Язэп Драздовіч. Дом былога судзілішча Менскага замка. 1920.

Язэп Драздовіч. Дом былога судзілішча Менскага замка. 1920.

Галоўны Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага быў вяршыняй судовай сістэмы ВКЛ — адной з самых перадавых у Еўропе Новага часу.
У гэты найвышэйшы апеляцыйны суд звярталіся тыя, хто не дабіўся праўды ў судах ніжэйшай інстанцыі.
Ён быў створаны вялікімі князямі ў канцы XVI стагоддзя. То быў час маштабных рэформаў.
Дастаткова прыгадаць Валочную памеру, якая распачалася ў 1557, адміністрацыйна-судовую рэформу 1564–1566, калі паўсталі ваяводствы і паветы ды была сфармаваная сістэма земскіх і гродскіх судоў. Трыбунал вянчаў гэтую сістэму.

Ён кіраваўся прынятай 1 сакавіка 1581 г. на варшаўскім Сойме ўхвалы «Трыбунал абывацелям Вялікага Княства Літоўскага». Тэкст «Трыбунала» быў апублікаваны ў 1586 у Вільні, у знакамітай друкарні Мамонічаў, па-старабеларуску. У XVII ст. яго выдавалі ўжо на польскай мове. Звычайна трыбунальскую канстытуцыю друкавалі разам са Статутам 1588, і да нашых дзён гэтыя дзве кнігі дайшлі часта пераплеценымі пад адной вокладкай.

Суддзямі Трыбунала маглі быць толькі ўраджэнцы ВКЛ, шляхцічы, што мелі ўласныя маёнткі, дасведчаныя ў праве і мясцовых звычаях.
Пачатак першай «выбарчай кампаніі» быў прызначаны на 2 лютага 1582. Такім чынам, сёлета спаўняецца 430 гадоў з пачатку дзейнасці аднаго з найважнейшых судовых інстытутаў у нашай гісторыі.

45 дэпутатаў

Ад кожнага павета шляхта на сойміках абірала ў Трыбунал двух прадстаўнікоў паўнамоцтвамі на адзін год. ВКЛ пасля Люблінскай уніі складалася з 22 базавых адміністрацыйных адзінак. Ад 1588 Жмудзь (сучасная Літва) стала прысылаць ужо трох дэпутатаў, як даволі вялікі рэгіён. Сесіі Трыбунала праходзілі пад старшынствам выбранага дэпутатамі маршалка, пастановы прымаліся большасцю галасоў на аснове Статутаў ВКЛ і соймавых канстытуцый.

Галоўнай сядзібай Трыбунала была Вільня. Але дзейнасць гэтай судовай інстанцыі была арганізаваная так, каб наблізіць яе да рэгіёнаў.
Сесіі Трыбунала (кадэнцыі) праводзіліся таксама ў Троках, Навагрудку і Мінску. Колькасць спраў была такой велізарнай, што цяжка было змусіць усіх пазоўнікаў прыязджаць у сталіцу.

Тэрмін штогадовай інагурацыі Трыбунала ВКЛ быў вызначаны заканадаўча і прыпадаў на панядзелак праз два тыдні пасля Вялікадня. Свята гэтае было рухомым, і кадэнцыі распачыналіся паміж 6 красавіка і 10 мая.

Трыбунал падвышаў статус Мінска

Дэпутаты збіраліся ў сталіцы ВКЛ, дзе чатыры тыдні слухалі справы па Віленскім ваяводстве, а потым два тыдні — па Полацкім. Затым суд пераязджаў у блізкія Трокі і шэсць тыдняў разбіраў справы там. Далей наступаў двухтыднёвы перапынак, Трыбунал перамяшчаўся ў Навагрудак, дзе дванаццаць тыдняў абмяркоўваліся скаргі з Навагрудскага і Берасцейскага ваяводстваў. Пасля зноў быў перапынак і суд пераязджаў у Мінск. Тут разглядаліся па чарзе справы Віцебскага, Мсціслаўскага і Мінскага ваяводстваў. Так выглядаў графік працы Трыбунала ў першыя гады існавання. Быў ён нязручным, бо прадугледжваў частыя і доўгія падарожжы.

У 1588 адбылася рацыяналізацыя: пасяджэнні па-за Вільняй сталі адбывацца папераменна, праз год — у Навагрудку і Мінску. Навагрудскія і Мінскія сесіі атрымалі назву Рускіх кадэнцый.

Змены ў расклад пасяджэнняў былі ўнесеныя на Каранацыйным Сойме 1773–1775. Інагурацыя кожнага новага складу Трыбунала адбывалася 1 мая ў Гродне, якое паступова набывала некаторыя функцыі сталіцы ВКЛ. Да 30 верасня таксама ў Гродне адбываліся пасяджэнні Рускай кадэнцыі. Гэты парадак пратрываў да 1791 г. У апошнія гады Рэчы Паспалітай сесіі Трыбунала адбываліся ў Вільні, альбо зусім зрываліся праз уварванні расійскіх войскаў.

Такім чынам, ад самага стварэння і да 1773 Галоўны Трыбунал ВКЛ рэгулярна засядаў у Мінску.
Ад гэтага статус места ў дзяржаве значна павышаўся. Магчыма, тады і пачалося яго ўзыходжанне да сённяшняга статусу сталіцы незалежнай Беларусі.

Падказка Драздовіча

Але ж дзе адбываліся пасяджэнні гэтага найважнейшага судовага органа краіны? Куды з’язджалася шляхта бараніць свае правы? У пратаколах пасяджэнняў мы можам сустрэць указанне, што «суддзі галоўныя» збіраліся «на замку Менскім». А канкрэтней? Падказку даюць выявы Мінска пачатку ХХ ст., у тым ліку і рысункі аднаго з найслыннейшых беларускіх мастакоў таго часу Язэпа Драздовіча.

У 1919 Драздовіч пасяліўся ў Менску і стаў настаўнікам малявання ў Беларускай вышэйшай жаночай школе, адначасна працуючы ілюстратарам у літаратурных выдавецтвах і мастаком-дэкаратарам ў Таварыстве беларускага мастацтва. Менскі перыяд творчасці мастака пазначаны графічнай серыяй гістарычных помнікаў горада. Гэта класічны выгляд Высокага рынку з Траецкай гары і нізка аркушаў з выявамі Менскага замчышча.

Гэта жывыя дакументы часу, што данеслі да нас аблічча старога горада. На адным з іх — «Дом былога судзілішча Менскага замка», бачны цераз пралом мура.

Ёсць і фотавыявы гэтай камяніцы. Яны захоўваюцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. Калі параўнаць рысунак і фота, можна пераканацца, што на іх — адзін і той жа будынак.

На некаторых гістарычных ілюстрацыях указваецца, што гэта будынак гродскага суда. Шляхта не надта любіла судзіцца ў гродскіх судах, але нават у Вільні для Трыбунала і павятовых судоў быў узведзены адзін гмах. Менская ж гістарычная традыцыя магла захаваць назву гродскага суда, бо той дзейнічаў даўжэй за Трыбунал, ужо пасля знікнення дзержавы, — аж да першай трэці ХІХ ст.

Роўнае месца за Домам фізкультурніка

Стаяла гэтая камяніца з характэрным выступам — рызалітам — у паўночна-ўсходнім куце замка. Тут знаходзіліся гаспадарскія (вялікакняскія) і ваяводскія пабудовы, у тым ліку рэзідэнцыя менскага ваяводы і судовы будынак, у якім найхутчэй і адбываліся менскія кадэнцыі Трыбунала ВКЛ. Цяпер там — роўнае месца.

Але калі ён быў разбураны? Праўдападобна, мураваныя будынкі на Менскім замчышчы зазналі разбурэнні падчас бамбаванняў 1941–1944. Прынамсі, на здымках 1944 мы бачым моцна пашкоджаныя камяніцы.

Яны былі канчаткова разабраныя да лета 1949
. Асобныя ўчасткі землянога вала замка захоўваліся да 1950-х і былі зрытыя падчас пракладкі Паркавай магістралі (сёння — праспект Пераможцаў). Пачынаючы ж ад 1956, на замчышчы праводзіліся маштабныя будаўнічыя работы, звязаныя з рыццём катлавана для спартовага павільёна «Працоўныя рэзервы» (сучасны Дом фізкультурніка) і нівеліроўцы паверхні ўсяго замчышча. Тады было зрэзана 3–3,5 метра культурных напластаванняў, якія захоўвалі сляды дзейнасці чалавека ў мінулым. Праўдападобна, тады былі выкапаныя і выкінутыя і падмуркі судовага палаца. Сёння на яго месцы — пустэча за Домам фізкультурніка на беразе Свіслачы (раён станцыі метро «Няміга»).

Улічыць падчас рэканструкцыі замчышча!

Такім чынам, маем версію размяшчэння будынка Трыбунала ВКЛ — аднаго з самых старажытных судовых будынкаў Мінска.
Цяпер гарадскія ўлады распрацоўваюць маштабны праект рэканструкцыі Мінскага замчышча. Варта, прынамсі, пазначыць на ім месца Трыбунала, у якім продкі стагоддзямі адстойвалі справядлівасць.

*** Рызаліт

    (італ. Risalita «выступ») — частка будынка, якая выступае за асноўную лінію фасада і ідзе ва ўсю вышыню будынка. Звычайна гэтыя архітэктурныя элементы сіметрычныя па адносінах да цэнтральнай восі будынка. Складаюць адзінае цэлае з асноўнай масай пабудовы.
Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?