На пытанне, ці паўплывала на атмасферу выбараў тое, што за кратамі застаюцца кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч і іншыя палітвязні, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына сёння сказала.

«Усё залежыць ад таго, як вы ацэньваеце атмасферу. Калі вы жывяце ў гэтай тусоўцы, у гэтым асяроддзі, дзе асобы, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, успрымаюцца як сябры, то гэта, відаць, на вас паўплывала, на ваша асяроддзе.

Для астатніх, якія наўрад ці памятаюць гэтыя імёны, — я, дарэчы, сама ведаю толькі Міколу Статкевіча, нікога не ведаю, можа, яшчэ нехта з былых кандыдатаў, то ніяк не паўплывала», — заявіла Ярмошына.

«Што да палітвязняў, то я выказала сваю пазіцыю адназначна і ўчора АБСЕ, і раней прадстаўніку пасольства Нідэрландаў, які нас наведаў пазаўчора: у Беларусі няма ніякіх палітвязняў.

Палітвязень — гэта чалавек, які знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі за свае перакананні.

Гэтыя грамадзяне знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі за ўчыненыя дзеянні, якія парушалі грамадскі парадак і пагражалі жыццю і здароўю супрацоўнікаў апарату ЦВК, якія знаходзіліся тут.

Я ўжо не кажу пра пашкоджанне маёмасці. Яны ўчынілі злачынствы, за якія ўчора ў Мадрыдзе іх сустрэлі гумовымі кулямі. Дакладна такіх жа, і ніякая сусветная супольнасць не цікавіцца, а за што ж так жорстка?

У нас спецсродкі не прымяняліся. Таму зусім лагічна людзі нясуць адказнасць за ўчыненыя імі злачынствы.

Таму ўсе гэтыя матывы, размовы пра асобаў, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, — гэта тэма, якая штучна навязваецца міжнародным назіральнікам і нічога не мае агульнага з той рэчаіснасцю, якой суправаджаліся і падзеі ў снежні, і падзеі, якія адбыліся цяпер», — заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына таксама заявіла, што мае намер праводзіць выбарчыя кампаніі ў Беларусі да 2016 года: «Тэрмін маіх паўнамоцтваў заканчваецца ў сьнежні 2016 года. Таму, калі мне не павязе, давядзецца яшчэ праводзіць наступныя парлямэнцкія выбары. Прэзыдэнцкія само сабой. Наступныя парлямэнцкія — восеньню 2016 года».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?