На сайце «Наше мнение» экспэрты Алена Ракава і Аляксандар Чубрык аналізуюць уплыў росту цэнаў на энэргарэсурсы на беларускую эканоміку. Гэта й рост цаны расейскага газу для Беларусі з 46,67 да 100 даляраў ЗША за тысячу кубамэтраў, і ўсталяваньне мыта за нафту ў памеры 29,3% ад памеру ўнутрырасейскага мыта, а таксама новы абавязак абкладаць усталяванымі ў Расеі мытамі экспарт нафтапрадуктаў.

Пры гэтым, адзначаюць спэцыялісты, у бліжэйшыя гады сытуацыя з пастаўкамі расейскіх энэрганосьбітаў будзе толькі пагаршацца: у 2011 г. беларусы пачнуць атрымліваць газ па эўрапэйскіх коштах, а мыта на нафту для нашай краіны ўзрасьце праз два гады да 35,6% ад памеру дзеючага ў Расеі мыта.

На думку А. Ракавай і А. Чубрыка, гэтыя зьмены нэгатыўна адаб’юцца на дынаміцы эканамічнага разьвіцьця Беларусі і запатрабуюць ад ураду карэктыроўкі эканамічнай палітыкі.

Экспэрты адзначаюць, што ўстойлівы рост беларускай эканомікі цягам апошніх гадоў у найбольшай ступені абавязаны танным расейскім энэрганосьбітам і магчымасьці рээкспартаваць у Эўропу нафтапрадукты. Для параўнаньня — кошт тысячы кубамэтраў расейскага газу для суседняй Украіны быў удвая вышэйшы. Удзельная вага нафтапрадуктаў у экспарце ў мінулым годзе складала каля 40% (у 2002 г. толькі 18%), што па розных падліках прынесла краіне прыбытак каля 3 млрд даляраў. Гэта дазволіла ўраду падвышаць заробкі насельніцтва і не рэфармаваць эканоміку, мяркуюць адмыслоўцы. У выніку такога субсыдыяваньня «незаўважанымі» заставаліся залежнасьць беларускага экспарту ад каньюктуры на зьнешніх рынках, а таксама зьніжэньне канкурэнтназдольнасьці айчынных тавараў на ўнутраным і зьнешніх рынках.

Вынікі перамоваў па энэрганосьбітах апынуліся кампраміснымі, што зрабіла наступствы падаражаньня менш балючым. Аднак адчуюцца яны ўжо ў бягучым годзе. Зьмены непазьбежныя ў струкутры прыбыткаў і выдаткаў дзяржбюджэту, а таксама ў сфэры зьнешняга гандлю. Выдаткі бюджэту павялічацца за кошт наўпроставых адлічэньняў на газ, ацяпленьне і электраэнэргію, дадатковага субсідыяваньня сельскай гаспадаркі, ЖКГ і энэргетыкі, а таксама за кошт павелічэньня аб’ёму льготаў.

Для вырашэньня праблемы падтрыманьня стабільнага валютнага курсу Нацбанк і Міністэрства фінансаў праводзяць актыўную працу па прыцягненьні рэсурсаў на зьнешніх рынках. Вядуцца перамовы аб магчымасьці атрыманьня ў Расеі стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 1,5 млрд. даляраў ЗША. Вялася таксама гаворка пра прыцягненьне вялікіх крэдытаў зь Кітаю, а таксама з дапамогаю Raiffeisen Bank. Атрыманьне адмысловага крэдытнага рэйтынгу дазволіла б Беларусі разьлічваць на зьнешнія грашовыя заёмы шляхам выпуску і разьмяшчэньня эўрабондаў.

Адной з важнейшых праблемаў айчыннай эканомікі бачыцца яе высокая энэргаёмістасьць. Захады па яе ліквідацыі з мэтай падвышэньня эфэктыўнасьці беларускай энэргетыкі могуць прынесьці адчувальны пазытыўны для эканомікі эфэкт. Аднак адбыцца гэта можа толькі ў сярэдне‑ і доўгатэрміновай пэрспэктыве. Тым часам, ужо сёньня праз падаражаньне энэргарэсурсаў адбываецца заўважнае зьніжэньне канкурэнтназдольнасьці айчыннай прадукцыі на ўнутраным і зьнешнім рынках. Расейскі пакупнік, чый дабрабыт паступова ўзрастае, пачынае губляць цікавасьць да беларускіх тавараў. І гэта, разам з вытворчасьцю уласна расейскіх замяняльнікаў беларускіх тавараў і прыходам на расейскі рынак буйных замежных кампаніяў, стварае асноўны выклік для беларускіх вытворцаў. Непрымальная залежнасьць ад расейскага рынку, што сталася прычынаю палітычнага шантажу з боку Расеі, робіць неабходным падвышэньне канкурэнтназдольнасьці беларускай прадукцыі і выхаду яе на альтэрнатыўныя рынкі.

Новая сытуацыя, што склалася на пачатку году, можа прывесьці няхай і да непасьлядоўных крокаў у бок лібэралізацыі эканомікі праз прыцягненьне зьнешніх інвэстыцыяў і частковай прыватызацыі дзяржмаёмасьці.

Іншага спосабу кампэнсаваць дэфіцыт эканамісты не прадбачаць. Толькі сёлетняе павышэньне цэнаў нафты выкліча дадатковае перавышэньне расходаў бюджэту над даходамі ня менш чым на 0,8 млрд даляраў, а газу — на 0,4 млрд.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?