У 2013 годзе ў Беларусі пачынаюць рэалізоўвацца «пілётныя» праекты ў галіне сыстэмы адукацыі.

Міністэрства фінансаў плянуе скараціць колькасьць настаўнікаў у агульнаадукацыйных школах, каб вызваленыя бюджэтныя сродкі накіраваць на аплату іншых пэдагогаў.
У сваю чаргу, адмыслоўцы заяўляюць пра недахоп настаўніцкіх кадраў.

Намесьнік міністра фінансаў Максім Ермаловіч паведаміў, што рэформа распачнецца ў 17 навучальных установах розных рэгіёнаў краіны. Прэсавы сакратар Ірына Комар удакладніла наступае:

«Так, ёсьць пілётныя праекты, якія пойдуць у 2013 годзе. Ня факт, што яны пойдуць па ўсёй краіне, бо іх паглядзяць яшчэ прафэсіяналы, спэцыялісты, наколькі гэта будзе функцыянаваць. Гэта ня значыць, што ў 2013 годзе адразу ўсіх будуць скарачаць. Але калі гэта ўсё будзе добра і ўсім спадабаецца, то будзем далей глядзець».

Паводле спадара Ермаловіча,

школьныя клясы не заўсёды ўкамплектаваныя дастатковай колькасьцю вучняў, і, адпаведна, ёсьць завышаная колькасьць настаўнікаў.
А скарачэньне настаўніцкіх кадраў дазволіць знайсьці дадатковыя сродкі для падвышэньня аплаты іншых пэдагогаў.

Аднак у школах зусім не зашмат настаўнікаў — іх відавочна не хапае, кажа завуч адной зь менскіх школ:

«У нас і так настаўнікаў зусім мала — у нас няма такіх настаўнікаў, каб іх скарачаць. У нас не хапае настаўнікаў. У нас дагэтуль няма настаўніка працы.

Біёляг і географ вядзе гэтыя два прадметы, тое ж зь фізыкай і інфарматыкай. Нам хаця б набраць, каб вакансій не было, а ня тое што скараціць.
Пачатковая школа ў нас — 20 вучняў у клясе, а сярэдняя — 22-24. Маладых спэцыялістаў мы зусім не атрымліваем: за апошнія пяць год — толькі па ангельскай мове. У нас няма маладых спэцыялістаў. А ў групах падоўжанага дня, каб не пэнсіянэры, — увогуле няма каму працаваць. У нас няма маладых настаўнікаў. Вы ж ведаеце, у супрацоўнікаў адукацыі якія заробкі.
Вось я намесьнік дырэктара школы, перада мной ляжыць мой разьліковы ліст: 500 авансу і 3700 заробак — гэта ў завуча. Настаўнік пачатковай школы зарабляе ня больш за тры мільёны. А старэйшых клясаў — каля чатырох».

Новыя пляны ў галіне чарговага рэфармаваньня школы камэнтуе пэдагог, першы намесьнік старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім:

«Мне спадабалася выказваньне адной жанчыны, якая ёсьць прадстаўніком слыннай настаўніцкай дынастыі. Яна кажа, што

іх прадзед, які пацярпеў у сталінскія часы, пакінуў такія словы: „Трэба навучыць дзяцей быць шчасьлівымі“.
Калі гэтыя словы будуць асноўнымі ў сыстэме дзейнасьці ўсіх устаноў адукацыі і настаўнікаў, то тады многія праблемы, у тым ліку і фінансавыя, будуць вырашацца іначай. Калі ж пытаньні грашовыя будуць на першым месцы, а шчасьце дзяцей і настаўнікаў на апошнім, то ніякія праблемы вырашацца ня будуць. Бо яны ня будуць на карысьць ні дзяцей, ні настаўнікаў».

Як паведаміў намесьнік міністра фінансаў Максім Ермаловіч,

пілётны праект дазволіць пазьней распаўсюдзіць гэтую практыку на ўсю сыстэму адукацыі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?