Былы капітан зборнай Германіі па футболе Міхаэль Балак абвясціў пра завяршэнне кар’еры. На сваім афіцыйным сайце гульца, 36-гадовы футбаліст падзякаваў усім сваім фанатам і нагадаў, што яго прафесійная кар’ера доўжылася 17 гадоў. Яго апошнім клубам быў «Баер», які паўабаронца пакінуў пасля заканчэння мінулага сезона.

За зборную Нямеччыны яе былы капітан правёў 98 сустрэч і забіў 42 мячы. Ён удзельнічаў у чэмпіянатах Еўропы 2000-га, 2004-га і 2008 гадоў, а таксама ў чэмпіянатах свету-2002 і 2006. На Еўра-2012 ён працаваў ужо ў якасці эксперта амерыканскага тэлеканала ESPN.

Улетку мінулага года было абвешчана, што Балак больш не будзе выклікацца ў зборную Германіі. Па словах галоўнага трэнера бундэстым Ёахіма Лёва, гэтае рашэнне было абумоўлена жаданнем даць шанец маладым футбалістам.

За клубную кар’еру Баллак паспеў пагуляць за «Хемнітцэр», «Кайзерслаўтэрн», «Баер», «Баварыю» і «Чэлсі».
Найбольшых поспехаў ён дамогся, выступаючы за «Баер» і «Баварыю» у пачатку 2000-х: тройчы прызнаваўся гульцом года ў Германіі (2002, 2003 і 2005 гг), а ў 2002 годзе УЕФА яго прызнала найлепшым паўабаронцам сезона.
У 2006 годзе Балак падпісаў кантракт з лонданскім «Чэлсі», але ў 105 матчах за гэты клуб забіў толькі 17 мячоў (для параўнання, у «Баварыі» 44 мячы ў 107 матчах).

Пасля «Чэлсі» Балак адгуляў два гады ў тым жа «Баеры». Улетку гэтага года цікавасць да немца праяўлялі клубы з Аўстраліі і Паўночнай Амерыкі, аднак той вырашыў спыніць прафесійную кар’еру, спыніўшыся на адзнацы ў 145 галоў у 585 матчах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?