«У гэтай пяцігодкі ў Беларусі найважнейшым прыярытэтам з’яўляюцца інавацыі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка 1 кастрычніка на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Ён зазначыў: «Заўтрашні дзень Беларусі ў руках ініцыятыўных і мэтанакіраваных людзей, тых, хто хоча зрабіць жыццё лепшым і гатовы прыкласці для гэтага ўсе намаганні».

Сярод узнагароджаных — прадстаўнікі вытворчага сектара. Лукашэнка асабліва адзначыў унёсак у развіццё айчыннага прыборабудавання адкрытага акцыянернага таварыства «Пеленг», навукова-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Атамтэх» і адкрытага акцыянернага таварыства «Дысплей». Тут асвоілі выпуск канкурэнтаздольнай навукаёмістай прадукцыі, запатрабаванай не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Гэта прыборы для радыяцыйных вымярэнняў, оптыка-электроннае абсталяванне, авіяцыйныя маніторы.

Лукашэнка зазначыў, што ў Беларусі «зрабілі стаўку на эканоміку ведаў, а яна ў многім будуецца намаганнямі дальнабачных кіраўнікоў, таленавітых інжынераў, рацыяналізатараў і вынаходнікаў». У сувязі з гэтым прэзідэнт звярнуў увагу на поспехі работнікаў ЗАТ «Салігорскі інстытут праблем рэсурсазберажэння», дзе асвоены выпуск сучаснага горна-шахтнага абсталявання. У аснову яго вытворчасці пакладзеныя вынаходствы і самыя перадавыя распрацоўкі, іх укараненне ўжо прыносіць бачны эканамічны эфект, зазначыў ён.

У ліку тых, каго сёння ўшаноўвалі, былі і ваеннаслужачыя. «Абарона Айчыны ва ўсе часы лічылася ганаровай місіяй. І ў нашы дні вы карыстаецеся заслужанай павагай і даверам грамадства, і людзі на вас спадзяюцца», — зазначыў Лукашэнка.

Лукашэнка ўзнагародзіў таксама групу спартсменаў і трэнераў: «Многія з вас заваявалі для сваёй краіны спартыўныя ўзнагароды на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню або выхавалі чэмпіёнаў, на рахунку якіх нямала рэкордаў».

Высокімі званнямі і дзяржаўнымі ўзнагародамі адзначаныя некаторыя дзеячы мастацтва. Лукашэнка падкрэсліў: «У сённяшні няпросты час выключна важна, каб мастацтва схіляла да дабра і стварэння, зацвярджала маральныя каштоўнасці і пры гэтым ярка, праўдзіва расказвала пра сучаснікаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?