Кампанія, заснаваная ў 1992 годзе, адзін з найстарэйшых гульцоў на рэкламным рынку, адсвяткавала свой дзень нараджэння 28 верасня, правёўшы «Крэатыўны падвячорак». У мерапрыемстве ўдзельнічаў заснавальнік агенцтва Сяргей Восіпаў. Ён стаяў ля вытокаў беларускага інтэрнэту, зрабіў непасрэдны ўплыў на яго развіццё, а апошнім часам назіраў за тым, што адбываецца ў байнэце, збоку.

Бізнэсовец павіншаваў супрацоўнікаў кампаніі, а ў перапынку адказаў на некалькі пытанняў Onliner.by.

Успамінаючы пачатак прафесійнай дзейнасці Red Graphic, Сяргей Восіпаў паказаў самыя значныя працы кампаніі, з іроніяй ацаніўшы іх стыль і якасць выканання. Заснавальнік агенцтва адзначыў, што многія з распрацовак і сёння глядзяцца годна, нягледзячы на ўсе тэхнічныя складанасці, з якімі даводзілася сутыкацца ў мінулым.

Цяпер Сяргей Восіпаў працуе над праектамі для расійскага рынку, аднак плануе пашырыць сферу дзейнасці на іншыя краіны — Беларусь, Казахстан і Украіну. Беларускі рынак, лічыць ён, «моцна недаацэнены».

«Ёсць рэчы, якія мяне здзіўляюць. Напрыклад, здзіўляе вельмі маленькі памер беларускага рынку ў грашах. Ён несупастаўна маленькі. Калі параўноўваць з іншымі краінамі, то можна сказаць, што толькі Казахстан, можа быць, адстае ад Беларусі, там практычна няма рэкламнага рынку», — адзначыў ён.

Паводле словаў Восіпава,

замежныя інвестары з цікавасцю глядзяць на беларускі інтэрнэт, аднак існуюць пэўныя эканамічныя, сацыяльныя і іншыя прычыны, якія тармозяць іх прыход сюды.
«Ім здаецца, што рынак жудасна недаацэнены, прапануюць тэрмінова інвеставаць. На іх думку, будзе сапраўдны бум, узлёт… Але ведаючы знутры ўсю „кухню“, разумееш: усё не так проста, аднымі інвестыцыямі справа не абмяжоўваецца. У той жа час байнэт — як спружына, якая паступова расцягваецца ўсё больш. Далей яна можа стрэліць, а можа і саскочыць. Беларускі інтэрнэт прапануе шырокія магчымасці зарабіць, але і выклікае боязь страціць грошы», — лічыць заснавальнік Red Graphic.

«Я аналізаваў рынкі Беларусі, Казахстана і Украіны. Памер — першае, што кідаецца ў вочы. Размаўляеш з мясцовымі пляцоўкамі, хто хоць нейкую рэкламу прадае. Гаворка ідзе пра мізэрныя сумы, яны несупастаўныя з аб’ёмам аўдыторыі. Не можа такі аб’ём людзей спажываць такі маленькі аб’ём рэкламы. Я ніяк не магу сабе гэтага растлумачыць. Ёсць загадка, якой я пакуль не разгадаў», — адзначыў бізнэсовец.

На яго думку, праблема ў недастатковай колькасці рэкламадаўцаў і, як выніку, грошай у галіны.
«Байнэт нагадвае мне рунэт пяцігадовай даўніны. Для людзей, не звязаных з інтэрнэтам, як бізнэс ён з’явіўся адразу пасля крызісу, які ўдарыў па ўсіх старых медыях: рэклама на тэлебачанні ўпала трошкі, радыё апынулася практычна на падлозе, аб’ёмы друкаванай прадукцыі знізіліся ў два разы, а інтэрнэт — не. Упаў, але за пару гадоў значна адыграўся. Усе зразумелі, што па аб’ёмах ахопу ён набліжаецца да „класічных“ медыяў, і пачалі ўкладваць у яго грошы. У Беларусі ў нейкі момант разуменне такога стану рэчаў таксама павіннае прыйсці», — лічыць Восіпаў.

Каментуючы змены за мінулыя пяць гадоў, ён заявіў:

«Мне здаецца, што за пяць гадоў нічога асаблівага не адбылося. Байнэт як быў полем, на якім патэнцыйна можа нешта вырасці, так і застаўся ў тым жа стане.
Нават праблема правайдараў засталася — пра нармальны „анлім“ за 10 баксаў тут можна толькі марыць, як я разумею? І „Белтэлекам“ застаўся? Ніякага буму стартапаў, як ва ўсім свеце і ў рунэце у тым ліку, тут не было. Многія беларускія пляцоўкі зарабляюць свае грошы, але пераадолець планку самаакупнасці або дасягнуць прыбытку, які дазволіць выйсці на біржу, яны не могуць. Байнэт па-ранейшаму застаецца магчымасцю і пагрозай у адным флаконе».

Каб часткова паўплываць на стан рэчаў, Сяргей Восіпаў збіраецца пачаць «заваёву» мясцовага інтэрнэту, пашырыўшы паспяховы, паводле яго словаў, расійскі бізнэс на Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?