Улічваючы патрабаванні генплана, яшчэ на стадыі праектавання гэтых жылых утварэнняў архітэктары імкнуцца выціснуць максімум з наяўнай тэрыторыі. Аднак камерцыйныя інтарэсы і попыт на рынку нерухомасці ўносяць свае карэктывы нават у зацверджаныя праекты дэталёвай планіроўкі. Пацверджанне таму — сітуацыя ў Брылевічах, дзе забудоўшчык ТАА «Карповіч» збіраецца ўзвесці новы дом ва ўжо сфармаваным квартале.

Гаворка пра ўчастак, размешчаны на скрыжаванні вуліц Яна Чачота і Каралінскай. Цяпер тут зелянее трава, але неўзабаве можа пачацца вялікая будоўля. Акрамя 10-павярховага панэльнага дома вынесены на грамадскае абмеркаванне праект прадугледжвае стварэнне 5-павярховайгараж-стаянкі.

Праект мікрараёна Дружба (пазней яго перайменавалі ў Брылевічы) быў распрацаваны ў «Мінскпраекце» каля 7 гадоў таму.

Як мяркуецца, у 10-павярховым197-кватэрным доме будуць пражываць 429 чалавек. У гаражы-стаянцы запраектавана 240 месцаў для аўтамабіляў. Характэрна, што машыны, як сказана ў апісанні праекта, зоймуць ніжнія паверхі, а на верхнім размесцяцца так званыя памяшканні спадарожнага прызначэння з адміністрацыйнай, гандлёвай і выставачнай функцыямі. Аб’ект абяцае быць вялікім: плошча забудовы гаража-стаянкі (2250 кв.м) пераўзыходзіць плошчу забудовы жылога дома (1860 кв.м).

Акрамя таго, забудоўшчык прадугледжвае месца для стварэння вынаснога гандлю і летнюю эстрадную пляцоўку літаральна пад вокнамі: паміж новым домам і домам № 21.

Да 9 кастрычніка ў мясцовых жыхароў ёсць магчымасць выказацца па праекце.
Спецыяльная скрыня для прыёму заўваг ўсталяваная ў фае школы № 25 (вул. Я. Чачота, 20).

Дадзеная спроба ўшчыльнення — не першая ў Брылевічах. Пэўны час таму на месцы запраектаванага раней дзіцячага садка на вул. Я. Чачота быў узведзены шматпавярховы жылы дом.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?