15.04.2007 / 15:31

Два бакі мэдаля "За вэрбальную адвагу" Працяг тэмы 13

Хам — ён і пры дыктатуры банальны хам, а ніякі не змагар. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

У папярэднім артыкуле я, у прыватнасьці, выказаўся наконт форумнага крытыканства, прадчуваючы, што гэта закране каго-кольвек з заўсёднікаў блогу. Вось мне і кажуць: няма, маўляў, тае хусты, каб завязаць людзям вусны.

Думаю, варта прадоўжыць тэму.

Фішка ў тым, што аўтар гэтых радкоў напісаў дзесяткі артыкулаў менавіта ў абарону свабоды слова. Але вось якая рэч: я практычна ўсе свае артыкулы падпісваю ўласным імем. І нумары розных выданьняў як галоўны рэдактар падпісваў не адзін год.

Таму, даруйце за нясьціпласьць, трошкі ведаю, што такое адказваць за кожнае слова (прычым ня толькі ўласнае) па поўнай праграме.

А вось рэплікі асобных ананімных франдзёраў наводзяць на думку, што аўтары гэтага не адчуваюць.

Чамусьці здаецца, што ў многіх зь іх радыкалізм ды вэрбальная адвага імгненна выпарыліся б, калі б ім далі трыбуну на ўсю краіну ды сказалі: ну давай, мачы па поўнай! Але пад сапраўдным імем. Ведаючы законы Айчыны, практыку іх ужываньня і норавы ўлады.

Лёгка кідаць камяні ў Сярэдзіча (маю на ўвазе асобныя камэнтары да гэтага вось артыкулу) ці кагосьці яшчэ з тых, хто кожны дзень — не раўнуючы як амэрыканскі жаўнер у Іраку:) Вось ёсьць, напрыклад, крутыя гэймеры, што дэманструюць дзівосы віртуальнай адвагі ў "стралялках". Але ці дае гэта ім падставу павучаць байца спэцназу, які рэальна рызыкуе жыцьцём? Ці сапёра, які мае справу з сапраўднай выбухоўкай?

Я ўтрырую, але згадзіцеся: незалежная журналістыка ў беларускіх умовах таксама справа ня самая бясьпечная. І ня трэба саромецца казаць пра разумную абачлівасьць аўтараў, рэдактараў, гаспадароў прыватнага мэдыйнага бізнэсу. Хто выйграе, напрыклад, калі ў выніку публікацыі нечага звыш-звышрадыкальнага той ці іншы недзяржаўны інфармацыйны рэсурс проста зьнішчаць?

Дарэчы, а што ўжо такое "звыш-" можа надрукаваць, каб гэта паставіла на вушы краіну? Фактычна ўсё і так фігуруе ў мэдыях. І ўсе ўсё ведаюць:) Выгукваць жа палымяныя мітынговыя лёзунгі (так, мусіць, хтосьці разумее "поўную праўду") у кожным артыкуле ці, тым болей, на прэсавай канфэрэнцыі — увогуле ня справа журналістаў. У нас ёсьць каму дзяўбці ў кожным выступе, што Карфаген мусіць быць разбураны:)

Зрэшты, што мы ківаем на спэцыфіку рэжыму? Па-першае, гэта зусім не апраўданьне для сеціўнага хамства. Хам — ён і пры дыктатуры банальны хам, а ніякі не змагар. Па-другое, на вольным Захадзе большым попытам карыстаюцца не радыкальныя, а якраз збалянсаваныя, рэспэктабельныя мэдыі. Чытач шукае ня хвосткі вэрбальны экстрым, а нэўтральную інфармацыю ды ўзважаныя камэнтары, у якіх адлюстраваны розныя погляды на праблему. І там, дарэчы, таксама караюць за злоўжываньне свабодай слова (канешне, не на такіх высмактаных з пальца падставах і ня так брутальна, як бывае ў нас).

Адзначым: і прафэсійныя журналісты ў нейкіх выпадках карыстаюцца псэўданімамі. Само па сабе гэта ня ёсьць заганай. Што ж да Сеціва, дык гэта ўвогуле асобная вялікая субкультура, у якой фэномэн ніку займае важнае месца.

Але ж, акрамя мноства субкультураў, ёсьць звычайная агульначалавечая культура. Менавіта на ейных пастулятах і грунтуюцца тыя ідэолягі Сеціва, што прапануюць кодэксы блогераў.

Простае правіла, напрыклад: не пішы пад нікам таго, што не сказаў бы ў вочы.

Давайце паглядзім адзін аднаму ў вочы.

P.S. Культура свабоды слова, культура дэмакратыі — увогуле вялікія, складаныя і надта актуальныя для нашай грамады праблемы. Адзін штрых: у 1994-м былі самыя дэмакратычныя выбары за ўсю найноўшую гісторыю Беларусі. Ну і... самі ведаеце.

P.P.S. Развагі аўтара ня ёсьць каменем у гарод удзельнікаў абмеркаваньня папярэдняга артыкулу. Там ўсё прыстойна (на момант, калі пішу гэтыя радкі:)

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Ягор / Адказаць
15.04.2007 / 17:46
Аўтару - рэспект. Добра сказаў. Добра і трапна.
0
МК / Адказаць
15.04.2007 / 20:59
Шаноўны Аляксандр, добра напісалі. Вы, галоўнае, не збівайцеся на банальнасці, бо інакш давядзецца Вас рэзка крытыкаваць...
0
Фядута / Адказаць
15.04.2007 / 23:17
Аляксандр Уладзімеравіч, калі ласка, дайце ў гэтым выпадку сваю ацэнку тым, хто рабіў у апоні час допісы блогеру der_oper -- вядомаму Ўладу Міхайлаву...
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру