З ініцыятывай адкрыцця ва ўсіх вышэйшых навучальных установах Беларусі Еўрапейскіх цэнтраў інфармацыі пра правы чалавека і еўрапейскую дэмакратыю выступіў сёння ў Страсбуры лідэр дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч. На ягоную думку ў межах абранага курсу на дыялог, Рада Еўропы супольна з Еўрасаюзам павінны высунуць беларускаму ўраду прапанову адкрыць у ВНУ краіны падобныя цэнтры. Абмеркаванне ініцыятывы адбылося сёння на сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з генеральным сакратаром Рады Еўропы Тэры Дэвісам.

— Беларуская моладзь павінна мець магчымасць атрымліваць веды пра Еўропу і еўрапейцаў, правы чалавека і дэмакратыю непасрэдна з першакрыніц, а не праз прызму дзяржаўных тэлеканалаў і газет і часопісаў, — адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.

Паводле прапанаванага праекту, рабочая назва якога «Дэмакратыя, адукацыя і Еўропа ў Беларусі», прадугледжваецца адкрыццё ва ўсіх вышэйшых навучальных установах Беларусі еўрапейскіх цэнтраў інфармацыі пра правы чалавека і еўрапейскую дэмакратыю.

На думку Аляксандра Мілінкевіча еўрапейскія цэнтры могуць быць створаныя на ўзор Цэнтра еўрапейскай дакументацыі ды інфармацыі, які сёння дзейнічае пры БДУ, але з прынцыповай розніцай — цэнтры павінны паўстаць ва ўсіх ВНУ Беларусі і каардынаваць іх працу павінны прадстаўнікі Рады Еўропы ці Еўрасаюза.

milinkevich.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0