Апазыцыя ў новай сваёй стратэгіі ставіць мэтай вольныя выбары. Я, канешне, абедзьвюма рукамі за свабоднае волевыяўленьне масаў :) Але круціцца ў галаве такое вось трохі схалястычнае пытаньне: ці могуць выбары — любыя — быць мэтай?

Па мне, дык вольныя выбары, як і дэмакратыя ўвогуле, ёсьць толькі сродкам, інструмэнтам, мэханізмам. І якім чынам гэты мэханізм здольны спрацаваць у нашых умовах — гэта яшчэ бабуля надвая варажыла. Ужо даводзілася падкрэсьліваць: у 1994 годзе адбыліся самыя дэмакратычныя выбары за ўсю найноўшую гісторыю Беларусі — і што мы атрымалі?

Так што ня варта фэтышызаваць інструмэнты.

Згадваецца эпізод 18-гадовай даўніны. У такі ж вясновы дзень 1989 году на мой рэдактарскі стол лёг артыкул пісьменьніка Эдуарда Скобелева. Аўтар перасьцерагаў ад спароджаных перабудовай шкодных ідэяў кшталту шматпартыйнасьці ды экзамэнаваньня ўлады на плебісцытах.

Нюанс палягаў у тым, што аўтар быў ня проста бэлетрыстам, але і супрацоўнікам апарату ЦК КПБ. Кампартыя ж тады камандавала ўсім, уключна з прэсай і друкарнямі. Шосты артыкул Канстытуцыі СССР аб "кіроўнай і накіроўнай сіле савецкага грамадзтва" скасуюць толькі налета, у чэрвені 1990-га.

Але ў "Знамени юности" ужо практыкавалася палітычная палеміка. І я напісаў свой артыкул, які выйшаў побач з творам Скобелева.

Вяртаюся дадому, лаўлю хвалю "Свабоды" (тады дзеля сілкаваньня непадцэнзурнай інфармацыяй да прыймачоў прыпадалі гэтак сама прагна, як цяпер да сеціва). Зачытваюць у этэры мой артыкул! З прадмовай, што, маўляў, упершыню ў легальнай савецкай прэсе зьмешчаны выступ на карысьць шматпартыйнасьці і рэфэрэндумаў.

Жонка кажа: ну што, трэба сушыць сухары! Але абышлося.

Згадваю ня дзеля таго, каб пахваліцца, які быў круты дысыдэнт :) А каб падкрэсьліць, якімі наіўнымі былі ў нас, энтузіястаў перабудовы, уяўленьні пра дэмакратыю. Якія ідэалістычныя ўскладаліся спадзевы на адвечную мудрасьць народу! Здавалася: толькі дай доступ да інфармацыі, забясьпеч плюралізм — і ён, народ, адразу ва ўсім разьбярэцца. Рэфэрэндумы падаваліся апатэозам дэмакратыі.

Іронія лёсу: празь нейкі час Эдуард Скобелеў апынецца ў камандзе прэзыдэнта Лукашэнкі, якая зладзіць тры рэфэрэндумы. Іхнія элегантныя вынікі вы добра ведаеце. Ну а партыяў у нас зараз, здаецца, аж 17. Дэкор для Эўропы.

Дарэчы, цяперашняя ўлада (пачытайце артыкулы афіцыйнага ідэоляга акадэміка Рубінава) прызнае, што мусіць абмяжоўваць свабоды. Але, маўляў, дзеля бясьпекі самога народу, бо ён да карыстаньня ўсім гэтым арсэналам не дасьпеў. Так хаваюць нажніцы ад маленькіх дзяцей.

Хтосьці скажа: ну дык а чаго хацець ад "антынароднага рэжыму"! Але ці цалкам адэкватны такі ярлык? Можа, сёньняшняя ўлада акурат і адлюстроўвае ў немалой ступені ўзровень нацыянальнай ды грамадзянскай самасьвядомасьці паспалітага люду?

Між іншым, цалкам імаверна, што калі новая ўлада распачне сыстэмныя рэформы, будзе вой якая хваля настальгіі па часах Лукашэнкі!

Сапраўды, дэмакратыя вымагае пэўнага ўзроўню грамадзянскае самасьвядомасьці. Зь іншага боку, а як напрацаваць пласт тае дэмакратычнае культуры ва ўмовах аўтарытарызму? Як навучыцца плаваць у Сахары? Аргумэнты акадэміка Рубінава можна было б яшчэ неяк успрымаць, калі б улада пакрысе разьнявольвала грамадзтва. Але ж калі на кропкавую прыватызацыю яна яшчэ згаджаецца, то пра дэмакратызацыю — нават кропкавую — і слухаць ня хоча. Вы ж чулі наш адказ Чэмбэрлену (прабачце, ван дэр Ліндэну:).

Што ж да апазыцыі, то яна, мусіць, слушна загаварыла пра неабходнасьць пазытыўнае альтэрнатывы. Іншае пытаньне — наколькі ўдала, выразна яе сфармулююць. У 1994 годзе (малюю сюжэт, канешне, спрошчана) Лукашэнка абышоў дэмакратычных кандыдатаў, прапанаваўшы сваю, калі хочаце, пазытыўную альтэрнатыву: запусьціць заводы ды перамагчы гідру карупцыі! Гэтая праграма здалася бальшыні суайчыньнікаў найболей прывабнай.

Ва ўсякім разе, відавочна мала толькі абстрактна даводзіць, што дэмакратыя — гэта крута. Трэба пераканаўча паказваць паспалітаму люду, што можна пабудаваць пры дапамозе гэтага інструмэнтарыю. Абагаўляць жа яго ня варта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?