Сам праваабаронца ўжо другі свой дзень нараджэння запар сустракае за кратамі. А традыцыя адзначаць гэтае хай сабе і сямейнае свята ў Бяляцкага было таксама ў коле калегаў. Спачатку тое было ў музеі Максіма Багдановіча, у якім Алесь дырэктарстваў. А затым у правааабрончым цэнтры «Вясна», у які перайшлі і многія супрацоўнікі музея. Па словах адной з такіх «перабежчыц» Таццяны Равяка, дні нараджэнні ўспрымаліся проста дадатковай магчымасцю падкрэсліць добрыя якасці чалавека, сказаць яму прыемныя словы. Барыс Сачанка запомніў «пасядзелкі» ў Бяляцкага ў такія дні тым, што Алесь сам нешта гатаваў. Найбольш даспадобы прыходзіліся ягоныя рыбныя пірагі.
Меркавалася, што да 50-годдзя выйдзе кніга літаратуразнаўчых артыкулаў Бяляцкага за трыццаць гадоў. Кнігу падрыхтавалі, але выданне зацягнулася. І з’явіцца яна ўжо ў кастрычніку.
«Я яшчэ жывы, а Паліна складае маю кнігу»,
— напісаў у лісце да сябра Эдуарда Акуліна праваабаронца. Укладальніцай кнігі выступіла Паліна Сцепаненка.
Вінцук Вячорка заўважыў, што
Алесь быў першым, хто ўзняў бел-чырвона-белы сцяг над будынкам Мінскага гарсавета.
Было гэта яшчэ да афіцыйнага зацвярджэння яго дзяржаўным сімвалам. «Спадзяюся яму і будзе ганаровае права вярнуць сцяг на месца».
За кратамі Алесь зацікавіўся творчасцю беларускіх пісьменнікаў, якія таксама сядзелі. І гэта не толькі рэпрэсаваныя ў 1930-х, але і пазней, а таксама ў наш час. І ён адгукнуўся рэцэнзіяй на «турэмныя вершы» Аляксандра Фядуты, які акурат напісаў сваю кнігу ў турме. «Калі знаходзішся там, пішацца лёгка — словы прыходзяць самі», — падкрэсліў Фядута. А тут, на волі, складаней. І ён ужо два з паловай месяцы не можа напісаць адказ Алесю з удзячнасцю за рэцэнзію. Ён удзячны яшчэ і за тое, што праваабаронца не з’ехаў з краіны летась, хаця ведаў, што будзе арышт.
Прысутных заклікалі запісаць відэазвароты з віншаваннямі для Алеся Бяляцкага. Але гэта ўсё на будучыню. А перадаць свае віншаванні ўжо сёння прапанавалі праз паштоўкі, якія можна было падпісаць на месцы. Заўтра іх адправяць адрасату за краты.
Чытайце таксама «10 фактаў пра Алеся Бяляцкага, якіх не прачытаеш у Вікіпедыі».