Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч збіраецца падаваць у суд на чыноўнікаў Міністэрства культуры Беларусі.
Аб гэтым ён заявіў 8 кастрычніка на прэс-канферэнцыі, прысвечанай выкананню Міністэрствам культуры заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Як паведаміў Астаповіч, чыноўнікі міністэрства не выконваюць закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» і пастанову Савета міністраў ад 15 чэрвеня 2006 года № 762, якія гарантуюць кожнай юрыдычнай і фізічнай асобе права падаваць ў Міністэрства культуры прапановы аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці матэрыяльным аб’ектам і нематэрыяльным праявам творчасці чалавека.

Астаповіч зазначыў, што «права гарантаванае, але чыноўнікі Мінкульта нават і не думаюць яго забяспечыць».

Таксама ён паведаміў, што чыноўнікі Міністэрства культуры ігнаруюць прапановы таварыства аховы помнікаў па ўключэнні ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі аб`ектаў, якія павінныя там быць: «Па 18 аб’ектах мы не атрымалі ніякага адказу, хоць чыноўнікі абавязаныя даць адказ цягам вызначанага тэрміну. Гэта відавочнае парушэнне, і я буду падаваць за гэта ў суд».

«Чамусьці міністэрства не зацікаўленае ў даванні некаторым аб`ектам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Калі ў аб`екта ёсць такі статус, тады мы маем права юрыдычна патрабаваць выканання пэўных норм. Але пакуль многім культурным аб`ектам такі статус не нададзены, мы іх папросту губляем: калі будынак пазамінулага стагоддзя не ўнесены ў спіс, яго могуць зруйнаваць, не парушыўшы заканадаўства. Пакуль Міністэрства культуры не пачне надаваць значным для гісторыі будынкам адпаведны статус, мы будзем іх страчваць», — адзначыў Астаповіч.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?