Аднак у Беларусь гэтая загадкавая гульня, прыдуманая, згодна з легендай, шатландскімі пастухамі яшчэ 700 гадоў таму, толькі пачынае прыходзіць. Пры гэтым ужо існуе невялікае таварыства аматараў, якім не шкада аддаваць грошы за такую нятанную забаву. Onliner.by пабываў на неафіцыйным чэмпіянаце Беларусі па гольфе, які прайшоў на выходных пад Вільняй.

«Гульня ў гольф — радасць даволі дарагая. Пакуль у яе гуляюць заможныя людзі і бізнэсоўцы. Нездарма 90% угодаў у Еўропе абмяркоўваецца падчас гульні ў гольф», — кажа намеснік дырэктара кампаніі «Тусон Ваяж» Руслан Сегянюк.

Турнір для беларусаў у Літве арганізавала Асацыяцыя гольфа краіны і Нацыянальны гольф-клуб «20\10». Удзельнікаў турніру засялілі ў 4-зоркавы гатэль Holiday Inn. Кошт удзелу для аднаго чалавека склаў 195 еўра. Звыш таго аплачваліся праезд, дадатковае абсталяванне і віза.

Паводле словаў Руслана Сегенюка, поўны набор з 14 б/к клюшак з торбай можа каштаваць каля тысячы даляраў. «І гэты набор не будзе фірмовым. Пачаткоўцам я б параіў „набіваць руку“ карыстанымі клюшкамі. Такія наборы можна знайсці за $200–300. Сама гульня на полі каштуе ад 25 да 50 еўра. Арэнда клюшак і мячоў можа абысціся ў 20 еўра за адну гульню», — расказаў ён.

У другім беларускім чэмпіянаце ўзяло ўдзел каля 20 чалавек. Аднак у выніковай табліцы значыцца ўсяго 9 — некаторыя вядомыя асобы не хацелі сябе афішаваць. Удзельнічала таксама некалькі літоўцаў. Год таму беларусаў было ў два разы менш.

На літоўскіх пастаральных прасторах (у некаторых пейзажах адгадваліся матывы Windows) беларусы сабраліся не ад добрага жыцця. «На тэрыторыі Беларусі няма поля, на якім можна праводзіць афіцыйныя спаборніцтвы», — шкадуюць арганізатары. Хоць ужо да канца 2012 года пад Мінскам мае адкрыцца першае поле на 18 лунак.

Пераможцам стаў дасведчаны Уладзімір Дармідонтаў. Другое і трэцяе месцы занялі Сяргей і Міхаіл Мартынавы.

Пераможцу беларускіх спаборніцтваў дасталася памятная статуэтка. Да мільённых прызавых, параўнальных з заробкамі хакеістаў, беларускі гольф пакуль не дарос.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?