Усё ж не ўтрымаюся, каб ня выказаць свой погляд на "шоў з удзелам Сярэдзіча". Бо абмеркаваньне тэмы набыло, мне падаецца, аднабокі характар.

Ці заўважылі вы такі момант: афіцыйныя крыніцы падкрэсьлена называлі тое мерапрыемства сустрэчай Лукашэнкі з кіраўнікамі СМІ. Гэта істотны момант.

Канешне, на Захадзе мэдыйныя магнаты ня бегаюць па "прэсухах". Там рэдактары не займаюцца камэрцыйным бокам справы — на гэта ёсьць асобнае амплюа. Там на прэсавай канфэрэнцыі можна абстрагавацца ад нізкіх матэрыяў і прыгожа закідваць канцэптуальныя пытаньні. Там сыстэма гарантыяў свабоды прэсы працуе на аўтамаце, пра яе ня думаюць, як звычайна ня думаецца пра кожны ўдых-выдых.

Але ж у нас — унікальная краіна. Тут могуць даць дыхаць, а могуць і ня даць.

Шараговых незалежных журналістаў (у тым ліку і аўтара гэтых радкоў) апошні раз запрашалі да кіраўніка дзяржавы, мусіць, перад выбарамі-2001. Тады ўжо адна толькі пасыянарная Ірына Халіп здолела наладзіць такое "шоў", што арганізатары, бадай, заракліся болей пускаць тых, каму няма чаго страчваць, акрамя ўласных ланцугоў:)

Гэтым разам запрасілі менавіта кіраўнікоў недзяржаўных СМІ. Фактычна — уладальнікаў мэдыйнага бізнэсу. І гэты бізнэс — заклад таго, што яны добра ўзважаць кожнае слова. Адчуваеце вытанчанасьць ідэі?

Зрэшты, нават ня ў гэтым рэч. Ніхто ж ня кідае камень у прафэсара Патупу, літаратара і футуроляга, за тое, што ён у якасьці кіраўніка Беларускага зьвязу прадпрымальнікаў абмяркоўвае з намэнклятурай рутынныя, сумныя для пасыянарыяў пытаньні, умоўна кажучы, адзінага падатку з дробных гандляроў парфумай.

Дарэчы, у тых нібыта прыватных пытаньнях, што ставіліся падчас дыялёгу рэдактараў з прэзыдэнтам 12 красавіка, былі адлюстраваны самыя балючыя праблемы мэдыйнай сфэры — жорсткі фільтар рэгістрацыі, дыскрымінацыя ў галіне распаўсюду, інфармацыйная закрытасьць вэртыкалі... І нешта, магчыма, зрушыцца зь мёртвай кропкі. Калі "Народная воля" стане друкавацца не ў Смаленску, а ў Менску — ужо будзе маленькая перамога. Ня толькі для Сэрэдзіча — для ўсіх нас.

Разам з тым, праз гэты дыялёг удумлівы слухач/глядач выразней адчуў анамальнасьць сыстэмы, у якой фармальна тэхнічныя пытаньні (друкарні, шапікі, радыёчастоты) рэгулююцца не законам, а воляю аднае асобы. Абсурд краіны просьбітаў паўстаў як на далоні. Хай электарат думае.

Маральна хібнай выглядае Сыстэма, а не тыя, хто ставіць перад ёй простыя пытаньні.

Я болей за дваццаць гадоў ведаю Ёсіфа Сярэдзіча з усімі ягонымі моцнымі і слабымі бакамі. Але перад ім варта зьняць капялюш ужо за тое, што "Народная воля" 12 гадоў выжывае ў пякельных умовах. Такія ж фэнамэнальныя здольнасьці да выжываньня дэманструюць БелаПАН, "Белорусы и рынок". Канешне, даводзіцца, як той кажа, круціцца. Ісьці на пэўныя кампрамісы. І падпадаць пад крытыку змагароў-максымалістаў.

Нюанс у тым, што многія такія змагары бэсьцяць рэжым пераважна на кухні (болей прасунутыя — яшчэ і ў інтэрнэце пад нікам). Лёгка быць максымалістам, калі асабіста нічым не рызыкуеш, пальцам аб палец ня стукаеш. Можна сказаць: ну я ж чалавек маленькі! Сярэдзіч, між іншым, таксама не гіганцкага росту. Але ён — не пабаюся патасу! — Вялікі Рэдактар. І, адрозна ад пляяды зацятых форумных крытыканаў, ужо забясьпечыў сабе месца ў будучых падручніках гісторыі айчыннай журналістыкі. Адрозна ад некаторых, ён змагаецца супраць абсурду Сыстэмы з адкрытым забралам праз уласнаручна створаную газэту. Яна таксама не пазбаўленая недахопаў. Калі ласка, зрабеце лепшую — у вас абсалютна такія ж правы, як у грамадзяніна Сярэдзіча!

Каб кожны маленькі чалавек па меры сілаў церабіў сыстэму, даводзячы свае правы, яна б даўно распаўзлася па швах.

Таму я не казаў бы пра шоў з удзелам менавіта Сярэдзіча. На жаль, гэта зацягнутае шоў з удзелам усёй краіны, усяго народу. Толькі адны індыфэрэнтна п'юць піва, іншыя даводзяць сваю сьвядомасьць пад нікамі на форумах (гэтае схалястычнае, вэрбальнае высьвятленьне, хто болей сьвядомы, стала ўжо нейкай хваробай), а некаторыя дзівакі — набіваючы гузы, робяць канкрэтную справу. Тут і цяпер.

Яны — дзейныя асобы. Асабіста я такіх паважаю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?