Некалькі гадоў таму замежная кампанія «Тракцэнтр «Азярцо» вырашыла інвеставаць у рэстаўрацыю будынка бровара на Вілейшчыне, які адносіўся да былой сядзібы «Двор Стайкі».
Пасля ўсіх узгадненняў і цяганіны сёлета, у сакавіку, кампанія падпісала дамову. Намеснік дырэктара «Тракцэнтр «Азярцо» Аксана Волкава расказвае, што гэта яшчэ не канчатковае рашэнне. Бровар перададзены ў бескаштоўнае карыстанне на 2,5 года для рэканструкцыі і рэстаўрацыі. А пасля гэтага тэрміну яшчэ будуць вырашаць, ці перадаваць помнік у пажыццёвую ўласнасць.

Плануецца, што ў будынку паўстане турыстычны комплекс для выязных мерапрыемстваў: канферэнцый, вяселляў...

На яго ўзнаўленне мяркуюць выдаткаваць каля $120 тысяч.

Але гэта толькі адзін праект. Праз дарогу ад бровара інвестар хоча стварыць гатэльны комплекс.

Да таго, як перадаць будынак для рэстаўрацыі, яго пад свае патрэбы выкарыстоўваў вясковец: трымаў там воз. Калі ж памяняўся гаспадар у бровара, мужчына свае рэчы забраў. Прыхапіў і дзверы. А побач з домам у яго з’явілася горка з колатага бутавага камення ад сядзібы.

Аксана кажа, што гэта не простыя камяні, а менавіта са стагадовай вапнай. Таму не маглі яны быць раскіданыя па полі, як заявіў вясковец. І падала заяву ў міліцыю пра крадзеж камянёў і дзвярэй.

Рэшткі сядзібы з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 3-й катэгорыі. На будынку бровара знаходзіцца адпаведная шыльда. Інвестар сам аформіў зону аховы помніка, што павінна быць зроблена яшчэ ўладальнікам — мясцовым сельскагаспадарчым прадпрыемствам.

Паводле пастановы міліцыі, вясковец сапраўды зняў дзверы, бо сам іх нібыта ставіў. Наконт камення таксама прынялі ягоную версію, што збіраў іх на полі.

І ў завядзенні крымінальнай справы адмовілі.

Міліцыянты не змаглі вызначыць ні перыяд, калі быў здзейснены крадзеж, ні кошт скрадзеных камянёў, бо «цяпер на тэрыторыі Беларусі будаўнічы матэрыял у выглядзе колатага камення не рэалізуецца». Вілейская пракуратура адмяніла такую пастанову, накіраваўшы справы на новую праверку. Але і гэта нічога не дало. РАУС у завядзенні крымінальнай справы адмовіў «за адсутнасцю складу злачынства».

Адвакат Волкавай думае па-іншаму. Ён накіраваў у пракуратуру скаргу. І звяртае ўвагу, што не была праведзена праверка камянёў, каму яны належаць на падворку вяскоўца. Тое самае і наконт дзвярэй. І лічыць, што для вызначэння памеру шкоды трэба звяртацца да спецыялістаў.

Аксана заўважае, што не ставіць за мэту засудзіць мужчыну. «Хачу паказаць, што тут людзі збіраюцца рабіць цікавае месца, а не пабудаваць дом і ганяць вяскоўцаў».

Яна хоча толькі належных адносінаў да інвестараў, які робяць нешта не толькі для сябе.

«Справа ў тым, што дзяржаўная ўласнасць пад грыфам «гісторыка-культурная каштоўнасць» расцягваецца ва ўсе бакі. Нават калі дзяржаўная праграма і жаданні замежных інвестараў супадаюць, абавязкова знойдзецца той, каму гэта парашкаджае. Відавочна, што плануемыя змены дапамогуць стварыць працоўныя месцы, папоўніць бюджэт.

Дык не, камфортней пакінуць, як было — выкарыстоўваць помнік як хлеў, двухсотгадовымі будаўнічымі матэрыяламі ўзмацняць падмурак лазні, а мясцовым уладам не рэагаваць на сігналы неабыякавых».

Пра сур’ёзнасць намераў інвестара сведчаць і запрошаныя для працы людзі. Прафесар, архітэктар Вальмен Аладаў, які ў свой час быў аўтарам праектаў па стварэнні сталічнага ўніверсама «Цэнтральны», Камароўскага рынку ў Мінску, спарткомплекса ў Раўбічах. Навуковым кіраўніком рэстаўрацыі прызначаны Вадзім Гліннік, які кіраваў аднаўленнем у тым ліку аб’екта «Гістарычны цэнтр Полацка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?