Зьніжкі на праезд для студэнтаў і лекі для самых маленькіх мы даўна ўспрымаем як належнае. Надоечы дэпутатам урад абвесьціў: гэтыя льготы «лішнія». Гэтую навіну ў час прэс‑канфэрэнцыі зь беларускімі журналістамі пацьвердзіў і прэзыдэнт. У бліжэйшым часе беларусаў чакае скасаваньне льготаў.

Студэнты і малыя парадкам «падрэжуць» бацькоўскі бюджэт.

Як стала вядома «Комсомолке», плянуецца пазбавіць дзяцей да трох гадоў бясплатных лекаў, што цяпер ім належаць паводле закону. Навучэнцаў і студэнтаў — 50% зьніжкі на праезд у гарадзкім грамадзкім і прыгарадным транспарце.

Навучэнцаў і студэнтаў‑вочнікаў яшчэ і 50% зьніжкі на праезд па рэспубліцы з 1 кастрычніка па 30 чэрвеня па суботах, нядзелях і сьвятах. Ня здолеюць за паўцаны пакатацца і студэнты‑вочнікі дахаты ў дні зімовых канікулаў. Ім належала такая льгота ва ўсе дні тыдня з 1 студзеня па апошняе чысло лютага.

Дзяцей‑інвалідаў могуць пазбавіць права на 50% зьніжку на праезд па краіне. (Езьдзіць са зьніжкай ім належала з 1 кастрычніка па 15 траўня і аднойчы цягам астатняга году.) Апроч таго, дзецям, што пакутавалі на тэрмінальную стадыю хранічнай недастатковасьці нырак, выдавалася штогадовая грашовая кампэнсацыя выдаткаў на транспарт. Стваральнікі законапраекту ўважылі гэта за лішнюю льготу.

Законапраект па ўпарадкаваньні льготаў яшчэ не гатовы канчаткова — магчыма, дэпутаты адваююць некаторыя зь пералічаных льготаў, ці прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў — зь імі парлямэнтары сустрэнуцца 27 красавіка. На канец траўня ў Палаце прадстаўнікоў заплянавана паставіць канчатковую кропку ў пытаньнях льготаў.

Пра тое, якія яшчэ льготы і якім катэгорыям грамадзянаў плянуецца адмовіць, чытайце ў «КП» в Белоруссии» ў бліжэйшы чацьвер, 19 красавіка.

Тэлезорка Ларыса Грыбалёва пракамэнтавала ініцыятыву наступным чынам:

«Заклікі да нараджэньня дзяцей ня могуць падмацоўвацца такімі рашэньнямі, як гэта. Падумалі б пра адзінокіх маці, якім і так цяжка!»

Іншыя камэнтары тут

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?