"Лукашэнка пайшоў шляхам Ціта", — сьцьвярджае ў сёньняшнім нумары маскоўская газэта "Время новостей". Такая выснова робіцца ў зьвязку з візытамі беларускага кіраўніка ў Аман ды Індыю.

У артыкуле выказваецца думка, што Рух недалучэньня (РН) — "выдатная страхавая карта, якой наважаны скарыстацца Лукашэнка, занепакоены скарачэньнем падтрымкі з боку Расеі". Маўляў, некалі падобным чынам, прэтэндуючы на аднаго зь лідэраў глябальнае сілы, кіраўнік сацыялістычнай Югаславіі ратаваўся ад замахаў Крамля на ягоны палітычны лёс.

Але параўнаньне кульгае, лічыць палітоляг Андрэй Фёдараў. Па-першае, адзначае мой суразмоўца, кіраўніцтва СФРЮ і геапалітычна, і эканамічна, і стратэгічна не залежала ад Расеі настолькі, як гэта мае месца ў выпадку Беларусі. Па-другое, што да сёньняшняга стану РН, дык марна намагацца ўліць маладое віно ў старыя мяхі. Гэта маргінальнае, разнамаснае ўтварэньне, асуджанае на неэфэктыўнасьць у сучасным сьвеце. Дэмакратычная Індыя, на думку Фёдарава, застаецца ў РН ці не найперш праз павагу да памяці свайго вялікага суайчыньніка Нэру, што стаяў ля вытокаў ідэалёгіі недалучэньня.

Беларускае ж кіраўніцтва разглядае РН хутчэй як дадатковую магчымасьць "выхаду ў свет". Актыўнасьць па гэтай лініі можна піярыць як сьведчаньне насычаных міжнародных кантактаў афіцыйнага Менску.

Падумаеш, не бяруць у нейкую Раду Эўропы, дзе сорак зь нечым краінаў! У нашым Руху вунь аж 116!

Канешне, і шанец стварыць на плятформе Руху нейкі больш-менш дзейсны хаўрус аднадумцаў таксама трымаецца ў галаве. Аднак болей імаверныя, як бачым, раптоўныя двухбаковыя альянсы. Так знайшлі адзін аднаго Лукашэнка і Чавэс.

Ну а Броз Ціта — герой іншай эпохі і, бадай, трохі іншага складу. Дарэчы, малавядомы эпізод: падчас першай сусьветнай вайны ўзвод аўстра-вугорскай арміі пад камандаваньнем Ёсіпа Броза (Ціта — гэта пазьнейшы псэўданім) паклаў багата расейскіх жаўнераў. Галоўнае ж, аднак, у тым, што на чале СФРЮ Ціта дыстанцыяваўся ад Крамля як мог. Ён сапраўды хацеў быць па-за блёкамі бінарнага на той час сьвету.

Цяперашняя ж беларуская ўлада, выглядае на тое, ня столькі эканамічна, колькі мэнтальна прыкаваная да Масквы, як да галеры. І, у прыватнасьці, ахвотна прапануе свае паслугі дзеля асымэтрычных адказаў нахабным янкі :)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?