Недалёка ад цэнтра адбудоўваецца палац губернатара — з калонамі і двухскатным дахам пад чырвонай дахоўкай, у такім самым стылі зроблены і палац біскупа… Каланізатары заўсёды будавалі палацы і дарогі, за што туземцы ім мусілі быць бязмежна ўдзячныя. Рамантычную карціну давяршаюць гарматы на Замкавай гары, скіраваныя ў бок Польшчы — нібыта парэшткі старога каланіяльнага форта на беразе акіяну…

Размова не пра Малайскі архіпелаг, размова пра Гродна, пра беларуска-польскае памежжа.
Калі над рэштай краіны павіс прывід аўтарытарызму, то ў Гродне пануе адкрыты каланіяльны рэжым — хіба без блокпастоў на скрыжаваннях і каменданцкай гадзіны. Нехта з заходнікаў пастаянна мусіць сядзець (пажадана ў гродзенскай турме, на галоўнай плошчы горада, як Аўтуховіч цяпер і Пачобут яшчэ нядаўна), тут нельга ставіць помнікаў нацыянальным дзеячам (можна толькі «каланізатарам»-памежнікам ды паліткарэктным тоўсцікам-купідонам каля ЗАГСу), нельга нічога, бо горад разглядаецца як калонія, тут увесь час чакаюць бунту альбо актыўнай падтрымкі «польскай агрэсіі», а гарадскіх кіраўнікоў прызначаюць выключна з усходу (збольшага магілёўцаў) — вядома, не кіраваць, а даглядаць: каб не нарабілі чаго ды каб не разбеглася насельніцтва — мяжа блізка…

Яшчэ вясной гэтага года пракурор Гродзенскай вобласці Віктар Марозаў заявіў, што пракуратура разам з падатковай інспекцыяй правядуць маштабную праверку даходаў гродзенцаў, якія фармальна нідзе не працуюць. Рэч у тым, што з 240 тысяч працаздольных жыхароў абласнога цэнтра працуюць толькі каля 170 тысяч. Восемдзесят тысяч чалавек, амаль кожны трэці працаздольны гродзенец, не заняты ў гаспадарцы горада. Калі адкінуць не такі ўжо вялікі адсотак «асацыяльных элементаў» і тых, хто толькі прапісаны ў Гродне, а жыве за мяжой або ў сталіцы, то, бадай, уся рэшта прыпадзе на тых, хто зарабляе на памежным гандлі з Літвой і найперш з Польшчай. Цяжка ўявіць сабе рэальны маштаб нелегальнага таварнага і, адпаведна, грашовага, звароту, але няма сумневу, што менавіта ад яго ў значнай ступені залежыць адносны дабрабыт гродзенцаў. Вопратка, бытавая тэхніка, хімічныя сродкі, частка харчовых прадуктаў — усё ідзе адтуль і шэрай плынню расцякаецца па спажыўцах. Таму байкі пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Беларусі з боку Польшчы або ўзмацненне вайсковага саюзу з Расіяй, каб супрацьстаяць нейкаму міфічнаму ворагу, гродзенцы ўспрымаюць з непрыхаванай іроніяй. Ваяваць з неабдымным рынкам збыту гродзенскіх цыгарэт і крыніцай танных джынсаў і кавы ніхто не збіраецца.

Больш за тое, абсалютнай жыццёвай патрэбай для ўсіх ёсць увядзенне малога памежнага руху ў пяцідзесяцікіламетровай прыгранічнай зоне. Гэта дало б наймагутнейшы штуршок эканоміцы вобласці, але адначасова прымусіла б дзяржаўныя прадпрыемствы рэгіёна дзейнічаць у больш жорсткіх канкурэнтных умовах. Але дамова аб памежным руху з Польшчай паспяхова закапаная беларускім урадам, і логіку Мінска тут нескладана зразумець — мільён заходніх беларусаў (жыхары Гродна, Брэста і дзясятка раённых цэнтраў), вырваўшыся ў Ашоны ды Керфуры, незваротна стануць прыхільнікамі еўрапейскай інтэграцыі краіны, сучасныя ж палітычныя трэнды цягнуць Мінск зусім у іншы бок.

На сённяшні дзень Гродзеншчыне адведзеная роля аграрнага прыдатка рэспублікі,
а прадукцыі нават найлепшых прадпрыемстваў рэгіёна, напрыклад, лідскіх аўтобусаў, на вуліцах абласнога цэнтра не ўбачыш — скрозь новыя МАЗы, хаця, здаецца, можна было падтрымаць свайго вытворцу. Апошні міжнародны цягнік праехаў праз Гродна амаль пятнаццаць гадоў таму — усё ідзе праз Брэст, а дабрацца да Беластока можна толькі прыгараднай электрычкай з дзвюма перасадкамі. Цягнік да Брэста ідзе праз дзень і тое праз Лунінец, а «экспрэс» да Мінска цягнецца пяць з паловай гадзін. Усе ВНУ вобласці сканцэнтраваныя ў Гродне (для параўнання, на Брэстчыне ВНУ ёсць таксама ў Пінску і Баранавічах).
Гэтая бесперспектыўнасць вядзе да таго, што вобласць вымірае.
Насельніцтва крыху павялічваецца толькі ў Гродне, а ў другім па велічыні горадзе вобласці — Лідзе — яно за пятнаццаць гадоў скарацілася са 115 да 96 тысяч чалавек. Некаторыя раёны вобласці, напрыклад, Воранаўскі, па велічыні заробкаў займаюць у рэспубліканскім рэйтынгу першыя месцы знізу, адразу пасля найбольш закранутых Чарнобылем раёнаў Гомельшчыны. Моладзь разбягаецца, хто ў сталіцу, хто за мяжу. У Польшчу, дарэчы, трапіць на навучанне і пасля на жыхарства не так і складана. Трэба здаць матуру (польскія дзяржэкзамены), і ты трапляеш у Кракаў ці куды яшчэ з гарантаванай стыпендыяй. Штогод мараходныя школы ў Гдыні і Шчэціне без усялякіх экзаменаў набіраюць на навучанне па 70–80 спартовых здаровых хлопцаў, а гэта цяпер «насельніцтва» цэлай вясковай школы.
Развіццё турызму — новая фішка гарадзенскіх уладаў. Але бадай што адзінай мэтай гэтага «развіцця» мае стаць забарона праводзіць экскурсіі па горадзе тым гідам, якія не атрымалі ў Гродне спецыяльнага дазволу.
Як гэта адаб’ецца на поспехах турыстычнай галіны — вялікая таямніца, а вось вам дакладны факт: большасць найважнейшых помнікаў архітэктуры абласнога цэнтра знаходзяцца ў далёкім ад ідэалу стане. Прычым дзяржава аніяк не ўдзельнічае ў іх аднаўленні. Гродна — адзіны ў краіне абласны горад, дзе за гады незалежнасці не быў адноўлены ніводзін знакавы аб’ект. Кампанія па «аднаўленні» Каложскай царквы скончылася пабудовай новага парафіяльнага будынка для праваслаўных святароў, грошы на аднаўленне адзінай дзейнай у рэспубліцы лютэранскай кірхі збіраюць у Германіі, сінагога аднаўляецца (слова «рэстаўрацыя» тут аніяк не падыходзіць) за прыватныя сродкі, вядома, габрэяў. Затое ў СМІ з’явілася інфармацыя пра тое, што гродзенскія ўлады ініцыявалі стварэнне абласнога музея… сельскагаспадарчай тэхнікі. Акурат тое, чаго не хапае каралеўскаму гораду для прыцягнення натоўпаў турыстаў.
Часам ствараецца ўражанне, што Гродна хутчэй існуе як міф, а не як рэальны горад.
Для палякаў гэта міф «Вялікай Польшчы», куды ўваходзяць Вільня, Львоў, Гродна — гарады, пра якія дзеці чытаюць у падручніках гісторыі. Для Расіі і яе сучасных «васалаў» гэта горад патэнцыйнага супраціву, куды трэба напхаць пабольш вайскоўцаў, прыслаць губернатара з эпалетамі, трохвуголкай ды шпагай каля поясу, пабудаваць «астрог» на галоўнай плошчы — каб «неповадно было». Запомніўся ім наш горад як гарно паўстання 1863 г., другая сталіца БНР, адзіны горад на Беларусі, дзе ў 1999 прайшло факельнае шэсце «краёўцаў», якое сарвала падпісанне чарговай «саюзнай» дамовы і пакінула легенду пра набрынялую крывёй брукаванку насупраць аблвыканкама…

Нягледзячы на скон Расійскай імперыі і Савецкага Саюза, Гродна нібыта працягвае стаяць на «вялікай мяжы», пад бокам «бетоннага мура». У Польшчы, вядома, можна дайсці хоць да памежнага слупа — ніхто табе нічога не скажа. Калі ж вы трапіце ў якую памежную вёсачку з беларускага боку — чакай інспектара на цывільным аўто: нехта з мясцовых абавязкова «даложыць» пра падазронага чужынца на сваім «участку». Дэфармаваная свядомасць насельніцтва гэтых вёсак, зазвычай немаладых людзей, якія працягваюць жыць з адчуваннем «місіі» перад «вялікай краінай» — тэма для асобнага псіхалагічнага даследавання…

Аднак большасць гродзенцаў не хоча жыць каля «жалезнай заслоны» і, паводле Аляксандра Фядуты, перакананыя, што нават сонца ўзыходзіць на захадзе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?