06.10.2012 / 10:27

З Люцінскага става спусцілі ваду. Экалагічная міні-катастрофа 5

Гаспадар сядзібы «Марцінова гусь» мяркуе, што падобныя сітуацыі будуць паўтарацца.

У вёсцы Малая Люцінка, што ў Валожынскім раёне, у ліпені высахла вадасховішча. Летась яго і яшчэ некалькі вадаёмаў узяў у арэнду СВК «Пяршаі-2003».

Праз дарогу ад высахлага вадаёма месціцца сядзіба «Марцінова гусь». Яе гаспадар Алесь Белы сцвярджае, што неаднаразова звяртаўся да арандатара, а таксама да мясцовых уладаў.

З Валожынскага райвыканкама ён атрымаў адказ, што абсталяванне дамбы знаходзіцца ў аварыйным стане, рамонтам займаюцца СВК «Пяршаі-2003» і Валожынскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм.

Гаспадар сядзібы мяркуе, што возера высахла праз нядбайнасць арандатара. Маўляў, той не даў рады падтрыманню гідратэхнікі ў належным парадку і пашкодзіў шлюз дамбы.

Алесь Белы расказвае, што высахлае вадасховішча было самым буйным вадаёмам ў радыусе прыкладна 20-25 км і служыла месцам гнездавання многіх відаў птушак, кажаноў і г.д., у тым ліку ахоўных.
Яно ўключалася ва ўсе перспектыўныя планы развіцця так званых «зялёных маршрутаў» Валожынскага раёна і Налібоцкай пушчы, прызнаныя міжнароднымі экспертамі самымі ўдалымі ў Беларусі.

Ёсць у спадара Белага да вадаёма ў Люцінцы і камерцыйны інтарэс. Аматары рыбы, якія ехалі сюды бавіць час, — патэнцыйныя кліенты ягонай сядзібы.

На думку гаспадара «Марціновай гусі», падобныя сітуацыі будуць узнікаць усё часцей. Перад сельскай гаспадаркай пастаўленая задача зарабляць грошы. А гэта значыць, што цяпер на пытанні аховы прыроды будуць зважаць усё меней.

Развядзеннем рыбы ў СВК «Пяршаі-2003» загадвае Уладзімір Круглік. Ён расказаў карэспандэнту «НН», што акурат у дзень прыезду ў Малую Люцінку журналістаў быў адрамантаваны адзін з элементаў шлюза — шандора. Шлюзу таму амаль паўстагоддзя. У хуткім часе дамба будзе адрамантаваная і ў вадасховішчы з’явіцца вада. Перад гэтым дно вадаёма пачысцяць, зробяць усё неабходнае для аднаўлення вытворчасці рыбы.

«Вы думаеце, мне не баліць тое вадасховішча? Мне яно баліць, як нікому. Грошы за арэнду плацім, а прыбытку пакуль няма», — кажа Уладзімір Круглік.
І падкрэслівае, што СВК «Першаі-2003» з’яўляецца арандатарам, а ўласнікам — дзяржава. На яго думку, менавіта ўласнік павінен клапаціцца пра належны стан вадаёмаў, рамантаваць іх.

Сямён Печанко

0
Злой! / Адказаць
06.10.2012 / 13:23
а слабо было найти фотки "до"? для полноты картины, так сказать...
0
Максім Капран / Адказаць
06.10.2012 / 15:36
На Google Earth/Panoramio глядзеце.
0
Вадалаз / Адказаць
07.10.2012 / 11:00
Напісалі ж у афіцыйнай паперцы, што спусцілі для рамонту. Якая ж гэта "катастрофа"?
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру