Камісар па грамадскай бяспецы штата Мэн (ЗША) Эн Джордан пераглядае заключэнне паліцыі аб прычынах смерці 20‑гадовага беларускага студэнта, паведамляе газета «Мэн сандэй тэлеграф».

Нагадаем, што ў чэрвені 2006 года ў горадзе Уэлс (штат Мэн) быў знойдзены мёртвым студэнт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта Аляксей Васілеўскі, які прыехаў у ЗША па летняй праграме «Праца і падарожжа ў ЗША».

Паводле інфармацыі газеты, пасля правядзення следства паліцэйскія прыйшлі да высновы, што малады чалавек учыніў суіцыд, і збіраліся закрыць справу. Аднак пасол Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў накіраваў губернатару штата Мэн Джону Балдачы ліст, у якім выказаў занепакоенасць тым, што паліцэйскія называюць у якасці адной з версій смерці А.Васілеўскага самагубства. «А.Васілеўскі быў старанным, ураўнаважаным чалавекам, які ніколі не меў псіхіятрычных праблем», — адзначаецца ў лісце. Паводле інфармацыі амерыканскай газеты, у сваім лісце пасол Беларусі таксама выказаў занепакоенасць тым, што беларускі бок не меў магчымасці азнаёміцца з ходам следства і матэрыяламі справы.

У сувязі са зваротам пасла губернатар Дж.Балдачы прасіў камісара па грамадскай бяспецы штата Мэн перагледзець вынікі расследавання.

Варта адзначыць, што 7 верасня 2006 года ў Чыкага была забіта 21‑гадовая беларуска, якая таксама прыехала ў ЗША па праграме «Праца і падарожжа ў ЗША». Аб выніках расследавання гэтага выпадку пакуль не паведамлялася.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН

Зьмяшчаем матэрыял‑расьсьледаваньне Ірыны Чарняўкі «За што забілі беларускага хлопца», надрукаваны ў «Нашай Ніве» 28 ліпеня 2006 г.