Апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці ў Купліне сустрэўся з палітвязнем, сустаршынёй аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўлам Севярынцам.

Сустрэча адбылася ў рамках наведвання нунцыем беларускіх палітвязняў. Яна прайшла ў кабінеце начальніка спэцкамендатуры.
Гуджэроці выказаў Севярынцу «словы падтрымкі і ўвагі».
Яны «пагаварылі пра палітвязняў». Севярынец папрасіў арцыбіскупа паспрыяць далучэнню касцёла да кампаніі БХД «За сямейныя каштоўнасці», у рамках якой плануецца ўнесці змены ў закон аб ахове здароўя.
Нунцый паведаміў, што да зняволенага ў Бабруйску праваабаронцы Алеся Бяляцкага днямі змог трапіць каталіцкі святар.
Гуджэроці перадаў вітанні беларускім палітвязням ад Папы і паведаміў, што ў кастрычніку збіраецца сустрэцца ў Рыме з Бенедыктам XVI.

Севярынец «выказаў падзяку апостальскаму нунцыю і ўсяму акрэдытаванаму ў Беларусі дыпкорпусу за візіт і ўвагу». Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года палітык кіраваў штабам кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага. 16 мая 2011 года ён быў асуджаны да 3 гадоў абмежавання волі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?