Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч прыме ўдзел у чарговым пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў краін СНД, якое пройдзе 28 верасня ў Ялце.

На пасяджэнні плануецца разгледзець больш як 20 праектаў дакументаў, накіраваных на далейшае развіцё інтэграцыйных працэсаў на прасторы Садружнасці.

Кіраўнікі ўрадаў абмяркуюць комплекс мерапрыемстваў на 2012–2014 гады па рэалізацыі Міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД на перыяд да 2020 года. Плануецца таксама прыняцце Стратэгіі супрацоўніцтва краін Садружнасці ў пабудове і развіцці інфармацыйнага грамадства і Плана дзеянняў па яе рэалізацыі на перыяд да 2015 года. Будуць разгледжаны праекты дакументаў, якія прадугледжваюць далейшае развіццё агульных адукацыйнай, навуковай і культурнай прастораў Садружнасці. Прадметам абмеркавання стануць таксама пытанні ўзаемадзеяння ў фінансавай і сацыяльна-гуманітарнай сферах.

Праграма знаходжання Міхаіла Мясніковіча ў Ялце прадугледжвае шэраг двухбаковых сустрэч. Плануецца таксама, што прэм’ер-міністр прыме ўдзел у бізнес-форуме «Ялцінскія дзелавыя сустрэчы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?