Калі мы пагаджаемся ўзяць удзел у выбарах, гэта не азначае аўтаматычнага прыняцьця ўмоваў гульні. Бо мы кажам «Так!» барацьбе за свой лёс, самім сабе і верым у тое, што адзін чалавек — гэта адзін голас. Толькі праз удзел магчыма пераканаць тутэйшае грамадзтва ў несправядлівасьці сёньняшняй сыстэмы.

Таму стратэгія відавочная: трэба гуляць у кампанію «выбары прэзыдэнта». А вось тактыку кожны абірае паасобку. І тут ёсьць некалькі варыянтаў.

Нарэшце, апанэнты ўладаў прапанавалі народу адзінага моцнага кандыдата (Алеся Мілінкевіча), які ўголас заявіў, што здольны кіраваць краінай. І каманда ёсьць, і праграма, і сілы. Нават лёзунг «Свабода. Праўда. Справядлівасьць». Ці ня гэтага патрабуе беларускі народ? Такі, як і мы, беларус, які жыве нашымі праблемамі і дыхае адным з намі паветрам. Да таго ж адукаваны, патрыятычны, мужны...

Другі варыянт (Народнае галасаваньне) нам прапанаваў Зянон Пазьняк. Але, на жаль, ёсьць чыньнікі, якія перашкаджаюць правесьці гэтую кампанію. Найперш, інфармацыйны вакуўм.

Асобна вырашыў удзельнічаць у кампаніі Аляксандар Казулін. Ягоны рух, па сутнасьці, — альтэрнатыва ня толькі існай сыстэме, але й апазыцыі. І былы рэктар БДУ карыстаецца падтрымкай сярод насельніцтва.

Насамрэч, няма розьніцы, Мілінкевіч ці Казулін выступіць у ролі будучага прэзыдэнта. Мае значэньне толькі факт дасягненьня адзінства. Два Аляксандры павінны працаваць разам. Нельга разрываць на дзьве часткі беларускі народ, трэба сесьці і дамовіцца.

Ідучы да скрыні для галасаваньня, кожны грамадзянін адчувае сваю значнасьць і важнасьць: ён сам абірае шлях цэлай краіны... І ніхто ня мае права адабраць тую мажлівасьць: ані прэзыдэнт, ані начальнік, ані чалец выбарчай камісіі. Ці дазволіць сумленьне маўчаць, калі цябе прыніжаюць, калі ганьбяць тваю годнасьць?

У адзін сонечны дзень у пэўным месцы Радзіма зьбярэ дзясяткі ці сотні тысячаў беларусаў разам, гэта будзе азначаць Перамогу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?