Трывогу на паседжанні верхняй палаты нацыянальнага сходу забіла дырэктарка Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганна Шарэйка. Яна расказала, што дзяржбанкі спынілі выдачу крэдытаў на фінансаванне дзяржпраграм і павысілі маржу да стаўкі рэфінансавання (30%) да 12–15 працэнтавых пунктаў.

Як перадае карэспандэнт агенцтва «Інтэрфакс-Захад», з дадзеным пытаннем Ганна Шарэйка звярнулася да міністра фінансаў Беларусі Андрэя Харкаўца падчас абмеркавання праекта закона аб бюджэце на наступны год.

Спн.Шарэйка сцвярджае, што «гэта паўсюдна ў апошнія два дні — крэдыты не даюць ні «Белаграпрамбанк», ні «Беларусбанк», ні «Белінвестбанк».

З яе словаў, — а, трэба разумець, вуснамі спн.Шарэйкі прамаўляў дырэктарскі корпус — гэта пагражае стабільнай працы прадпрыемстваў, ім прыйдзецца згортваць актыўнасць.

Аднак міністр фінансаў быў цвёрды. Як паведамляе «Інтэрфакс»,

Харкавец заявіў: «Ні рубля дадаткова на падтрымку ліквіднасці банкаў урад не мае намеру ўносіць».
Ён патлумачыў, што ўрад за першыя 9 месяцаў года выдаткаваў 6,7 з 7 трыльёнаў грошай, прызначаных на падтрымку вытворцаў і больш выдзеліць проста не мае права, бо мае абавязкі перад Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС.
Міністр перакананы, што, у выпадку прадастаўлення дзяржбанкам звышпланавай бюджэтнай падтрымкі, «наступствы будуць шматкроць цяжэйшыя, чым некрэдытаванне аднаго-двух ці нават дзясятка прадпрыемстваў у пэўны перыяд часу».

Што гэта за наступствы, лёгка здагадацца: дадатковае напампоўванне эканомікі незабяспечанымі грашымі і паўтор дэвальвацыі мінулага года.

Ад сярэдзіны верасня 2012 г. дзяржаўныя банкі адчуваюць востры дэфіцыт ліквіднасці,
які прывёў да росту ставак на міжбанкаўскім рынку да ўзроўню больш за 50% гадавых, і да аднаўлення рэсурснай падтрымкі дзяржбанкаў з боку Нацбанка. Інакш у краіне проста ўзнік бы крызіс неплацяжоў.

Дырэктарат хоча новых грошай, бо інакш немагчыма фінансаваць бягучую актыўнасць прадпрыемстваў. Якое выйсце знойдуць дзяржаўныя органы, стане ясна ў бліжэйшыя тыдні. Аднак ужо сёння можна з пэўнасцю канстатаваць, што ў фінансавай сістэме з'явіліся трывожныя напружанні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?