Адкрытая культурная пляцоўка Арт-сядзіба, што цягам дзевяці месяцаў працавала ў цэнтры Менску і была зачыненая, верагодна, не без ціску чыноўнікаў, адчыняе новае памяшканне. Пляцоўка пачне працу з творчай сустрэчы з музыкам Лявонам Вольскім ужо ў пятніцу.

У дзесяці хвілінах ад метро «Пушкінская» пад вялікай чырвонай шыльдай «Игровой клуб» хлопец у джынсах і байцы мые шкло ля спуску ў падвальнае памяшканне. Адразу ля ўваходу лідэр гурта «Амарока» Зміцер Афанасенка з вялікім жоўтым пыласмокам вычышчае з куту пыл.

«Ну што, дыхаць нават лягчэй стала», —

Зміцер вылучае пыласмок, выпростваецца і глядзіць на кампаньёна Паўла Белавуса. 10 месяцаў таму гэтыя хлопцы з камандай аднадумцаў адчынілі ў цэнтры Менску ў будынку заводу «Гарызонт» унікальную беларускамоўную творчую пляцоўку пад назовам «Арт-сядзіба».

На сценах памяшкання — толькі што развешаныя валанцёрамі выявы з суполкі Vkontakte Lit.bel. з подпісам кшталту «Прыгажосць ёсць паўсюль».

«Пачнем працу адноўленай Арт-сядзіба адразу з выставы», — кажа Павал. Некалькі дзён таму, калі стала зразумела, што Арт-сядзіба знайшла новае памяшканне, Павал патэлефанаваў стваральніку суполкі Сяргею Савічу і прапанаваў правесці выставу выяваў з суполкі на сценах пляцоўкі.

Са снежня 2011 Арт-сядзіба паспела правесці дзясяткі сустрэчаў з вядомымі музыкамі, мовазнаўцамі, гісторыкамі.
У ліпені беларускамоўная прастора пазбавілася магчымасці арэндаваць памяшканне, як мяркуюць яе стваральнікі, у сувязі з тым, што права на выступ у Арт-сядзібе мог атрымаць кожны. Нават непажаданы для ідэолагаў музыка ці пісьменнік.

Павал Белавус распаўсюдзіў у сацыяльных сетках абвестку з просьбай дапамагчы знайсці новае памяшканне. І неўзабаве да яго звярнуўся намеснік дырэктара рыэлтарскай агенцыі realt.by, які хоць ніколі і не бываў у Арт-сядзібе, але за пляцоўкай у Фэйсбуку сачыў.

«Памяшканне знайшлося даволі хутка, — кажа Белавус. — Яно належыць прадпрымальніку, які раней трымаў тут клуб гульнявых аўтаматаў.
Мы патлумачылі яму, што хочам праводзіць некамерцыйныя сустрэчы, канцэрты. Ён пагадзіўся здаць памяшканне ў арэнду».
Новая Арт-сядзіба ў 2 разы большая за мінулую. У памяшканні цяпер два пакоі, уласная прыбіральня і некалькі зручных фатэляў.
Большы пакой ужо можна выкарыстоўваць, а меншы дзейнічаць пакуль не будзе. Яго Павал мяркуе аддаць пад творчы пошук стрыт-арцерам, якія стваралі дызайн у папярэднім памяшканні Арт-сядзібы, а надалей паказваць тут, напрыклад, кіно.

Цяпер у новым памяшканні тусуецца калі дзясятку валанцёраў. Яны прыйшлі, каб дапамагчы прыбрацца перад першай імпрэзай. Адзін з хлопцаў-валанцёраў тлумачыць па-беларуску дзяўчыне, чаму беларуская мова не вельмі ўжываная і на якім этапе знаходзяцца нацыябудаўнічыя працэсы. Нехта спрабуе прыляпіць адзін з дэматыватараў Lit.bel. да непадатлівых сценаў былой залі гульнявых аўтаматаў.

«Магчымасцяў цяпер болей, планаў таксама, — кажа Павал. — Але насамрэч мала што змянілася.

Як і раней Арт-сядзіба не будзе клубам, кавярняй. Гэта будзе месца для правядзення творчых сустрэч: выстаў, прэзентацый, сустрэч.
У далейшым плануем стварыць тут невялічкую краму, дзе б маглі прадаваць нейкі хэндмэйд, кнігі. Ёсць ідэя зрабіць тут кава-кнігарню, куды чалавек мог бы зайсці, папіць каву, пачытаць і нават набыць кнігу. Патрэбныя ж нейкія сродкі для далейшага існавання пляцоўкі».
«Не ведаю, колькі мы тут праіснуем, але чалавек [яго ўладальнік] добры, памяшканне добрае. Цяпер будзем жыць тут», —
кажа Белавус.

Першая імпрэза Арт-сядзібы запланаваная ўжо на гэтую пятніцу, 28 верасня. Гэта будзе творчая сустрэча з Лявонам Вольскім: прэзентацыя яго новага дыску «Саўка ды Грышка. Сто песень». Пачатак а сёмай, уваход вольны, але колькасць месцаў абмежаваная.

Новая адрэса Арт-сядзібы: праспект Пушкіна, 28а.

Калі ж адбудзецца афіцыйнае адкрыццё пляцоўкі, каманда Арт-сядзібы яшчэ не вырашыла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?