"Цяпер чарга беларускіх уладаў прадэманстраваць сваё жаданне стаць бліжэй да еўрапейскіх структур і Савета Еўропы". Пра гэта заявіў старшыня Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Рэне ван дэр Ліндэн 16 красавіка ў Страсбургу (Францыя) падчас відэаканферэнцыі, адказваючы на пытанне БелаПАН.

"Пакажыце сваю добрую волю і сваё жаданне стаць членам велізарнай еўрапейскай сям'і", - сказаў кіраўнік ПАСЕ. Пры гэтым ён падкрэсліў, што не з'яўляецца прыхільнікам "працягвання ізаляцыі" Беларусі. "Гэта дрэнна для абодвух бакоў, - лічыць Р. ван дэр Ліндэн. - Але павінны быць выразныя знакі і з нашага боку, і з боку беларускіх уладаў аб гатоўнасці супрацоўнічаць".

Р. ван дэр Ліндэн падкрэсліў, што яго студзеньскі візіт у Мінск прадэманстраваў гатоўнасць ПАСЕ і Савета Еўропы да дыялогу. Кіраўнік ПАСЕ адзначыў, што ў Мінску меў магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі ўсіх апазіцыйных палітычных партый, са студэнтамі, з рэлігійнымі лідэрамі, а таксама з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, спікерам Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Канаплёвым і старшынёй Савета Рэспублікі Генадзем Навіцкім. "Я таксама сустрэўся з жонкай Казуліна, які цяпер у турме і якога я лічу палітычным зняволеным", - сказаў Р. ван дэр Ліндэн. Пры гэтым ён падкрэсліў, што беларускія ўлады адмаўляюць наяўнасць палітычных зняволеных у краіне. "Калі ў нас разыходзяцца меркаванні пра тое, ці ёсць палітзняволеныя альбо няма, давайце звернемся да міжнародных экспертаў, - сказаў старшыня ПАСЕ. - Ёсть дасведчаныя эксперты, якія вывучаць усе выпадкі і вынясуць сваё рашэнне, якое мы прымем".

Р. ван дэр Ліндэн таксама нагадаў, што падчас візіту ў Мінск у інтэрв'ю праграме "Панарама" Першага канала беларускага тэлебачання меў магчымасць "публічна выказаць сваё меркаванне аб недапушчальнасці наяўнасці палітзняволеных у краіне" і аб тым, што прэзідэнцкія выбары ў сакавіку 2006 года "не былі свабоднымі і сумленнымі". Пры гэтым Р. ван дэр Ліндэн адзначыў, што аўтары праграмы "трошкі маніпулявалі" пры перакладзе яго слоў з англійскай на рускую. "Але тыя, хто разумее маю англійскую, маглі праслухаць інтэрв'ю ў арыгінале", - сказаў Р. ван дэр Ліндэн.

У арыгінале прамовы Р. ван дэр Ліндэна гучала выказванне аб "зняволеных, якія лічацца палітычнымі" ("prisoners considered as political prisoners"), а ў перакладзе - аб "палітыцы прэзідэнта".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?