У Валенсіі няма патрэбы ў чужой папсе

У Валенсіі няма патрэбы ў чужой папсе

Саланчак Салінас дэ Тарэўеха ператварыў рыбацкую вёску ў курорт.

Саланчак Салінас дэ Тарэўеха ператварыў рыбацкую вёску ў курорт.

Разынка курорта -- начныя кнігарні і ббліятэкі.

Разынка курорта -- начныя кнігарні і ббліятэкі.

У Валенсіі горача і суха, там п’юць шакалад і віно ды чакаюць, пакуль міне крызіс.
Там ёсць і свая іспанская Ялта — куротная зона горада Алікантэ, што расцягнулася на 150 км ад мяжы з Мурсіяй. Як і ў паўднёвы Крым, сюды цягнуцца амтары пляжнага адпачынку — пенсіянеры і бацькі з малымі дзецьмі.

Лічбы

Першае, у што ўтаропліваешся ў вялізарным, утрая большым за мінскі, аэрапорце Алікантэ — табло з указаннем геаграфічных каардынатаў: 0°29′00″ з. д. (G) (O). Гэта той самы нулявы мерыдыян, што і ў Грынвічы.

Пералёт сюды з Коўна каштуе 125 еўра ўлетку і каля 60 увосень. Ад Алікантэ да Тарэўехі, дзе мне давялося пабавіць адпачынак, — 45 км на аўто.

Тая Тарэўеха азначае «старая вежа». І насамрэч тут, на колісь бязлюдных пагорках, стаяць вежы, што служылі і крэпасцямі, і рыбацкімі маякамі. Вежа ўпрыгожвае і герб горада, у якім жыве блізу 100 000 чалавек. З іх толькі 46,4% — грамадзяне Іспаніі, а 53,6% — немцы, брытанцы, скандынавы, афрыканцы, расейцы, арабы, кітайцы…

Краявіды

Па дарозе ад аэрапорта Алікантэ ў Тарэўеху за акном бачыш толькі пустынную роўнядзь. На даляглядзе яна павольна ўздымаецца горным хрыбтом, адразу за якім — прамысловая правінцыя Мурсія. Над ёй стаяць у небе слупы дыму і пары з заводскіх комінаў.

Вусцішнае і велічнае відовішча. Тут разумееш, што гэтая краіна жыве не карыдаю ці фламенка, а магутнай прамысловасцю.

Іспанія — пятая эканоміка на кантыненце. І гэта бачна тым лепей, чым далей ад’язджаеш ад мора. Паўсюль заводы, фабрыкі, склады, гусцюшчае сеціва дарог і электрычных дратоў.

Напрыклад, наша курортная Тарэўеха — еўрапейскі экспарцёр солі №1. Прычым Салінас дэ Тарэўеха, тамтэйшыя саланчакі з азёрамі, — яшчэ і нацыянальны прыродны парк. Выгляд сюррэалістычны: чырвоная выпаленая зямля, блакітнае неба, кіслотна-бэзавыя, ліловыя воды азёраў, у якіх стаяць бела-ружовыя фламінга… І паветра — нібы ў печы — такое сухое і гарачае, што нават дыхаць спачатку страшна…

Літары

Што шчыра здзівіла ў курортнай іспанскай правінцыі — людзі там чытаюць. А пляжныя бібліятэкі працуюць да другой гадзіны ночы.
І часам пасярод ночы ўтвараюцца чэргі з чытэльнікаў рознага веку! У бібліятэках і кнігарнях — выдатны выбар іспанскай і каталанскай класікі, кнігі усіх нобелеўскіх лаўрэатаў, літаратура па філасофіі і гісторыі, культуралогіі і псіхалогіі. А ў газетных шапіках тут перыёдыкі болей, чым у сталіцы РБ. Нават тамтэйшыя немцы маюць уласную газету, таўсцейшую за «Советскую Белоруссию».

А наогул, там літараў вельмі шмат паўсюль, бо, адпаведна закону, тут усё дублюецца па-каталанску і па-іспанску — на квітках, на пачках масла, на цэтліках і мемарыяльных табліцах…

Словы

Хоць у горадзе і жывуць грамадзяне са 120 краінаў, валенсійцы не абцяжарваюць сябе вывучэннем чужых моваў. Нават арабы з кітайцамі тут гавораць толькі па-іспанску.

Калі не можаш, гандляры і абслуга без ценю ўсмешкі пачынаюць мацней жэстыкуляваць, паказваць цэтлікі або варыянты меню на іншых мовах…
Затое праз колькі дзён я, наталдыкаўшыся на слых, з асалодаю імітаваў веданне іспанска-каталанаска-валенсійскай гаворкі, дамаўляючыся з тубыльцамі на рынках, у транспарце і ў кавярнях. І яны мяне разумелі! І я рабіў выгляд, што разумею іх.

Гукі

Абыякавасць правінцыйных валенсійцаў да чужых моваў стала больш зразумелаю, калі я ўключыў тэлевізар. Пабачыўшы процьму іспанамоўных каналаў, зразумеў, што іх свет вялізарны, ад Мадрыда і Экватарыяльнай Гвінеі да Мексікі і Аргенціны.

Між іншым, там ёсць паралельныя кругласуткавыя тэлеканалы па-каталанску: для дзяцей, для падлеткаў, навінавы, краязнаўчы і г д.

Здзівіла і адсутнасць англамоўнай поп-музыкі на тэлеканалах, FM-станцыях, у кавярнях і ў дансінгах… Тут хапае ўсяго свайго. А па вечарах на залітых святлом набярэжных пад пальмамі пяюць-заліваюцца тутэйшыя Бартосікі і мар’ячыс з Мексікі і Эквадора ды богведама яшчэ адкуль.

Помнікі

Дзецям там — рай! Бо ў кожным квартале ёсць дзіцячыя пляцоўкі, непадобныя адна да адной. А мне там было сумнавата, бо люблю занурвацца ў атмасферу даўніны. У «Старой вежы» няма амаль нічога старога.

Апроч старых дзядоў і страсвецкай плошчы з галоўным касцёлам. Яшчэ ёсць даўні палацык тутэйшага муніцыпалітэта, старая аптэка ды шакаладня ХІХ ст., водар ад якой чуваць за кіламетр. І шыкоўнае казіно ў духу правінцыйнай эклетыкі. А вакол — горад памерам з Баранавічы, пальмы і мора.

Пляжы

У Тарэўесе пляжы адны з найлепшых у Еўропе, цягнуцца 20 кіламетраў. Пляжы абсталяваныя фантанчыкамі, душамі, прыбіральнямі. Бясплатнымі! У горадзе таксама ёсць аквапаркі, спартовы цэнтр з крытым басейнам, стадыёны, тэнісныя корты, палі для гольфа і рэгбі... Калі аб’язджаеш усе гэтыя спартовыя спаруды, мінаеш зіхоткі мармуровы пляц перад Муніцыпальным тэатрам разумееш: крызіс быў немінучы. Не думаць пра ўзаемасувязь празмерных вытрат і фінасавага крызісу сама лепей пад вадой. Але я болей люблю нырцаваць пад скаламі, цікуючы за разнастайнымі марскімі стварэннямі, якіх тут — безліч!

Ежа

Большасць мясцовых пенсіянераў харчуецца дома, смажачы на выдатным тамтэйшым аліўкавым алеі, што каштуе, як вада, свежую рыбу.
Затым адчыняюць усе шыбы і выходзяць падыхаць начным паветрам, усеўшыся на крэслах уздоўж ходнікаў. Пахі збіваюць з ног на кірмашы, што ладзіцца тут па пятніцах. Усе фарбы і смакі тамтэйшай зямліцы перад вамі! Суровыя валенсійцы, якія мне нагадалі дагестанцаў і чачэнцаў, не надта і гандлююцца. Тры дыні любога памеру — за еўра! Узяўшы кілю персікаў ці абрыкосаў за 50—70 цэнтаў, можна атрымаць бясплатны давесак. Дарэчы, і ў крамах там невераемны асартымент сыроў, кілбасаў, кумпякоў мала чым розніцца па цане ад рынку. Усё танней, чым на мілай Бацькаўшыне…

Суседзі

У натоўпе падчас вечаровага дэфіле па бульварах і набярэжных пачуеш і польскую, і літоўскую, і ўкраінскую мовы.
Дарэчы, украінскія грэка-каталікі маюць рэгулярныя багаслужбы ў мясцовай Катэдры. Суседзямі могуць апынуцца і зычлівыя калумбійцы, і куртуазныя французы, і ветлівыя арабы, і вясёлыя венесуэльцы. На пляжах дзеці з усіх канцоў свету змешваюцца ў вясёлую куламесу і лёгка знаходзяць агульную дзіцячую мову.

Сонца

Тая ж тэмпература, што і ў ліпеньскі сквар у Мінску, на ўзбярэжжы Валенсіі пераносіцца інакш. Перадусім праз прыстасаванасць раскладу дня, побыту і архітэктуры да празмернага сонца. У Тарэўесе багата пешаходных вуліцаў, каб можна было і ў цень схавацца, і нешта набыць, і глынуць паветра. Нават калі спецыяльна не загараеш на пляжы, блікі і рэфлексы ад усіх сценаў і вокнаў нададуць табе роўнае залацістае адценне.

А сонца тут — 360 дзён на год, болей чым дзе ў Еўропе.
Бо да Афрыкі адсюль бліжэй, чым да Мадрыда: проста праз мора. І так амаль увесь год, да Калядаў. А там ужо зіма: становіцца прахалодна і ветрана, як на Балтыцы ўлетку.

***

Тарэўеха

горад і муніцыпалітэт у Іспаніі, уваходзіць у правінцыю Алікантэ ў складзе аўтаномнай супольнасці Валенсія. Плошча 71,44 км. Насельніцтва 100 000 чалавек.

Адпачынак у Валенсіі сям’і з трох чалавек (двое дарослых і дзіця) абыйдзецца ў 2000 еўра. У гэтую лічбу ўваходзіць кошт дарогі, гатэля, харчавання, неабходных страховак і г.д.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?