Ірына Казуліна назвала «недапушчальнымі» паводзіны й выказваньні ўдзельнікаў групы «Трэці шлях» на адрас паплечнікаў экс‑кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Яна ўзяла ня сябе адказнасьць за разьмяшчэньне на сайце www.kozylin.com лістоў гэтак званых «лістоў патрыётаў з КДБ».
— Я абвяргаю вывады кіраўніцтва «Трэцяга шляху» пра тое, што сайтам кіруе Алег Волчак, — заявіла яна. — Рашэньне пра пастаноўку на сайт спрэчных матэрыялаў прымаю асабіста я, Ірына Казуліна. У прыватнасьці, апошні ліст «патрыётаў» быў разьмешчаны па маім настаяньні, бо ў камандзе думкі разышліся. «Трэці шлях» не дасылаў ніколі ніякіх заўваг і папярэджаньняў. Адразу брутальна адключылі сайт. А называць людзей, якія працуюць столькі часу з мною, «прахадзімцами» (гэта зь іхнага тэксту) — недапушчальна!»
Што датычыць «лістоў патрыётаў КДБ», варта адзначыць, што цэлы шэраг сайтаў у БелНэце спэцыялізуюцца ў публікацыі ананімных або непацьверджаных матэрыялаў, са спасылкаю на свае крыніцы ў сілавых структурах.
Ірына Казуліна, жонка экс‑кандыдата, дзейнічала дзеля адзінства дэмакратычных сілаў і была тварам міжнароднай кампаніі за вызваленьне Казуліна.
«Трэці шлях» — гэта групоўка расейскамоўных актывістаў, які заяўлялі, што выступаюць як супраць дэмакратычнай апазыцыі, так і супраць Лукашэнкі. У свой час на іхным сайце друкаваліся ананімныя матэрыялы, скіраваныя на дыскрэдытацыю А.Мілінкевіча і Дэмакратычных сілаў.