парадаксальна!), у інтарэсах Лукашэнкі пашырыць падсправаздачнасць урада (нават у сферы прыняцця эканамічных рашэнняў) і стварыць уплывовы інстытут грамадскага кантролю над ходам рэформ. Пры гэтым, несумненна, беларускім уладам давядзецца ахвяраваць часткай свайго рэнтавага даходу. Але ўлада можа атрымаць наступнае:

• падзел адказнасці за патэнцыйныя выдаткі ад рэформаў з недзяржаўнымі структурамі;

• інструмент для мінімізацыі прыватызацыйнага ціску Расіі (значна лягчэй абгрунтаваць «не», спасылаючыся на гульцоў, якія не падлягаюць дзяржаўнаму кантролю);

• прадэманстраваць міжнародным фінансавым арганізацыям пэўнае паляпшэнне сітуацыі, што, у сваю чаргу, дапаможа палепшыць бізнэс-клімат;

• звесці да мінімуму рызыку «несанкцыянаванай» гонкі за рэнтавым прыбыткам, якую ўрад будзе не ў стане кантраляваць;

• пазбегнуць пастак развіцця і частковых рэформаў/захопу дзяржавы, калі рэфармаванне ўжо пачатае.

Стратэгічны выбар беларускіх уладаў (у выпадку, калі не запозна рабіць выбар), такі: альбо страціць частку сваёй улады і ўплыву праз еўразійскую інтэграцыю і пад вонкавым ціскам гульца са значна мацнейшай перамоўнай пазіцыяй (Расія), альбо свядома ахвяраваць часткай сваіх рэнтаў і зрабіць працэс эканамічных рэформаў больш інклюзіўным.
Другі шлях, безумоўна, прыярытэтны для беларускага грамадства.

* * *

Аляксей Пікулік — акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?