Аб гэтым гаворыцца ў дакладзе ЕАБР «Рызыкі для дзяржаўных фінансаў дзяржаў — удзельніц СНД у святле цяперашняй сусветнай нестабільнасці». Аўтарамі даклада з сістэмнага пункту гледжання разгледжаны каналы трансмісіі рызык сусветнага крызісу на нацыянальныя бюджэтныя сістэмы краін СНД.

Эксперты нагадваюць, што крызіс адаб’ецца на бюджэтнай сістэме Беларусі пазней, чым у іншых краінах СНД.

Прычынамі сталі падзенне даходаў бюджэту ў сувязі з умовамі паставак імпартуемай з Расіі нафты, якія змяніліся са студзеня 2010 года, а таксама бюджэтная палітыка, накіраваная як на аднаўленне эканамічнага росту, так і на заваяванне падтрымкі насельніцтва напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у краіне.

Як адзначаецца ў дакладзе, у 2011 годзе Беларусь адчула востры крызіс плацежнага балансу і валютны крызіс, выкліканы залішнім стымуляваннем унутранага попыту.

«Пасля дэвальвацыі валюты вясной-летам прынятыя ўрадам меры, экстранная дапамога з боку Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС і іншых донараў аказалі значнае стабілізуючае ўздзеянне на эканоміку і дазволіла спыніць абвальнае аслабленне нацыянальнай валюты і запаволіць тэмпы росту цэн у пачатку 2012 года», — нагадваюць аўтары даследавання.

Паводле іх ацэнкі, у 2011 годзе перад урадам краіны стаялі дзве асноўныя задачы: аптымізацыя дзяржрасходаў з мэтай абмежавання інфляцыйных працэсаў у эканоміцы і недапушчэнне рэзкага эканамічнага спаду. Былі ўведзеныя абмежаванні на бюджэтныя расходы, у тым ліку на інвестыцыйныя мэты.

Дэвальвацыя беларускага рубля выклікала рост расходаў па абслугоўванні дзярждоўгу.
У 2011 годзе пры аб’ёме даходаў бюджэту сектара дзяржаўнага кіравання 41,9% ВУП (рэальны рост з улікам інфляцыі ў параўнанні з папярэднім годам склаў 10%) расходы былі зніжаныя да 38,9% ВУП (зніжэнне ў параўнанні з папярэднім годам склала 2% з улікам інфляцыі). У выніку бюджэт сектара дзяржаўнага кіравання быў выкананы з прафіцытам 3% ВУП.

Эксперты ЕАБР нагадваюць, што ў рамках АЭП для Беларусі дзейнічаюць нізкія цэны на імпартуемыя энерганосьбіты. Усе гандлёвыя абмежаванні, уключаючы экспартныя пошліны на нафту, былі адмененыя 1 студзеня 2012 года, пасля таго як Беларусь ратыфікавала пагадненні па АЭП. Заключаны дагавор дазваляе Беларусі бяспошлінна імпартаваць нафту з Расіі для ўнутранага спажывання, што аслабляе ціск на дзяржрасходы, якія ўзнікаюць у выніку субсідавання жыллёва-камунальных паслуг для насельніцтва і прадпрыемстваў энергетычнага сектара.

Аднак, як адзначаюць аналітыкі, далейшы стан бюджэтнай сістэмы Беларусі залежыць, акрамя знешніх умоў, ад рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011–2015 гады. Пяцігадовы план прадугледжвае істотнае павелічэнне заработнай платы і пенсій, захаванне дзяржаўнай падтрымкі жыллёвага будаўніцтва, а таксама працяг субсідавання тарыфаў на камунальныя паслугі для дамашніх гаспадарак, што будзе садзейнічаць росту расходаў дзяржаўнага бюджэту.

«Дасягненне паказчыкаў праграмы ў існуючых умовах нясе высокую рызыку паглыблення дысбалансаў, бо патрабуе высокіх тэмпаў росту эканомікі, дасягненне якіх, верагодней за ўсё, запатрабуе празмернага і нярыначнага стымулявання ўнутранага попыту», — падкрэсліваецца ў даследаванні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?