Следчы камітэт Беларусі 26 верасня распаўсюдзіў паведамленне, што былы старшыня Гомельскага гарвыканкама, а да гэтага часу намеснік гендырэктара прадпрыемства «Гомельаграпромпраект» Віктар Піліпец 19 верасня змешчаны пад варту па падазрэнні ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Ён быў затрыманы ў рамках расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да службовых асоб унітарнага камунальнага прадпрыемства «УКБ Гомельскага гарвыканкама».

22 верасня, выступаючы перад журналістамі на фестывалі-кірмашы «Дажынкі», Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «некаторыя чыноўнікі, як гэта было ў Гомелі, куплялі, будавалі кватэры за 20 тыс. даляраў і перапрадавалі затым за 50 тыс.».

Ён паабяцаў, што чыноўнікі «сядуць на лаву падсудных».

Па «справе УКБ» раней КДБ арыштаваў службовых асоб упраўлення капітальнага будаўніцтва. Яны падазраюцца ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

Паводле звестак КДБ, чыноўнікі размеркавалі 25 кватэр, першапачаткова прызначаных для грамадзян, домаўладанні якіх падлягалі зносу ў сувязі з адабраннем зямельных участкаў для дзяржаўных патрэб.
Паказаныя кватэры былі размеркаваны сярод работнікаў УКБ, іх сваякоў і знаёмых па цэнах у некалькі разоў ніжэй за рынкавыя.
Як паведаміў БелаПАН кампетэнтная крыніца, не выключана, што з «справай УКБ» звязана і вызваленне 6 верасня ад пасады памочніка прэзідэнта — галоўнага інспектара па Гомельскай вобласці Ігара Пракапенкі.
Ён балатаваўся ў палату прадстаўнікоў, але 17 верасні зняў сваю кандыдату. Яго лёс пакуль невядомы.
Крыніца мяркуе, што да справы могуць быць датычныя некаторыя чыноўнікі аблвыканкама. Да прыкладу, з нядаўняга часу на сайце аблвыканкама няма дадзеных аб першым намесніку старшыні. Раней гэтую пасаду займаў Аляксандр Баранаў.
Прэс-служба аблвыканкама не паведамляе, ці працуе зараз Баранаў.
Магчыма, што звязаны з «справай УКБ» і былы першы намеснік старшыні гарвыканкама Аляксандр Ранько.
Прынамсі, у ліпені яго на пасадзе змяніў Анатоль Чысцік. У тым месяцы з’явілася інфармацыя аб затрыманні чыноўнікаў УКБ.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?