Удачы і памылкі апазыцыі падчас выбарчай кампаніі. Пэрспэктывы незалежнага грамадзтва пасьля выбараў. Аналізуе палітоляг Віталь Сіліцкі.

«Наша Ніва»: Якія асноўныя ўрокі мы выносім з гэтай кампаніі?

Віталь Сіліцкі: Па-першае, аб’ектыўна ёсьць пэўны дэфіцыт чаканьня пераменаў у грамадзтве. Улады ж дзейнічаюць несымэтрычна сёньняшнім настроям людзей — уся гэтая гістэрыя, нагнятаньне страху і засільле ідэалёгіі не апраўданыя, на першы погляд, у дачыненьні да стану грамадзтва. Але гэта вельмі прыдатная для ўладаў тактыка, бо такія дзеяньні ў пэрыяд пэўнага зацішша, калі грамадзтва канчаткова не «прачнулася», даюць магчымасьць зусім панізіць гэтае самае чаканьне пераменаў.

Па-другое, тое, што насуперак усім перашкодам супраціў, хай сабе і невялікі, існуе, сьведчыць, што праца з грамадзтвам ня вычарпаная і мае пэрспэктывы, нягледзячы на жорсткасьць умоваў.

Па-трэцяе, па ўсім відно, што Беларусь прыйдзе да дэмакратыі ўласным, не ўкраінскім і не грузінскім, шляхам.

«НН»: Ці можна сказаць, што цяпер ужо канчаткова ясна — зьмена ўлады ў Беларусі электаральным шляхам не магчымая?

ВС: Адназначна.

«НН»: У сваім артыкуле ў «ARCHE» Вы назвалі гэтую кампанію «заручэньнем гаранта канстытуцыі ўсенароднай падтрымкай», а ня выбарамі. Ці можна сьцьвярджаць, што апазыцыя сарвала пляны ўладаў? Ці ўлады пабурылі пляны апазыцыі?

ВС: Апазыцыя пакуль не пераканала грамадзтва, нават настроеную станоўча да пераменаў яго частку, што Лукашэнка ня здольны выйграць выбары ў любы спосаб, што з дапамогай фальсыфікацыяў, што ў чэснай і адкрытай барацьбе. І гэта ёсьць адной зь яе галоўных праблемаў, бо гэта б’е па даверы да апазыцыі з боку яе прыхільнікаў.

Галоўнай жа перамогай апазыцыі ў гэтай кампаніі лічу разбурэньне міту пра безальтэрнатыўнасьць дзеючага прэзыдэнта.

«НН»: Якія пэрспэктывы ў аб’яднанай апазыцыі ў выпадку магчымай паразы на выбарах і на вуліцы? Якімі будуць у такім выпадку першыя крокі рэжыму?

ВС: Варта чакаць у такім разе, што апазыцыйны рух скоціцца да дысыдэнцкіх суполак. Трэба прыслухоўвацца да таго, што часам кажа сам Лукашэнка. Ён неаднакроць абяцаў, што такой апазыцыі, як зараз, пасьля выбараў ня будзе. Хоць пры гэтым ён заўважаў, што «яны самі перасварацца», варта чакаць, што апазыцыі ў гэтым дапамогуць. Паказальным ёсьць знакавы зварот да досьведу Францыі: яшчэ перад рэфэрэндумам 1996 г. Лукашэнка ўзгадваў 7-гадовы тэрмін прэзыдэнцтва ў Францыі. На апошнім форуме ён казаў пра тое, што некаторыя заходнія краіны, нягледзячы на іх дэмакратызм, не адмаўляюцца ўжыць у выпадку чаго надзвычайшчыну, намякаючы, відавочна, на нядаўныя францускія падзеі. Адсюль варта чакаць усяго. Нават у дачыненьні да саюзьнікаў. Вельмі хутка можа разгарэцца чарговы нафтагазавы канфлікт з Расеяй з выкарыстаньнем незалежніцкай рыторыкі.

«НН»: Ці заўважылі Вы нейкія зьмены ў рэакцыях міжнароднай супольнасьці ў параўнаньні з 2001 годам?

ВС: Бязьдзеяньне міжнароднай супольнасьці за апошнія 5 год ніколькі не памянялася, усё тыя ж дэкляратыўныя завярэньні ў падтрымцы незалежнага беларускага грамадзтва ды заклікі да рэжыму вярнуцца на шлях дэмакратыі. А простыя эўрапейцы, як і эўрапейскія няўрадавыя арганізацыі, падтрымлівалі нас заўсёды, і ня толькі перад выбарамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?