Беларусь заблакавала прапановы Расіі па ліквідацыі «распушчальнікавага» бізнэсу ў рамках Мытнага саюза, паведамляе РІА Навіны са спасылкай на крыніцу ў органах дзяржкіравання.

«Беларускі бок заблакаваў унесеныя расійскім бокам прапановы ў Раду Еўразійскай эканамічнай камісіі, якія дазваляюць выключыць на тэрыторыі Мытнага саюза вытворчасць і экспарт распушчальнікаў, разбаўляльнікаў, змазачных матэрыялаў і біядызельнага паліва», —

сказала крыніца. Яна адзначыла, што ў адпаведнасці з працэдурай усе рашэнні ў ЕЭК павінны прымацца на аснове кансенсусу. Суразмоўца не патлумачыў, па якіх прычынах Мінск не падтрымаў прапановы расійскага боку.

Як раней паведамлялася, адмова беларускага боку прыняць расейскія прапановы можа быць абумоўлена намерам Расеі выключыць прамагонны бензін з рэжыму перапрацоўкі ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы. Гэта ўшчамляе інтарэсы Беларусі, паколькі прамагонны бензін выкарыстоўваюць у сваёй вытворчасці прадпрыемствы беларускай нафтахіміі.

Масква таксама прапанавала класіфікаваць як нафтапрадукты розныя сумесі нафтапрадуктаў са спіртам, з якіх атрымліваліся распушчальнікі і разбаўляльнікі, змазачныя матэрыялы, у выніку чаго яны таксама будуць абкладацца мытам.

Прапанавана пашырыць пералік тавараў, забароненых да змяшчэння пад мытную працэдуру перапрацоўкі, уключыўшы ў яго спірты ацыклічныя і іх галагенізаваныя, сульфіраваныя, нітрыраваныя або нітразаванныя вытворныя; біядызель і яго сумесі, якія не змяшчаюць або змяшчаюць менш за 70% масы нафты або нафтапрадуктаў, атрыманых з бітумінозных парод.

Беларусь у 2012 годзе бязмытна атрымлівае нафту і нафтапрадукты з Расіі. Пры гэтым яна пералічвае ў расійскі бюджэт 100% экспартных пошлін на нафтапрадукты з расійскай сыравіны, якая пастаўляецца за межы Мытнага саюза. Распушчальнікі, разбаўляльнікі і змазачныя матэрыялы не ўнесены ў пералік нафтапрадуктаў, пры экспарце якіх выплачваецца вывазное мыта, тады як на бензін складае 90% ад экспартнага мыта на нафту. Расійскі бок лічыць, што Мінск, павялічыўшы закупкі расійскіх нафтапрадуктаў, экспартаваў на еўрапейскія рынкі бензін пад выглядам распушчальнікаў.

У канцы ліпеня ў Беларусі працавала міжведамасная расійская група прадстаўнікоў профільных дзяржструктур пад кіраўніцтвам Федэральнай мытнай службы Расіі, якая правярала легальнасць вытворчасці і экспарту распушчальнікаў.

Вынікам працы гэтай групы стала спыненне паставак у Беларусь нафты, якая з’яўляецца сыравінай для іх вытворчасці. Паводле неафіцыйных ацэнак, страты расійскага бюджэту з прычыны сумнеўнага экспарту распушчальнікаў з Беларусі ацэньваюцца ў два мільярды даляраў.

У чацвёртым квартале гэтага года Расія на чвэрць абмяжуе пастаўку нафты ў Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?