Беларускаму вайскоўцу, малодшаму сяржанту роты глыбіннай разведкі спецназа Мінабароны Сцяпану Захарчанку, які ў мінулым годзе збег у Літву, Літоўскі дэпартамент міграцыі не даў прытулку і забараніў тры гады ўязджаць у краіну.

Пра гэта стала вядома 2 кастрычніка ў Віленскім акруговым адміністрацыйным судзе (ВААС), дзе разглядалася скарга грамадзяніна Беларусі ў сувязі з адмовай Дэпартамента міграцыі даць яму прытулак.

Справа разглядалася публічна, бо пра гэта прасіў сам Захарчанка. Ён сцвярджаў, што публічнасць яму шкоды не прынясе. Звычайна такія справы разглядаюцца на закрытых пасяджэннях, аднак калегія суддзяў ўлічыла меркаванне Захарчанкі.

Інтарэсы беларуса ў судзе прадстаўляў адвакат Лаўра Гумуляўскене. З суддзямі Захарчанка кантактаваў з дапамогай перакладчыка.

Захарчанка ў судзе паўтарыў, што дэзертаваў з беларускага войска [год таму], бо адмовіўся падпісаць дакументы аб прымяненні фізічнай сілы супраць мірных жыхароў.

Захарчанка прасіў абавязаць Дэпартамент міграцыі перагледзець яго справу. Даць прытулак гэтаму грамадзяніну Беларусі просіць і Фонд садзейнічання абароне грамадзян.

Высветлілася, што Захарчанка, папрасіўшы прытулку ў Літве, правёў тут нейкі час, а потым з’ехаў у Нарвегію.
Паводле яго слоў, калі ён знаходзіўся ў Цэнтры ўцекачоў у Пабрадзе, літоўскія спецслужбы сказалі яму, каб ён часта не хадзіў у краму, бо ім цікавяцца беларускія спецслужбы.
Адвакат Захарчанкі сказала, што беларуса Нарвегія вярнула ў Літву, дзе ён папрасіў прытулку.

Аднак суд не паверыў заявам Захарчанкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?