Гомельскаму юрысту і праваабаронцу Леаніду Судаленку інспекцыя па падатках і зборах Савецкага раёна Гомеля прыслала патрабаванне падаць дэкларацыі аб даходах і маёмасці з 2008 года па 2011-ы.
Такое патрабаванне ад падатковай інспекцыі атрымалі яго жонка і старэйшы сын, які, дарэчы, зараз праходзіць тэрміновую службу ў арміі.

Як паведаміў Леанід Судаленка, гэтыя патрабаванні ён звязвае са сваёй актыўнай праваабарончай і грамадскай дзейнасцю. «А таксама з кампаніяй „Выбары“, якая прайшла ў краіне. Я не сядзеў склаўшы рукі, пісаў скаргі на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў, на забарону трансляцыі выступленняў па тэлебачанні. У мяне не было за апошнія гады буйных пакупак, якія маглі б прыцягнуць увагу падатковай. Кватэру наша сям’я пабудавала ў крэдыт як шматдзетная. Мая жонка мае пастаянную працу. Сын наогул пяць гадоў вучыўся ў Польшчы да арміі, і калі б нехта і запатрабаваў у яго дэкларацыю, дык падатковая Польшчы, а не Беларусі», — пракаментаваў праваабаронца.

Ён дадаў, што ў 2011 годзе супрацоўнікі КДБ правялі ў яго кватэры вобыск. «Не саромеліся нават перабраць шафу, дзе ляжыць ніжняя бялізна жонкі.

Так што цудоўна ўлады ведаюць, як я жыву. Хутчэй за ўсё, ім не падабаецца, што мае дзеці абутыя-апранутыя, накормленыя. Ім хочацца, каб мае дзеці былі на вуліцы, брудныя і галодныя і іх узяла пад апеку дзяржава. Я чалавек адкрыты, няхай зноў прыходзяць і глядзяць, як мы жывём», — зазначыў Судаленка.

Вядома, што аналагічнае патрабаванне зрабіць справаздачу аб даходах за чатыры гады атрымаў яшчэ адзін гомельскі апазіцыянер Уладзімір Кацора і яго жонка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?