Мікалай Тарасюк, 80-гадовы народны майстар з вёскі Стойлы Пружанскага раёна, праславіўся не толькі ў Беларусі, але і далёка за мяжой. Ён не проста выразае фігуркі з дрэва. Мікалай Тарасюк складае з іх глыбакадумныя кампазіцыі і забяспечвае сатырычнымі подпісамі. Ёсць у калекцыі майстра працы, прысвечаныя прэзідэнту і чыноўнікам. Асноўная ж частка вырабаў ілюструе сялянскі побыт.

Карэспандэнт «Брестской газеты» пагутарыла з народным умельцам падчас фестывалю аўтэнтычнага фальклору «Вераснёвым днём у рэўню» ў в. Залессе Кобрынскага раёна, куды Мікалай Тарасюк прывёз свае працы. У сваёй звычайнай манеры, з жартамі і прымаўкамі, майстар расказаў пра тое, што яму не сорамна жыць у быльнягу, пра канфлікты з уладамі, пра свой заробак і творчы працэс.

Уладам сорамна, што майстар жыве сярод быльнягу

* «Я яшчэ ўспамінаю, як у нас у пасёлку 46 двароў было. А цяпер я застаўся адзін на ўсю вёску. Яшчэ некалькі хатаў ёсць, прыязджаюць у госці дзеці, унукі: то на агарод, то ў грыбы… А я сам жыву на хутары. Сярод быльнягу, а добра».

* «Усё, што бачу вокам, — усё маё! Я ўсё вымяраў крокамі. І я прывык да зямлі».

* «Аднойчы прыязджае ўлада, старшыня калгаса, а я пасеяў жыта, паклікаў камбайн. А старшыня на мяне: «Хто табе дазволіў сеяць, поле займаць?» Кажу: «Ты ведаеш, сынку, ты ж ясі наш хлеб. А не будзеш хлеб — будзеш крапіву вось гэтую есці!»

* «Мне прэзідэнт падарыў кватэру. Гэта было ў Гродзенскай вобласці ў Мастах, на «Дажынках». І калі дарыў, сказаў: «Выбірай дзе хочаш, па ўсёй Беларусі». Я абраў у сябе на радзіме, на Пружаншчыне. Там мая дачка жыве, яна замужам. У мяне 7 унукаў, усе жаніліся, і дзевяць праўнукаў. Старэйшая праўнучка ў 7 клас ходзіць, а астатнія яшчэ малыя. І вось трохпакаёвая кватэра ў мяне ёсць».

* «Мяне мучаюць. Прыязджаюць з раёна і кажуць: «Выбірайся, нам сорамна. Едуць з-за мяжы госці і смяюцца, што вы тут жывяце, самотны. Як бы ў нас у Беларусі і ўлады няма. Прыязджаюць, даюць іншую кватэру, двухпакаёвую, абы выехаў. Пракаповіч сказаў: «Я усе грошы аддам, і сваіх яшчэ дадам, толькі б у быльнягу такі чалавек не сядзеў».

А мне добра. Я як выпушчу свой статак… Там гусь крычыць, там індык балбоча, там сабака брэша, там кабаны крычаць «Давай есці!», там качкі, і каня трэба папасвіць. Я сею жыта, буракі, гарбузы. Усё дагледжу».

* «У мяне яшчэ ёсць… і да жонкі не падобная, і для нянькі трохі завялікая. Гаспадыня ў мяне ёсць, з іншай вёскі. Ёй даюць 210 000 за тое, што яна мне прыбірае ў хаце. Але паганая, халера: на ноч не застаецца! Тут хвастом пакруціць-пакруціць, сабралася і пайшла. Я абярнуся, шукаю-шукаю, а яе, чорт, не мае! Пайшла!»

Пра палітычную сатыру

* «Тэлефануе дачка: «Што ты там шуму нарабіў у Ружанах?» Што ведаў, тое і рабіў, язык трымаў».

* «НГБ мне тэлефануе з Мінска: «Вы ў Ружанах былі?» — «Быў», — кажу. — «Якія працы вазілі?» — «Якія былі, такія і вазіў». — «А што за працы?» — «Во такую, такую, такую… Лукашэнку, як ён на каньках катаецца. Зямля зарасла быльнягом, а канькі даражэйшыя за зямлю сталі. Плуг прамяняў на мячык і на канькі. І яшчэ парламент: як Лукашэнка кажа, а яго задам слухаюць. Вось такія працы я і вазіў».

* «Узялі яны таго чалавека, што вазіў мае працы… І прыязджае да мяне з Брэста НГБ. Водзяць па музеі: «Гэта была праца, гэтая не была, гэтая была, гэтая не была». — «Вы добра заўважылі?» — «Добра заўважыў». Я кажу: «І што вы думаеце? Вы кіраўнікі? Я ўжо 80 гадоў дажываю. І я такіх прэзідэнтаў ўжо 20 штук перажыў. І ні адзін руку не вядзе на мужыкову долю, а ўсё на чыноўства. І гэты доўга не будзе, кажу. А я стаю за мужыка і буду стаяць за мужыка, хоць павесьце мяне проста цяпер».

* «А вы галасавалі за яго?» — пытаюцца. Першым! Мне скрыню апячатаную прыносілі. Я яшчэ ўстаў, памаліўся, Лукашэнку здароўя пажадаў. Не верыце — спытайце тых, хто прыносіў скрыню».

* «А ўжо як з’язджалі брэсцкія, то мяне і абцалавалі, і абмілавалі. «Прабачце-прабачце, вы маеце рацыю!»

* «У мяне ёсць праца. Анёл-прэзідэнт, а перад ім губернатары сядзяць — «Матуны». Яшчэ не пасеялі, а ўжо збожжа ўзважылі. Ну што я тут дрэннага зрабіў? Гэтак жа і ёсць!

І тут не плацяць, і на замежныя «гастролі» не пускаюць

* «Я прапрацаваў 45 гадоў у культуры. Мне за фігуркі не плацілі».

* «Дык яны што са мной зрабілі… «Мы вас паставім на працу!» Паставілі на працу. Узялі з пенсіі адабралі 46 000, а далі 415, за культуру дадалі. Цяпер я 120 000 атрымаў, а яшчэ 400 — і, лічы, паўтара мільёна. А так атрымліваў менш. А за Саюзам было 2 рублі 40 капеек».

* «Я хацеў ехаць ва Украіну, мяне запрашалі. Казалі, пераезны музей будзе: у адным горадзе пабудзе тыдзень-другі, у іншым. Але забараніла наша Беларусь, не пусціла ва Украіну».

* «Польшча возьме мае працы, 36, здаецца. За палову яны ўжо заплацілі».

* «Як у Польшчу ездзілі, дык палякі пра мяне фільм паказвалі. Не ў тэлевізары, а на сцяне проста, на прасціне. Народ пажылы плакаў, калі глядзеў на мой фільм».

* «Да мяне шмат прыязджаюць. Толькі цэлы дзень пляскай языком… А яны на дыскі запісваюць, а потым іх прадаюць. І за тыя дыскі мільёны бяруць, а мне нічога, нават дзякуй не скажуць. А мой фільм славіцца і ў Амерыцы, і ў Польшчы, і дзе хочаш. «Гаспадар» фільм называецца».

* «Замежнікі хацелі б купіць мае працы, але ім трэба даведку браць у сельсавеце, што яны не скралі. На мяжы не прапусцяць. З Кітая нядаўна прыязджалі. Даваў ім таксама падарунак, мале-енькі. Таксама ў сельсавеце бралі даведку, я распісаўся, што ад такога майстра падарунак».

Апісанні да працы падказваюць жыццё і Бог

* «У мяне бяссонніца, я начамі выразаў, выразаў і выразаў. О-о-о, колькі разоў я рукі рэзаў! Парэжу, замажу і далей выразаць».

* «Я нож такі зрабіў, «чыганэк» завецца, з драўлянай ручкай. Ой добра рэжа!»

* «Я наперад тэкст раблю. Пакуль тэксту не прыдумаю, не выразаю. А калі тэкст ёсць, я ўжо ведаю, як рабіць».

* «Рабіць тэкст для працы — гэта самае цяжкае. Я гэта ўсё перажыў, і мне Бог падказвае. Сёння па тэлевізары бацюшка пропаведзь казаў. І ён няправільна казаў! Ён казаў, што калі Ісуса крыжавалі на крыжы, яму пракалолі рукі, прыбівалі ногі. Не, няправільна! Ісус за гэта пакрыўдзіўся на народ. Яго крыжавалі на крыжы жывога, яго прывязвалі, а не прыбівалі, яго знялі з крыжа жывога. І павялі ў пячору, і падперлі дзверы каменем, каб не вылез. Жывы ён быў! А кажуць, што яго нежывога крыжавалі. Я нават пра гэта з мінскім Філарэтам гаварыў. «А дзе вы чыталі гэта?» А мне: «Так Богам сказана».

* «У летні час мала выразаю. Улетку праца: то агарод, то жну, то ару, то кармлю, то нарыхтоўваю».

* «Я з вербалозу выразаю. Гэта калі канавы асушваюць, ён там расце. Ён як усохне, то яго і сякера не возьме. Я сырым рэжу. Падбіраю. Калі трэба крывое дрэва, шукаю крывое. Складаней за ўсё жывёл выразаць: там лапкі трэба рабіць».

* «Царкву я рабіў 9 месяцаў, разам з фігуркамі ўнутры. Другую фігурку я магу і за тыдзень зрабіць: нарыхтаваць дрэва, выразаць, пафарбаваць… Некаторыя — даўжэй».

* «Адзін мой унук, калі ў 4 клас хадзіў, карову, коніка — усё ляпіў з гліны. Толькі потым, калі стаў пастухом, выразаў на пнях, на кіях, дудкі ўсякія рабіў. Я яго не вучыў, ён сам усё ляпіў. Вы б бачылі, якія ён фігуркі вырабляў! І вершнік на кані, і птушкі, і звяры, і сабакі… І сам фарбаваў, і сам выпальваў. Далі яму вымпел, рады так быў мой хлопец. А потым паклікалі ў райана, там узнагароды давалі. Па 10 рублёў, ці колькі. А яму не далі! І ён плюнуў, сказаў: «А што, я горшы за ўсіх?» — і больш не рабіў, закінуў. Я казаў начальніку: «Калі табе грошай не хапіла, то трэба было сказаць, я б даў, каб ты яму ўручыў! Ты сапсаваў дзіця!» Крыўдна, мог бы ўнук вырабы рабіць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?