Сяргей Каваленка дома 27 верасня 2012 г.

Сяргей Каваленка дома 27 верасня 2012 г.

Сяргей Каваленка дома 27 верасня 2012 г.

Сяргей Каваленка дома 27 верасня 2012 г.

«Наша Ніва»: Сяргей, як сябе адчуваеце?

Сяргей Каваленка: Добра. Усе балячкі пазажывалі, жоначка мая перадавала лекі ў калонію. У мяне арганізм вельмі моцны, хутка аднаўляецца.

«НН»: На судзе вы выглядалі вельмі кепска.

СК: Пасля суда яшчэ горш. Важыў усяго 45 кілаграмаў, дык я ў пятым класе больш важыў — 47 кг. Жывот, ногі — усё было фіялетавым. Цяпер у мяне вага 91 кілаграм.

«НН»: Падчас галадоўкі сапраўды былі гатовыя памерці?

СК: Так, памерці. Я нават радаваўся, калі ў мяне пачаўся гепатоз. Зэкі на Валадарцы думалі, што я ўжо памёр, але памёр нехта іншы. Калі мяне адвезлі ў дурку, то вырашыў, што яшчэ ўколяць нешта, буду «овашчам» на ўсё жыццё, праз катэтар будуць карміць. Таму і спыніў галадоўку. Роўна месяц у мяне вага складала 45 кілаграмаў.

«НН»: Чаму падпісалі зварот на імя Лукашэнкі?

СК: У мяне сям’я. Мне ўсё казалі, вось напішаш, будзеш з імі радавацца жыццю. Восем дзён у ШІЗА прасілі, каб раскаяўся, прызнаў віну. А потым сказалі, каб напісаў проста: прашу мяне вызваліць. Ноч думаў, вырашыў, калі я прасіў суддзяў, пракурораў мяне вызваліць, то чаму не магу ў Лукашэнкі. Ён жа такі самы чыноўнік. Трэба вам паперка — бярыце паперку. Ні ў чым я не раскайваўся.

«НН»: Па-беларуску пісалі Лукашэнку?

СК: Напісаў на іхняй мове.

«НН»: Пасля таго, як зварот быў напісаны ціск спыніўся?

СК: Быў выпадак, калі мяне справакавалі. Знаходзіўся 16 сутак у ШІЗА за напад на «заўхоза». Там качок такі, 190 рост. Мне не спадабалася, што ён пра мяне казаў іншым вязням. Пасля ШІЗА яшчэ 10 сутак правёў у бальнічцы. Калі выйшаў, то ніхто мяне не чапаў.

«НН»: Як вязні да вас ставіліся?

СК: Па-рознаму. Газеты яны чытаюць — «Народную волю», «Нашу Ніву», «Свабодныя навіны», «Камсамолку». Людзі ўсё разумеюць, але баяцца. 23 верасня глядзелі па тэлебачанню пра выбары, дык паказалі скрыню для галасавання і пячатку. Адзін кажа: «Што вы нам паказваеце гэтую пячатку, нібыта мы не ведаем, як усё робіцца». Проста час Х яшчэ не прыйшоў. Але ўсе разумеюць, што спадзявацца трэба толькі на сябе, а не на Расію.

«НН»: Не было ўмовай вызвалення, каб спынілі грамадскую дзейнасць?

СК: Не. Хаця адразу прасілі, але зразумелі, што бессэнсоўна. Калі вызвалялі, то папрасілі проста без прыгод даехаць дадому.

«НН»: Вы ў турме часта сустракаліся Паўлам Сырамалотавым?

СК: Ён быў у суседнім сектары. Размаўлялі амаль штодня, у тым ліку пра палітыку. Ён анархіст, я — нацыяналіст. Погляды ў нас троху розныя, але мы палітычныя вязні. Малайчына ён, у свае гады пайсці на такі крок. Вельмі мужны чалавек.

«НН»: Цяпер Вам трэба будзе адзначацца ў міліцыі?

СК: Не думаю пра гэта. Артыкул у мяне не такі ўжо цяжкі. Я і так ад іх нацярпеўся.

«НН»: Пра працу ўжо думалі?

СК: Мая заказчыца ў Віцебску чакае мяне ўжо дзесяць месяцаў. Я ёй раблю рамонт, падказваю з дызайнам. Трэба дарабіць пачатае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?